Неделя байнета Конференция по интернет-маркетингу Хочу посетить 4 - 7 Апреля
26.03.2015

Інтэрв’ю з Сяргеем Співаком

Сяргей Співак, расійскі гуру ў галіне інтэрнэт-маркетынгу, не толькі выступіць са сваім дакладам на канферэнцыі Тыдзень Байнэта. Вытокі, але і правядзе майстар-клас «Пасадачныя старонкі – хутка, танна, эфектыўна».

Напярэдадні канферэнцыі мы ўзялі інтэрв’ю ў Сяргея, аднаго з упадабаных спікераў канферэнцыі «Тыдзень Байнэта».

 
Сяргей, вас называюць не інакш як «гуру інтэрнэт-маркетынгу». Вас цешыць такі тытул?

Безумоўна, калі нехта пачынае зваць цябе «гуру», - гэта прыемна. Гэта знак таго, што твае рэкамендацыі дапамаглі.
 
На сваім майстар-класе на «Тыдні Байнэта» вы будзеце казаць пра пасадачныя старонкі. Як вы лічыце, хто ў сярэднестатыстычнай кампаніі павінен займацца іх распрацоўкай – маркетолаг, IT-спецыяліст, кіраўнік альбо нейкі пабочны выканаўца? Ці рэальна супрацоўнікам фірмы падрыхтаваць якасныя пасадачныя старонкі самастойна, без звароту ў інтэрнэт-маркетынгавую кампанію?

Пасадачная старонка – гэта вынік вашага маркетынгу, які выяўлены ў камерцыйнай прапанове для мэтавай аўдыторыі і аформлены ў выглядзе web-старонкі.
Каб старонка канвертавала наведвальнікаў у кліентаў, над ёй павінны працаваць некалькі чалавек.
Вось прыклад такой працы:

Маркетолаг ацэньвае канкурэнтаў і іх прапановы. Параўновае кошт і ўмовы працы. Апытвае пакупнікоў і выяўляе патрэбы, якія сапраўды ўплываюць на прыняцце рашэння. Сегментуе сваіх пакупнікоў на розныя мэтавыя аўдыторыі і выяўляе патрэбы, каб з кожнай аўдыторыяй размаўляць на мове яе каштоўнасцяў. На аснове гэтага сумесна з кіраўніком рыхтуе прапановы для розных мэтывых аўдыторый.

Кіраўнік удзельнічае ў стварэнні прапаноў для кліентаў, якія сапраўды вылучаць кампанію сярод канкурэнтаў. Разам з маркетолагам яны зацвярджаюць, па якім «ланцужку продажаў» яны будуць весці кліента. Як будуць яго пераконваць і якія тавары і паслугі дапрадаваць у працэсе здзелкі. Маркетолаг, рэкламіст, дызайнер, інтэрнэт-спецыяліст збіраюцца разам і вырашаюць, якія аргументы і ў якой паслядоўнасці яны размесцяць на старонцы. Якія будуць загалоўкі і якую графіку яны падрыхтуюць.

Капірайтэр з маркетолагам пішуць неабходныя тэксты і з дызайнерам фарміруюць знешні выгляд старонкі.
Інтэрнэт-спецыяліст усё гэта размяшчае ў Сеціве. На атрыманую старонку прыводзяцца наведвальнікі. Інтэрнэт-спецыяліст аналізуе іх паводзіны і канверсію старонкі. Робіць высновы і выпраўляе выяўленыя памылкі разам з маркетолагам, дызайнерам і капірайтэрам.

Запускаецца рэкламная кампанія, яе вынікі аналізуюцца, у выніку чаго ўносяць карэктывы ў рэкламу і, калі неабходна, ў пасадачную старонку. На падмурку атрыманых даных рыхтуюць старонкі для іншых мэтавых аўдыторый.

Гэта падрабязнае апісанне, у якім удзельнічае шмат людзей. Калі ў вас невялікі бізнес, то вы проста аб’ядноўваеце некалькі кампетэнцый у сабе, а на капірайтынг, дызайн і праграмаванне наймаеце web-студыю альбо фрылансераў.

Старонку можа спакойна зрабіць і адзін кіраўнік, узяўшы на сябе пытанні маркетынгу і асноўных тэзісаў. Намаляваць і размясціць гэта можна разам з інтэрнэт-спецыялістам, скарыстаўшыся як асновай гатовымі шаблонамі альбо web-сэрвісамі. Дарэчы, на майстар-класе я іх паказваю і нават аддаю ўдзельнікам бясплатна.
 
Давайце ўявім сітуацыю: заказчык прыходзіць у вэб-студыю і просіць зрабіць яму прадаючы сайт. Як зрабіць так, каб распрацоўшчыкі стварылі менавіта тое, што ён просіць? На што неабходна акцэнтаваць іх увагу?

Для атрымання на выхадзе сайта, які рэальна працуе, трэба, як я кажу,  «прапрацаваць маркетынг». Web-студыя, часцей за ўсё, выконвае ролю выканаўцы. Яны могуць маляваць, вярстаць, праграмаваць, але я сумняваюся, што яны прыдумаюць за вас, як пераканаць кліента купіць у вас. Просты прыклад: калі гаворка ідзе пра галоўную старонку, то web-студыя будзе абмяркоўваць памер галоўнага прома-блока і як ён будзе «гартацца», але наўрад ці яны будуць думаць, што на ім будзе напісана. А з пункту гледжання бізнесу важней не форма, а змест. У гэтым асноўная памылка кіраўнікоў: заказваючы сайт, яны чакаюць «бізнес пад ключ», які будзе працаваць у прыбытак, а web-студыя – гэта проста дызайнеры, праграмісты, вярстальшчыкі. Яны гатовы намаляваць і запраграмаваць, але не павінны будаваць гатовыя бізнесы з выбудаваным маркетынгам. Таму зараз такая вялікая колькасць зробленых сайтаў, якія не прадаюць, а проста вісяць у Сеціве як каталог кампаніі.
Таму мая рэкамендацыя: вы павінны вызначыцца, як будзеце прадаваць і чаму кліент будзе ў вас пакупаць. Пасля таго, як вы сфармулюеце гэта для сябе і аформіце ў выглядзе невялікага прататыпа без дызайну, можаце ісці ў
web-студыю і абмяркоўваць, як гэта рэалізаваць – у выглядзе сайта альбо пасадачнай старонкі.
 
У дадзены перыяд вы асабіста працуеце над якімі-небудзь кліенцкімі праектамі? Альбо ж вы асабліва сканцэнтраваліся на асветніцкай дзейнасці?

Асветніцкая дзейнасць – гэта хутчэй хобі. Проста, калі ведаў і прыёмаў працы назапашваецца шмат, то імі хочацца падзяліцца. Акрамя таго, гэта добры спосаб сістэматызаваць асабістыя веды і трымаць сябе ў тонусе, вывучаючы заходнія навінкі.
Што датычыцца праектаў, то вядома, я ў іх удзельнічаю. Я шмат кансультую і непазбежна раблюся ўдзельнікам самых разнастайных праектаў. Напрыклад, зараз я працую над сайтам з вельмі вялікім і складаным каталогам (больш за 30 тысяч пазіцый на складзе + яшчэ пад заказ). Бізнес кліента звязаны з электраабсталяваннем, і я хачу рэалізаваць самы зручны каталог у Расіі ў гэтым сегменце рынку. Іншы праект – гэта вузкі b2b-сегмент у галіне паліграфіі, дзе мы рэалізуем сістэму прыцягнення новых кліентаў праз web, нягледзячы на агульнае падзенне рынку. Звычайна адначасова ў мяне ідзе 6-8 праектаў.
 
Чым вы захапляецеся, акрамя інтэрнэт-маркетынгу? У вас ёсць якія-небудзь незвычайныя хобі?

Я люблю падарожнічаць. Некалькі гадоў таму я канчаткова з турыста ператварыўся ў падарожніка. Ужо гадоў 8 я не быў кліентам турагенцтваў, я люблю самастойна ўсё планаваць і пакупаць. У прошлым годзе, напрыклад, я прыляцеў у іспанскі горад Леон і пешшу па сцяжынках за два з паловай тыдні дайшоў да Атлантычнага акіяна (гэта каля 300 км). Дзіўнае падарожжа праз горы, палі і мноства старадаўніх іспанскіх гарадоў. Ну і вядома, незабыўныя ўражанні, калі ў канцы гэтага доўгага шляху выходзіш да Атлантыкі.
 
Вам падабаецца прыязджаць у Мінск? Як ацэньваеце ўзровень канферэнцый, якія праводзяцца Групай кампаній Webcom Media®?
 
Паездкі ў Мінск мае любімыя. Мне вельмі падабаюцца горад і людзі. Прыемная і камфортная атмасфера, дзіўная чысціня. Мой тата жыў у Гродна, у мяне там шмат сваякоў, так што Беларусь для меня родная краіна. З пункту гледжання канферэнцыі я з задавальненнем слухаю дакладчыкаў.

x