Неделя байнета Конференция по интернет-маркетингу Хочу посетить 4 - 7 Апреля
03.03.2014

Андрэй Травін: «Байнэт такі маленькі, што не можа сабе дазволіць быць флегматычным!»

Андрэй Травін (Openstat) распавёў, як быў звольнены першым інтэрнэт-мільярдэрам і чаму варта наведаць усе 4 дні «Тыдня Байнэта».

– Чыталі вашы вершы. Хто ваш улюбёны паэт? Што вас зараз натхняе?

Мае ўлюбёныя паэты прыйшліся на пачатковыя літары алфавіта: Броцкі, Брэхт, Брасанс, Высоцкі, Гарсія Лорка, Гумілёў, Еўтушэнка. Ёсць і яшчэ паэты, паважаныя мною, але не чытаемыя: Лермантаў, Левітанскі, Саша Чорны, Слуцкі, Саладоўнікаў. У новым стагоддзі ўзышла зорка Андрэя Радзіонава, але і не больш за гэта. Застаецца або чакаць, што дазрэе Верачка Палазкова, або наогул махнуць рукой на сучасную паэзію.

Яшчэ студэнтам я выконваў песню на вершы Максіма Танка «Готыка св. Ганны», але да нядаўняга часу беларускай паэзіі для мяне не існавала. У апошнія ж дні 2010 года я апынуўся на канцэрце пратэсту супраць арышту Уладзіміра Някляева. Тады ж ніхто не разумеў, што так было трэба. Гэта толькі з сённяшняга дня стала зразумелым. А тады проста розныя вядомыя людзі ў Маскве ўскалыхнуліся: «У Мінску паэтаў б’юць!». Памятаю, перада мною ў зале сядзеў акцёр Аляксандр Філіпенка, які зрабіў мне заўвагу за фатаграфаванне. Аднак Някляева я і як аўтара вершаў паглядзеў. Усё ж не варта было падаваць яго на «Нобелеўку»… А спадабаўся мне з беларускіх паэтаў «утульны» Адам Глобус – я ўжо апублікаваў у блогах восем сваіх перакладаў. Ну і «Грай» Ляпіса Трубяцкога – таксама паэзія сапраўдная.

Дзякуючы Інтэрнэту пара маіх зімовых вершаў («Когда лапы ложатся так мягко на снег» и «Когда меня холодный страх») сталі амаль народнымі – у іх больш за трыста перадруковак на дваіх, звычайна без аўтарства. Але яны абодва былі напісаны 22 (!) гады таму. У канцы 90-х натхніла эйфарыя пачатковага асваення Інтэрнэта, у нулявыя – «Жывы часопіс» і людзі з яго. У сваёй самай легкадумнай песеньцы, якая ў 2006 годзе была запісана «як ёсць» на кватэры Зміцера Завалішына (travin.msk.ru), ёсць словы: «И когда все наши мысли поглотятся небом, когда станут наши сайты прошлогодним вебом, станет зрелищем всё то, что нам казалось хлебом, я не скажу, что не был...». У той час пачаў запісваць чарнавікі для альбома «Жывы часопіс» » (blogs.privet.ru), пасля кінуў запісваць, пасля кінуў пісаць песні, весці дзённік і, нарэшце, наогул думаць пра гэта. Так што ўсё яно і засталося там, дзе мінулагодні вэб і мінулагодні снег.

А «Дух жыве, дзе хоча» і, здаецца, што зараз ён жыве ў іспанскай песні. Карацей, зараз займаюся выключна перакладамі песень з раманскіх моў, вось пара прыкладаў: з Сезарыі Эвара (7iskusstv.com) і Хаакіна Сабіны (translatesong.livejournal.com).

– Чыталі ваша эсэ пра Гая Кавасакі, «евангеліста» Аpple. Вам імпануе яго падыход?

У сярэдзіне дзевяностых Аркадзь Марэйніс прывёз у Маскву кніжку Кавасакі «The Macintosh Way», якую я ў іх ў офісе з цікавасцю прагартаў (у Сетцы яе няма, і ніколі не было, не лічачы «Амазона»). Амаль адразу стаў прымяняць на практыцы – стаў галоўным у Рунэце «евангелістам» руху інтэрнэт-кавярні. І эсэ пра Кавасакі ў мяне ў розныя гады было цэлых тры штукі. Яго прынцып «легендавання», патрэбнасці асабістага і карпаратыўнага міфа – вельмі мне імпануюць, нібы свая кашуля. А вось з саміх міфаў, якія дайшлі да нас з 80-х, мне падыходзіць не «яблычны» міф (ніякай іх прадукцыяй я не карыстаюся), а прыдуманы Траўтам і Левінсанам міфічны «партызанскі макетынг».

– Якіх прынцыпаў прытрымліваецеся ў працы? Што, па-вашаму, залог поспеху праекта?

- Каб шмат не казаць, назаву толькі прынцып універсалізму. У маркетынгу паспрабаваў, здаецца, усё, у храналагічным парадку: капірайтынг, SMM, маркетынгавыя войны, прэс-рэлізінг, «евангелізм», медыйную рэкламу, карпаратыўны блогінг, маркетынгавыя даследаванні, аптымізацыю сайтаў, SMS-маркетынг, прома-флэш-гульні, онлайн-конкурсы, кантэксную рэкламу, палітыку, юзабіліці, канкурэнтны аналіз, інфаграфіку. Мне гэта аукнулася не адзін раз. Працадаўца ж звычайна хоча, каб «каждый сверчок знал свой шесток». А ізраільскі бізнесмен Джозеф Аўчук, які больш за іншых ($25 млн.) падняўся ў Рунэце на першым інтэрнэт-пухіры, мяне проста выгнаў (з Апорта) за ўніверсалізм, аддаўшы перавагу чатыром вузкапрофільным спецыялістам. А ад Цімафея Бакарава з Promo.ru я і сам сышоў, бяззлосна матываваўшы метафарай «Чалавек – шматструнны ансамбль, праца звычайна грае на ім у межах адной актавы, але я не хачу, каб на мне гадамі гралі на адной клавішы».

Аднак я яшчэ зусім не ўмею рабіць пасеў, і наогул вірусны, партызанскі і сарафанны маркетынгі. Таму на гэтыя тэмы я з ахвотай чытаю даклады. Але не як хрэстаматыйны дурань, які не любіць вучыцца, а любіць вучыць. А проста спрабую такім чынам падысці бліжэй да рамяства, «зачапіцца» за гэтыя інструменты.

А пранцып для інтэрнэт-праекта… давайце таксама адзін.

Глядзіце: у капірайтынгу існуе правіла – калі ў цябе ёсць думка, скажы яе і не паказвай, што ў цябе іх сотня, таму што калі даць сто розных указанняў, я не зразумею, куды ісці. У газетах формула «адзін тэкст – адна думка» патрабуецца самім фарматам. Я лічу, што і ў стартапах яна патрэбна, але толькі тут: «адзін новы сайт – адна новая функцыя». Усё астатняе – толькі ў выпадку поспеху, істотна пазней.

– Як вы ацэньваеце існуючыя трэнды? Што цікавага здарылася за год?

З гэтага года чакаецца вось такая мода:

Малыя дадаткі (напрыклад, з нядаўняга – асобны чат у Facebook).
Мабільныя сістэмы абмену імгненнымі паведамленнямі (у тым ліку і азіяцкіх вытворцаў).
Інтэрнэт-сервісы, тэрытарыяльна набліжаныя да кліента (зайсці ў краму побач з домам і забраць тавар, замоўлены праз інтэрнэт).
Шыфраванне, дэцэнтралізацыя і Off-the-Record Messaging.
Hadoop.
Маштабнае выкарыстанне DPI-логаў і абарона ад такога выкарыстання.
Аўтаматычная расшыфроўка аўтаматычнага прагноза (напрыклад: не проста фактар рызыкі невяртання доўгу, а расшыфроўка прычын, чаму такая ацэнка).
Адкладзены прагляд відэа.
Наогул тэхналогіі, якія падпарадкуюцца законам шоу-бізнесу, або вытворчасць інтэрнэт-сервісаў у стылі Галівуда (укіданне пачатковага прадукту; пасля, калі спадабалася спажыўцам, то прасоўванне; і неабходнасць у патрэбны час спыніцца ў выпадку рэгулярных працягаў).
30 год машыннага навучання скончылія тым, што яно стане трэндам з гэтага года (напрыклад, сістэма кіравання інтэрнэт-крамай сама вызначае, сыходзячы з гісторыі адносінаў, якую зніжку прапанаваць канкрэтнаму кліенту, каб прымусіць яго набыць ужо зараз).
І яшчэ: калі запрасіць ў Google Trends выраз «big data», то атрымаецца, што ён ужо з 2011 года – істотны трэнд. А дзе ўсё гэта? У маім дакладзе будзе. Але наогул «вялікіх даных» паўсюль у нас яшчэ мала.

– Чаго чакаеце ад «Тыдня Байнэта», і, на вашу думку, які ідэальны фармат канферэнцыі?

Мы ў Openstat штомесяц даследуем 4.25 млн. даменаў Рунэта, Байнэта і Уанэта. З іх толькі 90 тыс. – беларускія. Гэта больш або менш адпавядае суадносінам колькасці насельніцтва «трох сясцёр». Але калі ў абсалютным выражэнні Байнэт такі маленькі, ён не можа дазволіць сабе быць флегматычным!

Я аднойчы працаваў у беларускім, або дакладней з беларускімі каранямі, ІТ-бізнесе – у кампаніі ASBIS (уладальнік – Сяргей Касцевіч). Гэта адзін з найбуйнейшых дыстрыб’ютараў камп’ютарных кампанентаў і вытворца камп’ютарнай тэхнікі пад уласнымі брэндамі Prestigio і Canyone. Кампанія валодае офісамі больш як у 25 краінах (але не ў Англіі ці ЗША).

У 2003 – 2004 гадах я займаўся сайтамі Prestigio.ru і Prestigio.com. І хаця тады гэта быў сайт пра ВК-маніторы і ноўтбукі, а зараз пра флэшкі і планшэтнікі, усё адно пераемнасць відавочная, яго можна паказваць у партфоліа.

Але наогул пра беларускіх ІТ-персонаў амаль нічога не чуваць – нават у жанры «ўцечкі мазгоў». Таму чакаю, што хаця б гэта вясновая канферэнцыя будзе адпавядаць мне па тэмпераменце.

Наколькі можна зразумець па спісе дакладчыкаў, стаўка зроблена не на аратараў, не на трэнераў, а на высокакласных спецыялістаў. Прычым з Рунэта. Пры гэтым поўнасцю адсутнічаюць ігракі RTB-рынку – верагодна, для Байнэта гэта «overqualification».

Я прыязджаю на ўсе 4 дні: напэўна, будзе цікава, асабліва ў SEO-дзень.
x