Неделя байнета Конференция по интернет-маркетингу Хочу посетить 4 - 7 Апреля
23.01.2014

QR-код як дзейсны інструмент маркетынгу. Гутарка з Юрыем Цвірко

Пра доўгія, як жыццё, спасылкі, пра тое, як гэтыя спасылкі сябруюць з QR-кодам і пра тое, як QR-код дапамагае вашаму кліенту пасябраваць са, здавалася б, бясконцымі шляхамі да патрэбных старонак, распавядзе Юрый Цвірко.

Маркетынг – неад’емная частка сучаснага бізнесу. А сучаснасць – ну проста немагчыма без інавацыйнага свежага погляду на знаёмыя рэчы.
QR-кодамі і 3D-панарамамі ўжо нікога не здзівіш. Але ўсю праўду пра тое, як выкарыстоўваць гэтыя дзве тэхналогіі ў якасці дзейснага маркетынгавага інструмента, ведае Юрый Цвірко – дырэктар СДА «Мабіл Аўта Хэлп Кампані», спікер канферэнцыі САМІТ ДЫРЭКТАРАЎ, якая адбудзецца 24 студзеня ў Мінску.

Юрый, распавядзіце, з якой краіны Беларусі варта браць прыклад ў галіне выкарыстання сучасных тэхналогій на рынку рэкламы?
А ці варта наогул браць прыклад? З аднаго боку, мы не мусім вынаходзіць веласіпед, калі ён ужо вынайдзены, з іншага боку, маркетынг – гэта шлях інавацый і нестандартных вырашэнняў, таму варта быць адкрытым да ўсяго новага і стала вывучаць сучасныя трэнды, аналізаваць іх эфектыўнасць і лепшае ўкараняць ў сябе.

Класічны шлях капіравання паспяховых вырашэнняў у іншых краін без адаптацыі да нашай рэчаіснасці – малаэфектыўны. У кожнай краіне ёсць нешта сваё. Заўсёды мусіць быць прывязка да менталітэту. Калі мы возьмем Еўропу, то там, скажам так, ўсё больш сістэмна, свядома, чым на Беларусі. Таму далёка не ўсё будзе актуальна ў нашай краіне.

Як Вы лічыце, ці могуць сучасныя тэхналогіі выціснуць поўнасцю традыцыйныя формы рэкламы?
Сучасныя тэхналогіі дапаўняюць традыцыйныя формы рэкламы, уносяць у іх свае карэктывы і адкрываюць новыя інфармацыйныя каналы. З развіццём сучасных тэхналогій змяняюцца і адносіны спажыўцоў да ўжо звыклых форм рэкламы. Поспех будзе залежаць ад таго, наколькі гэтыя формы будуць адпавядаць сучаснаму ўспрыманню і чаканням.

У сваім дакладзе Вы закранеце тэму QR-кодаў. Існуе меркаванне, што QR-індустрыя ўжо згасае, так і не паспеўшы разгарэцца на поўную моц. Як Вам падаецца, ці сапраўды гэтая тэхналогія сталася не такой зручнай, як падавалася спачатку, і яе хутка напаткае лёс пэйджараў?
Пэйджар выціснуў больш сучасны і зручны спосаб камунікацый. Вам жа зараз падалося б смешным, калі б мы пачалі абменьвацца СМС са стацыянарнага тэлефона на мабільны праз аператара.

Што датычыцца QR-індустрыі, то, на мой погляд, гэта тэхналогія менавіта зараз, у перыяд росту рынка мабільных дэвайсаў і дадаткаў да іх, робіцца больш запатрабаванай.

Важным фактарам, які заклікае нас звярнуць увагу на QR-код, з’яўляецца магчымасць простага і лёгкага доступу да розных старонак сайтаў. Напрыклад, уявіце, што вам патрэбна набіраць у радку браўзера адрас, даўжынёй больш за 30-50 сімвалаў. А калі гэта яшчэ і на мабільным тэлефоне? Чалавека лёгка накіраваць на ваш рэсурс, але як яго накіраваць менавіта ў патрэбны раздзел, дзе знаходзіцца карысная інфармацыя, калі спасылка знаходзіцца на друкаваным носьбіце? Як яшчэ можна аб’яднаць інфармацыю на друкаваных носьбітах і ў інтэрнэце і стымуляваць яе прагляд, сабраць статыстыку?

QR-код сапраўды распачаў паступова гінуць хутка пасля тако, як быў створаны. Але гэта было ў 1994 годзе ў Японіі. Адбылося гэта па той прычыне, што сродкі сувязі таго часу валодалі абмежаваным функцыяналам. Быў камп’ютар. Але што патрэбна, каб камп’ютар мог прачытаць QR-код? Спецыяльны сканер. Здораўская «фішка», вядома, але, стоячы на прыпынку, я код не прачытаю, - таму што няма чым, а ў інтэрнэце код не патрэбны – яго з поспехам заменіць гіперспасылка – яна больш ёмістая, абсалютна зразумелая, схаваная ў тэксце або малюнку і з лёгкасцю пераводзіць у патрэбны раздзел, нават калі шлях падаецца бясконца доўгім.

Зараз распачынаецца новае жыццё QR-кодаў. Дарэчы, далёка не ўсе кампаніі выкарыстоўваюць увесь патэнцыял гэтай тэхналогіі. Класічны варыянт – пераход на галоўную старонку сайта. Але часцей за ўсё нам патрэбны пераход не на галоўную старонку, а на старонку з акцыяй, напрыклад, або з якой-небудзь добрай прапановай. Інакш даводзіцца ламаць галаву, як «прымусіць» кліента дабрацца да патрэбнага месца: рабіць банеры, кнопкі, карыстацца рознымі хітрыкамі.

Яшчэ адзін велізарны «плюс» таго, што людзі заходзяць на ваш рэсурс з мабільных дэвайсаў, у тым, што адразу са старонкі, яны могуць набраць нумар і патэлефанаваць вам, калі прапанова іх сапраўды зацікавіла.



Якія тэхнічныя і маркетынгавыя новаўвядзенні чакаюць нас у індустрыі QR-кодаў?

- Тэндэнцыя, якая хутка прыйдзе на змену традыцыйнай форме QR-кодаў – гэта дынамічны QR-код. Гэта калі код застаецца адным і тым жа, а інфармацыя за ім мяняецца. Напрыклад, мы працуем над піар-карманіяй баскетбольнага матчу: спачатку за кодам прыхаваны расклад гульняў, а заўтра за ім можа быць фотасправаздача з гульні, а паслязаўтра там ужо будзе галасаванне за лепшага ўдзельніка.

Цікавы варыянт выкарыстання QR-кода – яго размяшчэнне на візітоўцы. За ім у гэтым выпадку можа быць прыхавана падрабязная інфармацыя пра чалавека з яго фотаздымкам, партфоліа, прайс-лісты арганізацыі, якую ён прэзентуе.

Калі мы ўжо загаварылі пра сучасныя тэндэнцыі. Зараз шмат якія кампаніі адмаўляюцца ад прыгожых шматузроўневых рэсурсаў на карысць простых, амаль аднастаронкавых сайтаў, якімі зручна карыстацца з мабільных дэвайсаў. Як Вы ставіцеся да гэтай з’явы?
Нехта робіць адаптаваныя сайты, нехта выкарыстоўвае дзве самастойныя версіі: і звычайную, і мабільную, атрымліваючы на практыцы два розныя рэсурсы. Тут істотна прадумаць, што і дзе будзе на сайце размяшчацца, каналы яго прасоўвання, партрэт і асаблівасці кліента, задачы, якія мусіць рашаць сайт. Сёння наяўнасць сайта ў інтэрнэце – гэта ўжо неад’емная частка большасці кампаній. А вось адказ на пытанні «Навошта кліент будзе наведваць ваш сайт? » і «Як сайт будзе працаваць і дапамагаць пры гэтым вашаму бізнесу?» пакуль што разумеюць далёка не ўсе. З адказаў на гэтыя і іншыя пытанні фарміруецца структура і знешні выгляд сайта.

На канферэнцыі САМІТ ДЫРЭКТАРАЎ Вы раскажаце пра выкарыстанне 3D-панарам у рэкламе. У якіх выпадках карысна звяртацца да гэтай тэхналогіі?
Мы прапануем новы погляд на 3D-панарамы – гэта інструмент у рэкламе, у прамых продажах, гэта інструмент на кожны дзень ва ўсіх галінах бізнесу (самапрэзентацыя, прамыя продажы, візітоўкі і друкаваная прадукцыя, інструмент для менеджара, візуальныя эмоцыі для кліента і шмат іншага).

Дарэчы, згаданыя вышэй QR-коды ўзаемадзейнічаюць з гэтай тэхналогіяй. Калі мы, напрыклад, зробім код-спасылку на прыгожую 3D-панараму, гэта будзе дастаткова эфектна. Галоўнае, каб панарама была зроблена прафесійна.

3D-панарамы ў маркетынгу не навінка, але мы прапануем новы погляд на тэхналогіі іх выкарыстання, значна пашыраючы стандартнае ўяўленне. Паспяховы маркетынг – гэта і ёсць нестандартныя погляды, гэта крыху больш за тое, да чаго мы прызвычаіліся. Як казаў Генры Форд: «Калі б я запытваўся, чаго хочуць людзі, яны да гэтага часу ездзілі б на павозках».

Ці дарагая гэта тэхналогія?
50, 100 або 200 даляраў за панараму – гэта шмат ці не? Калі казаць пра класічнае выкананне і выкарыстанне, то базавы кошт панарамы – ад 50 даляраў. Цана шмат у чым залежыць ад аб’ёму апрацоўкі – рэтушы, эфектаў, інтэрактыўных кнопак, дадатковых патрабаванняў. Але калі ў выніку ў вас атрымаўся рабочы інструмент, якім вы, вашы супрацоўнікі і кліенты могуць карыстацца штодзень, то выдаткаваныя грошы вярнуцца да вас вельмі хутка. Гэта і ёсць інвестыцыі ў вашу справу – эфектыўныя і адносна недарагія.

Як шмат кампаній на Беларусі спецыялізуецца на стварэнні 3D-панарам? Наколькі вялікія перспектывы адкрываюцца перад гэтымі кампаніямі ў самым блізкім будучым?
Такія кампаніі ёсць. Як правіла, гэта невялікія кампаніі або індывідуальныя прадпрымальнікі-фатографы. У большасці сваёй яны займаюць сваю нішу і прапануюць стандартны для рынку прадукт. Тым больш, абсталяванне робіцца ўсё больш даступным і шмат якія працэсы аўтаматызуюцца. Мы ж, у сваю чаргу, кажам пра маркетынгавыя вырашэнні на базе 3D-панарам і сучасных тэхналогій.

Перспектывы адкрываюцца істотныя. Маркетынг – гэта рынак эмоцый. Узяць хаця б «хіп-хоп-маркетынг» – новую канцэпцыю конкурсу БРЭНД ГОДА – яна таксама пабудавана на эмоцыях. Тое ж самае і з вырашэннямі на базе 3D-панарам, QR-кодаў і іншых сучасных тэхналогій.

Дарэчы, пра БРЭНД ГОДА. Чаго Вы чакаеце ад канферэнцыі САМІТ ДЫРЭКТАРАЎ, якая пройдзе ў рамках фінальных падзей гэтага конкурсу?
Чакаю новых поглядаў, нестандартных вырашэнняў, цікавых дакладаў, актыўнай аўдыторыі!


Нагадаем, вы можаце паслухаць Юрыя Цвірко, а таксама пагутарыць і падыскутаваць з ім на канферэнцыі САМІТ ДЫРЭКТАРАЎ 2014 , якая адбудзецца 24 студзеня у «Прэзідэнт-Атэлі». Падрабязнасці пра канферэнцыю - па спасылцы.
x