16.10.2013

Як прайшла мінская Міжнародная канферэнцыя «Деловой интернет – 2013»

У Мінску 10-11 кастрычніка адбылася восьмая міжнародная галіновая канферэнцыя «Деловой интернет». У праграме было 85 спікераў, шэсць дзясяткаў дакладаў, 7 майстар-класаў, некалькі «круглых сталоў».

Тэматыка секцый пакрывала калі не ўвесь, то амаль увесь спектр IT-бізнесу: кіраванне бізнесам і праектамі, стартапы, аналітыка, рэклама, e-Marketing, e-Commerce, «воблачныя» тэхналогіі, SaaS, Usability, бяспека, BIG DATA, GameDev, Mobile, СМІ, e-Learning і e-Government.

Падчас адкрыцця наведвальнікі канферэнцыі паглядзелі 3D-фільм, у якім наглядна адлюстраваны тэндэнцыі ў Байнэце і беларускім IT-бізнесе. Удзел у здымках прынялі Юрый Зісер, заснавальнік партала TUT.BY, Алег Хусаенаў, генеральны дырэктар кіраўнічай кампаніі «Зубр Капитал», Ігар Сукач, генеральны дырэктар «Атлант Телеком», Антон Панкоў, прадзюсар гульні World of Tanks, Юрый Гурскі, заснавальнік sport.com. Поўную версію фільма ў 2D можна паглядзець тут. Яркім элементам адкрыцця таксама стала выступленне электроннай групы WIND.



Пасля ўступнага слова Юрыя Зісера адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Прэміі Байнэта, якая праходзіць у рамках мерапрыемства другі год запар, а затым свой даклад «Байнет-2013: тыя самыя людзі, болей грошай» прадставіў дырэктар ААТ «ТУТ БАЙ МЕДИА» Аляксандр Чэкан. З самымі цікавымі лічбамі і інфаграфікай можна азнаёміцца тут.

Далей удзельнікі канферэнцыі маглі выбраць любую секцыю ў трох паралельных патоках. На адной з іх наведвальнікі гутарылі з важнымі персонамі (на здымку злева направа): Дзмітрый Шаломка (Google Украiна), Аляксандр Чэкан і Юрый Зісер (TUT.BY), Сяргей Пятрэнка (Яндэкс.Украiна) і Андрэй Грыневіч (OZ.by i Ay.by).



Пра вынікі канферэнцыі расказаў Юрый Зісер:

«За 7 гадоў канферэнцыя вырасла ў разы па ўсіх параметрах: узроўнi, колькасці дакладчыкаў і ўдзельнікаў, секцый і г.д. І, зразумела, таксама і па кошце», – адзначыў ён. – «Правалаў не бачу – мы заўсёды намагаемся арганізаваць бездакорна, каб нам самім падабалася. Мяне зацікавіла першае ў гісторыі публічнае выступленне прадстаўніка Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг пра канцэпцыю і ход распрацоўкі электроннага ўрада ў Беларусі. Будзем спадзявацца, што распрацоўшчыкі пачуюць заўвагі слухачоў секцыі e-Government па праблемах лічбавай няроўнасці і аўтарскага права. Зрэшты, цікавых дакладаў і цікавых дакладчыкаў было шмат: 43% замежных спікераў – не жарт».
x