19.10.2011

Аўтары бізнес-праектаў Віцебска выступяць перад экспертамі і інвестарамі сталіцы

Што патрэбна для стварэння ўласнага бізнесу? Грошы, каманда, кампетэнцыі, але перадусім – ідэя! З ідэі пачынаецца любы праект, яна натхняе і акрыляе…

Але вось ёсць ідэя, есць уяўленне пра тое, як усё павінна працаваць і развівацца. Што рабіць далей? З якога боку падступіцца да яе ажыццяўлення?

Вось ужо 2 гады праводзіцца мерапрыемства, якое дапамагае людзям ператварыць ідэю ў рэальна дзейсныя праекты. Гэта Мінскі СтартапУікенд.

Раз на некалькі месяцаў эксперты, вопытныя прадпрымальнікі і інвестары збіраюцца разам, каб дапамагчы стартаперам (г.зн. аўтарам праектаў і ідэй) распрацаваць і ацаніць бізнес-ідэі, праекты і навуковыя распрацоўкі, даць неабходныя парады і нават праінвеставаць.

4 лістапада яны прыедуць у Віцебск! Цяпер і віцебчукі змогуць заявіць пра сябе, прапанаваць і развіць свае ідэі і праекты.

На базе СтартапУікендаў рэалізуецца новае мерапрыемства – ІнвестУікенд, які будзе праходзіць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, для падтрымкі прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў. Партнёрам і суарганізатарам мерапрыемства выступае Віцебскі бізнес-цэнтр.

Вецябляне першымі атрымалі шанец праявіць сябе і паўдзельнічаць ў гэтым справавым мерапрыемстве, якое адбудзецца ў канцэртнай зале «Віцебск» па адрасе: вул. Фрунзэ, 1.

Удзельнікі Віцебскага ІнвестУікенда не толькі змогуць пракансультавацца з экспертамі і распрацаваць праекты, але і знайсці аднадумцаў, партнёраў, кліентаў, набраць людзей у каманду.

Самыя цікавыя праекты атрымаюць інвестыцыі і каштоўныя ўзнагароды ад кампаній-партнёраў, прадстаўнікі якіх таксама прыедуць у Віцебск, каб падтрымаць ініцыятыўных удзельнікаў.

У Мінску для многіх аўтараў праектаў Уікенд стаў стартавай пляцоўкай для развіцця свайго бізнесу. Да прыкладу, аўтары праекта «Дызайнерская вопратка для цяжарных жанчын» Таццяна Крот і Алена Хлебчык атрымалі падтрымку пасля чацвёртага СтартапУікенда. Сяргей Канюшонак, аўтар праекта «Вырошчванне вешанкі», хутка пасля СтартапУікенда прыступіў да практычнага блока рэалізацыі сваёй задумы. Беларуская сацыяльная сетка Vseti.by таксама была прадстаўлена заснавальнікам Startup Weekend і атрымала неабходныя рэсурсы для развіцця, а зараз Vseti.by выступае ў якасці партнёра мерапрыемства Invest Weekend.

Станьце адным з тых, хто ўвасабляе свае ідэі ў бізнес!

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся, калі ласка, да Марыны Чопчыц, PR-менеджара Invest Weekend ра тэл. +37517 292 09 21, +37529 391 24 29.
x