Группа компаний Webcom Media: Минск, ул. Скрыганова, 6а, 4 этаж.

10.11.2014

Я «нарадзіўся» там: дызайнер Дзмітры Самаль

Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект часопіса «Большой» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!

З Гамбурга — у Нідэрланды. Дарога — мора, дзюны і ветракі. Начлег ва ўтульным доме ля Паўночнага мора, сонечная раніца на беразе — і праз Бельгію ў Парыж. Пасля вялікай адкрытай прасторы вуліцы здаюцца занадта вузкімі, людзі — мітуслівымі. Але... Парыж. Малюсенькая кватэрка ў цэнтры, стромая вінтавая лесвіца, 6 паверх, апошні, як наш дзявяты. Ліфта няма, вядома. Паркоўкі таксама. Але... Парыж. Караблікі на Сене і ўсхваляваныя галасы. Буцікі, буцікі, буцікі, рэстараны... Ровары і багеты, кніжныя крамы і кавярні-кандытарскія, негры з сувенірамі і вулічныя музыканты. Нязграбна-крэатыўны цэнтр Пампіду і велічны Луўр, чарговы раз пакінутая «на потым» Эйфелева і бязмежныя Елісейскія. Парыж... платаны і ліпы, дарогі з белага каменя, паветра і святло, бесклапотная публіка. Маленькія чалавечкі ў горадзе бляску і дэмакратыі. У Горадзе, што спявае на ўсіх мовах свету.

Дзіма Самаль. Дызайнер, заснавальнік уласнага дызайнерскага бюро. Вельмі заняты, яно і зразумела: у адным толькі Парыжы — 6 крамаў, якія яго прадстаўляюць. Ёсць крамы ў Нью-Ёрку, Токіа, Мілане, Берліне, вядуцца перамовы з Пітэрам. У 2010 выпусціў калекцыю акуляраў пад уласным імем, у мінулым годзе выйшла калекцыя гадзіннікаў, зусім нядаўна — калекцыя завушніц і бранзалетаў. Дамовіліся сустрэцца ў горадзе, недалёка ад Эйфелевай вежы. Праходзячы міма «Шангры-Ла» (гасцініца такая, 5-зоркавая) з прыгажэннымі вазамі і парцье на ўваходзе, падумала: эх, буду старэнькая, пажыву і тут. Сустрэліся. Западозрыць у Дзіму суайчынніка складана — адзенне, хада, погляд, ветлая адчужанасць — усё цалкам bien français. Чай пайшлі піць у... «Шангры-Ла».

— У школе я пастаянна маляваў машынкі. З гэтымі малюнкамі ўдзельнічаў у конкурсах для юных талентаў. Газета «Пераходны ўзрост» у Мінску праводзіла. Прызы былі спачатку фармальныя — грамата, месцы... А потым да гэтага праекта быў прыцягнуты «Атлант-М», і прызы зрабіліся больш адчувальнымі: пуцёўка, тэлевізар і г.д. Я ніколі нічога не выйграваў, але ездзіў пастаянна. Я з Маладзечна, і для ўдзельнікаў з іншых гарадоў арганізатары здымалі гатэль. Не бог ведае які, але ўсё ж. Тады для мяне трапіць у Мінск, паглядзець горад, пабыць у тусоўцы хлопцаў-аднадумцаў, пажыць у гатэлі было круцей, чым цяпер сядзець у гэтай «Шангры-Ла».
Пасля школы — кузня ўсіх тэхнічных кадраў Політэхнічная акадэмія, інжынерам на аўтамабільны факультэт. Цудоўнае паступленне ў аспірантуру Акадэміі мастацтваў на дызайн. Цудоўнае, таму што трапіць туды звонку было нерэальна, але Дзіма да гэтага моманту ўжо з'ездзіў са сваімі распрацоўкамі на канферэнцыю ў Хельсінкі, і для яго зрабілі выключэнне. З Акадэміі мастацтваў — у школу дызайну ў Мілане. Яна якраз разыгрывала стыпендыі ў супрацоўніцтве з «Аўдзі». Далей — стажыроўка ў Турыне ў студыі Stile Bertone (найбуйнейшай італьянскай кампаніі, якая спецыялізуецца на аўтамабільным дызайне. Сярод іншых — дызайн для Alfa Romeo, Citroën, Ferrari, Fiat, Iso Rivolta, Lancia, Lamborghini, Mercedes Benz, Opel і Volvo). Затым — запрашэнне ад Renault. Праца над дызайнам добра вядомых у Беларусі Renault Trafic, Renault Espace, і нават лодкай у стылі Renault.

— Кожны раз усе гэтыя збегі абставінаў былі як цуд. Атрымаць у Італіі, дзе я жыў, фактычна, на птушыных правах, французскую візу! А мне вельмі хацелася застацца. Францыя мяне прыцягвала яшчэ са школы. Парыж — гэта вяршыня. Я тут ужо шэсць з паловай гадоў і на дадзены момант нікуды больш не хачу. Адчуваю сябе абсалютна ў сваім асяроддзі. Адаптаваўся да ўсіх сістэмаў, да мовы. Прыезджаму тут, вядома, складана: страхоўкі, карткі, банкаўскія рахункі... На афармленне паперак трэба месяцы чатыры. Балазе, займаўся гэтым працадаўца. Калі я прыняў прапанову Renault, першы час жыў у гатэлі. Кватэру знайшлі толькі праз месяц.

— Якім праектам цябе можна зацікавіць?
— Праект павінен быць інавацыйным, а людзі — цікавымі. З пэўнага часу на эмацыйныя складнікі я звяртаю больш увагі. На праектах часта сустракаюцца людзі, з якімі і працаваць, і сябраваць добра. У мяне ёсць вось сябар, які таксама малюе акуляры. І толькі. Ён не дызайнер нават. Малюе па-старому з лякаламі.

— А ты?
— А я з сабой цягаю нататнік з алоўкам і, калі ёсць час, малюю ад рукі. Гэта такі поўны крэатыў. Вельмі падобна да працэсу прыдумляння новага аўтамабіля. Такі brainstorm. Важна ўмець добра і артыстычна маляваць, каб зацікавіць кліента. І вось гэты працэс я перанёс на маляванне акуляраў. Наогул я малюю пастаянна. Нават калі нервуюся, малюю машыны, каб сябе супакоіць.
...Наступная пасля малюнка стадыя пры распрацоўцы мадэлі акуляраў — 3-мернае праектаванне. Тут можна прымяніць усе тэхнічныя параметры, усе куты. Гэта ўжо нешта больш адчувальнае. І вельмі часта бывае, што на малюнку выглядае класна, а ў 3D не працуе. Затым заказваюцца пробныя асобнікі — пакруціць у руках, паглядзець, падумаць. Каб запусціць адну мадэль акуляраў, трэба 5000 еўра, таму думаць трэба вельмі добра. Кожны сезон (раз на паўгода) я дадаю 3-4 новыя мадэлі. У выніку атрымліваюцца даволі адчувальныя інвестыцыі. Тут трэба ўключаць інтуіцыю. З першымі мадэлямі ўсё склалася ўдала, атрыманыя грошы пайшлі ў працу. І так — па коле.

Парыж, Парыж...
Парыж — шалёна прыгожы, тут пастаянна што-небудзь адкрываеш. Я вельмі шмат падарожнічаю — перавага прафесіі, — і магу сказаць, што вяртацца ў Парыж — гэта задавальненне.

— Парыж — сталіца люкс. Гэта частка іміджу горада. Турысты сюды едуць у тым ліку і па гэта. А французы?
— Так ці інакш, парыжане цікавяцца модай. Але апранаюцца ў асноўным на распродажах. У кожнага, зразумела, свой стыль, але ёсць і «парыжскі». Напрыклад, дзяўчына-парыжанка абавязкова ўмее змешваць стылі і маркі, сумачка — Yves Saint Laurent, туфлі могуць быць Louboutin, сукенка — бюджэтны НМ, акуляры — вінтаж з барахолкі. І ўсё разам гэта стварае пэўны шарм. Такое я бачыў толькі ў Парыжы.

— А ты сам за модай сочыш?
— Стараюся. Не тое каб я быў фанатыкам, але мне падабаецца добра апранацца.
Элегантны, як раяль, Дзіма расцягнуўся ў крэсле гасцініцы «Шангры Ла» і глядзеўся там вельмі арганічна. Шэсць гадоў? Таленавітаму чалавеку больш не трэба.

— Беларускі менталітэт нагадвае пра сябе?

— Спачатку — так, вельмі. Мне і да гэтага часу дзіўна, як паводзяць сябе французы ў той ці іншай сітуацыі. Але і для французаў беларусы — экзотыка. Дарэчы, яны спачатку не адрознівалі рускі — беларус. І мне ўвесь час даводзілася іх папраўляць. Папраўляю да гэтага часу. Навошта? Ну хоць бы таму, што гэта робіць маю адметнасць. Таму што, у прынцыпе, беларусаў у Францыі не шмат. Я асабіста знаёмы толькі з адным. Мы, праўда, не маем зносінаў — няма агульных інтарэсаў. А вось ёсць дзяўчына знаёмая з Украіны, з ёй мы сябруем. Успамінаем, што колькі каштавала ў Савецкім Саюзе (смяецца). А наогул стаўленне да прыезджых тут добрае. Лепшае, чым у Італіі, напрыклад. Толькі аднойчы, той факт, што рускі, сыграў супраць мяне. Я тады працаваў над праектам ваеннага аўтамабіля Nexter. Над ім працавалі 3 дызайнеры, і быў абраны мой праект. Але калі трэба было ехаць да кліента яго прадстаўляць, мне проста не далі пропуск. Ваеннае ўсё, засакрэчанае. Але праект прынялі і рэалізавалі. Атрымалася машына тыпу «Зіла», зробленая як легкавы аўтамабіль.

— Ну, ён вельмі мілы. Вельмі прыгожы, абаяльны <...> Такі, ведаеш... сапраўдны француз.
— Ты маеш на ўвазе, хам?
— Не...
— Вычварэнец?
— Декстэр!
— Паўсюль носіць з сабой доўгі батон і ездзіць на ровары?
 
— Вонкава французы вельмі адкрытыя, але толькі вонкава. Каб увайсці ў давер, трэба шмат часу. Але ўжо калі атрымалася, то на ўсё жыццё.
А яшчэ, і гэта ўсім вядома, яны нацыяналісты. Не да такой ступені, як амерыканцы, у якіх над пажарнымі машынамі раздзімаюцца сцягі, але ўсё ж. Імкнуцца купляць усё французскае, кухні аддаюць перавагу традыцыйнай. Адзінае, да чаго скептычна ставяцца, — машыны. Я вось таксама не разумею, навошта патрэбныя французскія, калі ёсць «Аўдзі», «БМВ»...
Французы досыць павярхоўныя ва ўсім. Гэта ж краіна адпачынку, loisir, лёгкасці. Тут трэба атрымліваць ад жыцця задавальненне, папіваць каву з раніцы з croissant і да таго падобнае. Таму здаецца, што праца для іх — не галоўнае. Хоць працуюць яны вельмі шмат. Дарэчы, у Францыі ёсць такая штука — працаваць можна не больш за 35 гадзін у тыдзень, начальніку — крыху больш за 40. Калі перапрацоўваюць, то аплата па падвышаным тарыфе. І гэта не вітаецца.
І ў адносінах яны лёгкія — усё павінна быць хутка, проста і без наступстваў. Прынамсі эмацыйных. Таму тут няма такога паняцця сям'і, як у нас. На першым месцы тут кар'ера. На другім — задавальненне. На трэцім і далей — сям'я. Шлюб, як правіла, грамадзянскі. Тут рэдка жэняцца, больш гэта падобна да кантракту паміж людзьмі, якія жывуць разам і ў выпадку разрыву дзеляць сваю маёмасць. І гэта нягледзячы на тое, што сем'і, а тым больш з дзецьмі, маюць вялікія падатковыя ільготы.
Тут усё лёгка і прыгожа. Нават рэлігія. Не тое што ў Італіі, дзе гэта стыль жыцця. Для мяне быць вернікам — верыць, што пасля смерці ёсць жыццё, што трэба імкнуцца быць лепшым у гэтым жыцці, каб заслужыць нешта. Але пры гэтым неабавязкова быць фанатыкам, неабавязкова хадзіць штодня ў царкву. Вера дапамагае ў складаных сітуацыях. Гэтак жа як і ўменне расслабіцца, адпусціць сітуацыю... Апошнім часам я сабе гэта дазваляю — адключаю тэлефон, уключаю тэлевізар і гляджу ўсе запар.

З аўтамабільнага бізнесу Дзіма сышоў сам. Стала сумна, любімая справа пачала ператварацца ў руціну, раздражнялі заявы заказчыка кшталту «Ты павінен маляваць як я». Гэта азначала абсалютна адмовіцца ад свайго «я», перайсці на чужы стыль малюнка, на чужую манеру думаць.

— Я лічу, што моцны самабытнасцю. А калі малюеш машыну, ніхто не ведае, што яе намаляваў менавіта ты, ведаюць толькі імя вытворцы. Захацелася імені. На акулярах, гадзінніках яно фігуруе. І хоць цяпер такая тэндэнцыя, што чым даражэйшая рэч, тым менш бачым лагатып вытворцы, — але знаўцы заўсёды пазнаюць марку тваіх акуляраў або гадзіннікаў... Гэта своеасаблівы знак таго, хто ты ёсць і ці можна табе давяраць.
Калі я маляваў машыны, то заўсёды пачынаў гэта з фары. Толькі за кошт фар можна стварыць агульны вобраз аўтамабіля — гарадская гэта вясёлая машынка, працоўны мінівэн або агрэсіўны спорткар. Ну і, натуральна, гэта перайшло і на акуляры. Акуляры «робяць» твар. З іх дапамогай можна прадэманстраваць або схаваць настрой, стварыць вобраз чалавека. І зусім не абавязкова насіць іх толькі калі ў цябе дрэнны зрок.
У Францыі ёсць розныя сістэмы страхавання здароўя — абавязковая і неабавязковая, якой, аднак, усё роўна карыстаецца большасць французаў. І гэтая неабавязковая страхоўка дазваляе аплаціць 2 пары акуляраў на год. У выніку 2 разы на год яны мяняюць акуляры. Сума — 600 еўра, і няважна, у каго ты іх замаўляеш, у дзяржпрадпрыемства або моднай брэндавай канторы. Калі цана ўпадабаных акуляраў выходзіць за межы гэтай сумы, яны даплачваюць рэшту. Такім чынам, у грамадзян ёсць магчымасць галасаваць рублём. Калі ты не выкарыстоўваеш магчымасць — сума згарае. Французы мне ўжо сказалі «так». Большасць замаўляе лінзы па 0,1, што ніяк не адбіваецца на зроку, і атрымлівае выдатныя сонцаахоўныя акуляры.

— Які вобраз твайго патэнцыйнага кліента?

— Гэта сучасная гарадская дзяўчына. Яна цікавіцца модай, умее камбінаваць маркі і аксэсуары ў цэлым. Адна дзяўчына з Чыкага, стыліст, якая купіла мае акуляры, выслала мне фотасесіі з імі. На ёй куртачка з кракадзіла, сумачка Hermes і мае акуляры, яны там дакладна на сваім месцы і не забудуцца. Акуляры такога дызайну больш прызначаныя для горада.

— Цябе як дызайнера пытанне зручнасці хвалюе?
— Так, вядома. Памералі, акуляры вельмі зручныя, нягледзячы на квадратную форму. Я цэлы год выдаткаваў на пошук атэлье і тое, каб зрабіць іх эрганамічнымі. Тут вельмі важная даўжыня дужак, куты... Акуляры павінныя «сесці» на твар. Усе яны зробленыя ў Францыі. Тут вельмі добрая якасць, прызнаная ва ўсім свеце. Бясспрэчны лідар — Японія. Але тады б яны каштавалі б не менш за 1000 еўра. Плюс дарога, мытня. Масавая вытворчасць акуляраў цяпер дыслакуецца ў Кітаі. Усе вядомыя маркі: Дыёр, Шанэль, Том Форд... У Італіі толькі іх зборка. Не думаю, што я аднойчы выберу такую вытворчасць, — лёгка страціць імідж. Да таго ж масавая вытворчасць — не мая мэта.
Што да гадзіннікаў, то мы атрымалі швейцарскі сертыфікат, а яго вельмі цяжка атрымаць. Яны ахоўваюць стандарты якасці. Для атрымання сертыфікату зборка і 80% кампанентаў павінныя быць адтуль. Астатнія кампаненты ў нас з Францыі і Германіі. Ідэя гадзіннікаў — гадзіннікі для горада. Што такое горад? Гэта бетон і шкло. Вуліцы, хмарачосы... Вось і гадзіннікі такія.

— Цяпер, мне здаецца, мода на рэтра. А ты робіш рэчы футурыстычныя. Гадзіннік у цябе — са шкла і бетону.
— Стыль, у якім я працую, — рэтра-футурызм. Піксельныя акуляры, напрыклад. Ад рэтра ў іх — тэтрысы і першыя камп’ютарныя цацкі канца 80-х — пачатку 90-х. Цяпер гэта модна. А футурызм — гэта калі б я жыў у 50-х, 60-х і ўяўляў сабе, як яно там, у 2013-14. То бок гэта такі погляд з мінулага ў сучаснасць.

Мой менеджар — мой найлепшы сябар.

— Сумяшчаць дызайн і прасоўванне самога сябе на рынку цяжка, таму ў мяне ёсць менеджар, які выступае ў якасці дырэктара па продажах і займаецца ўсім маркетынгам. Ён француз. Завуць Анры. Да гэтага ён працаваў на Celine і Yves Saint Laurent. Потым спыніў працаваць у гэтай сферы. Даведаўся, чым я займаюся, і ў выніку мы вырашылі паспрабаваць нешта зрабіць разам. Гэта ён навучыў мяне давесці да розуму маю ідэю гадзінніка з бетону. Дапамог і з дызайнам: з ім я дапрацоўваў дэталі, якіх было недастаткова першапачаткова. Ён вельмі дакладна разумее, як гэты рынак працуе. Лёгка зрабіць адну мадэль, нашмат складаней — калекцыю. Дзякуючы яму яна выбудавалася.
Калекцыя павінная быць самадастатковай. І для фінальнага спажыўца, і для крамы, на стэндзе якой яна будзе прадстаўленая. Каб «Баер» паглядзелі і купілі яе ўсю, а не выбарачна пару мадэляў. Важны момант — выбраць колеры, якія будуць прыцягваць увагу і гарманічна глядзецца побач. Гэта чорны, ён заўсёды прадаецца; карычневы — універсальны, яшчэ ў нас ёсць чарапахавы, ружовы — жаночы варыянт і сіні — мужчынскі.

— Не перашкаджае сяброўства бізнесу?
— Як ні дзіўна, не перашкаджае. Хоць спачатку я думаў, што будзе наадварот. Папярэднія праекты з іншымі французамі не вельмі добра адбіліся на ўзаемаадносінах. Важна, каб была размалёўка, хто за што адказвае і што павінна атрымацца на выхадзе. Анры, напрыклад, абсалютна ўсё роўна, будзе яго імя фігураваць ці не. Ён хутчэй не хоча. Яму нецікавыя інтэрв'ю. Яму цікава стасавацца з кліентамі, падарожнічаць. Тут мне пашанцавала з ім. З іншымі было незразумела, як дзяліць абавязкі і адказнасць. Я хацеў стварыць брэнд, імя — і я гэта раблю. Пакуль яшчэ шмат працы, але ўсё ідзе па плане.

Да пытання пра куміраў

Пачну з таго, што яны змяняюцца. Адразу пасля Renault мяне вельмі цікавіла мода, аксэсуары... і Марк Джэйкабс як арт-дырэктар Louis Vuitton. І тады я паставіў перад сабой мэту папрацаваць у Louis Vuitton. Вельмі мне хацелася. Я зрабіў для гэтага ўсё, што змог... Але нічога не атрымалася. Яно і да лепшага.
Калі казаць пра сферу індустрыяльнага дызайну, то мне цікавы Марк Ньюсан, аўстраліец, які сапраўдны бог, таму што гэта адзіны дызайнер, які пры сваім жыцці прадаў зроблены ім шэзлонг за 1,8 млн еўра. Шэзлонг, дарэчы, абсалютна нязручны, хутчэй гэта твор мастацтва. Я здымаю капялюш перад тым, як ён сябе прасунуў.
Цяпер мне вельмі падабаецца марка Tom Ford. Гэта адзін з дызайнераў, які для мяне шмат значыць. Мне нават не столькі стыль яго падабаецца, колькі гісторыя поспеху: шлях ад крэатыўнага дырэктара Gucci да стварэння ўласнага паўнавартаснага брэнда.
Пра мары не ведаю... ёсць мэта развівацца, стаць інтэрнацыянальным брэндам высокага ўзроўню. Яно ўсё да таго ідзе — пытанне часу. Хоць, думаю, калі гэта адбудзецца, мне зноў стане сумна. І хто ведае, можа, тады захочацца зрабіць аўтамабіль уласнага дызайну.

Пасля гарбаты пайшлі блукаць па горадзе. У цэнтры люднай вуліцы павярнулі ў невялікі дворык — Le Village Royal. Цішыня, самотнасць, клумба з ружамі, галаўны офіс і магазін Dior і Chanel — з аднаго боку, з другога — Issey Miyake, Bell & Ross... Яно і зразумела — «Каралеўская вёска» ж. Пакуль я ў Instagram здымала ружы, што бессаромна каласіліся тут у сакавіку, Ягор фатаграфаваў Дзіму, які арганічна спалучаецца з усім, што там было. Пайшлі далей... Буцікі, крамы, якія крычаць неонам, шчыльная плынь людзей. І тут здарыўся цуд. «Цуд» не ішоў — з гонарам нёс сябе, даўганогага і стройнага, у Дыёры і Лабутане, пахнучы Шанэль і Іўсэнларанам. На галаву вышэйшае за ўсіх астатніх, яно было жывым увасабленнем парыжскага люксу. Дзіма, што ішоў наперадзе, павярнуўся, зрабіў «вялікія» вочы і наіўна-захоплена, зусім па-хлапечаму, сказаў: «Якая жэншчына!»
Усё! Свет бяздушнага парыжскага гламуру ўпаў да нашых ног. А Дзіма адразу ж стаў сваім.

— На Радзіму не цягне?
— Цягне ўбачыць бацькоў. Я езджу ў Беларусь раз на год і ўсё часцей думаю, колькі яшчэ разоў мне засталося іх убачыць. А ў краіну — не, не цягне. Для мяне важная праца, а таму калі я не магу рэалізавацца... А яшчэ ў мяне там практычна не засталося сяброў, каранёў. А без гэтага... Францыя на дадзены момант апраўдала ўсе мае чаканні. І не перастае здзіўляць дагэтуль. Зразумела, трэба працаваць, не пазяхаць, але гэта таго вартае.

x