Группа компаний Webcom Media: Минск, ул. Скрыганова, 6а, 4 этаж.

30.05.2013

Фестываль AD.NAK! нагадвае: 3 чэрвеня — дэдлайн прыёму работ

Лічаныя дні засталіся да заканчэння прыёму работ на Чацвёрты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Удзельнікі, якія яшчэ не паспелі падаць свае творы, могуць зрабіць гэта да 3 чэрвеня.

На дадзены момант ад удзельнікаў Фестывалю паступіла больш за 100 работ. Традыцыйна найбольшая колькасць удзельнікаў далучаецца да Фестывалю ў апошнія дні, таму аргкамітэт спадзяецца, што ўсе канкурсанты, якія маюць чым падзяліцца з беларускай рэкламісцкай і культурніцкай грамадскасцю, паспеюць узяць удзел.

Сёлетні Фестываль AD.NAK! праходзіць пад слоганам "ТРЭНД BY AD.NAK — УКЛЮЧЫ ВЫКЛЮЧНАСЦЬ". Гэты слоган абазначае адметнасць сучаснай беларускамоўнай рэкламнай камунікацыі — трэндавасць камунікацыі са спажыўцамі на беларускай мове і адначасова выключнасць кожнай рэкламнай работы і майстра.

Удзел у Фестывалі AD.NAK!–2013, як і ў мінулыя гады, бясплатны. Канкурсантам прапануецца падаць свае работы на 4 конкурсы і 13 намінацый Фестывалю.

Галоўнае адрозненне НАМІНАЦЫЙ ад КОНКУРСАЎ у тым, што ў НАМІНАЦЫЯХ могуць узяць удзел толькі рэальныя праекты, якія былі зацверджаныя замоўцамі і рэалізаваныя. У межах КОНКУРСАЎ удзельнікам прапануецца стварыць работу згодна з умовамі, даслаць у аргкамітэт і ўдзельнічаць у праграме Фестывалю.

З навацыяў AD.NAK!–2013 — намінацыя "АФІША", на якую можна падаць ужо выкананыя постары і афішы разнастайных мерапрыемстваў (канцэрты, выставы, культурніцкія, спартовыя, музычныя, літаратурныя вечарыны, тэатральныя пастаноўкі і г.д.). Таксама сёлета рэалізаваныя фотапраекты могуць паспаборнічаць у намінацыі "РЭКЛАМНЫ ФОТАЗДЫМАК".

Традыцыйна на Фестывалі найгоршыя прыклады рэкламнай і візуальнай прадукцыі, што скажаюць беларускую гісторыю і сучаснасць, намінуюцца на антыпрэмію "КАША СУВОРАЎСКАЯ".

Рэкламныя аматары сёлета могуць паспрабаваць свае сілы ў чатырох конкурсах. Для ўдзелу ў конкурсе "ЗРАБІ ZABOR" канкурсанты мусяць даслаць канцэпцыю прасоўвання выставы Zabor. Канцэпцыя мусіць складацца з праекту візуальнай камунікацыі, а таксама плану прасоўвання выставы. Пераможцы конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы ад партнёра конкурсу — інвестыцыйнай кампаніі “Зубр Капітал”

У межах конкурсу "KALILASKA" ўдзельнікам прапануецца стварыць друкаваную ці вонкавую рэкламу, графічны дызайн для інтэрнэт-рэкламы.

Галоўная задача конкурсных работ — прыцягненне ўвагі самых шырокіх колаў грамадства да сацыяльных пытанняў сіроцтва, праблем людзей, якія не маюць даху над галавой і/ці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама да СПОСАБАЎ ДАПАМОГІ гэтым людзям, у тым ліку і ў межах праекта «KaliLaska».

У межах конкурсу "AD.NAK ZНЯТА ТАК!" фатографам прапануецца даслаць свае працы (асобнае фота альбо серыю) на любыя з трох тэм: фотаздымкі прадуктаў харчавання і напояў беларускай вытворчасці, б’юці- і фэшн-фатаграфіі, а таксама фотаздымкі, у якіх беларускія мясціны паказваюцца як месцы прытулку для сучаснага еўрапейца.

Конкурс “AD.NAK ZНЯТА ТАК!” ладзіцца пры падтрымцы студыі ZНЯТА STUDIO. Для пераможцаў конкурсу прадугледжаны дадатковыя прызы:

— ад фотацэнтра “Востраў” — сертыфікаты па 500 000 беларускіх рублёў на друк фатаграфій;
— ад інтэрнэт-крамы фотатэхнікі Rakurs.by — флэш-карты для фотаапаратаў на 16 ГБ.

Таксама ўсе нерэалізаваныя ідэі і канцэпты можна дасылаць на адмысловы конкурс, у якім яны будуць разгледжаныя і ацэненыя — і хто ведае, можа, нарэшце дойдуць да свайго спажыўца.

Нагадваем, што прыём работ на сёлетні Фестываль AD.NAK! заканчваецца 3 чэрвеня. І ў вас яшчэ ёсць магчымасць зрабіцца яго ўдзельнікам.

Кожны ўдзельнік Фестывалю сёлета зможа ўзяць удзел у адукацыйнай праграме, спікерамі якой выступяць замежныя госці з Японіі і Італіі: Qanta Shimizu, творчы дырэктар японскага агенцтва PARTY, і Alessandro Sabini, былы творчы дырэктар італьянскага агенцтва Ogilvy&Mather, які нядаўна адкрыў уласнае агенцтва Sabini+Cobianchi/Pocko ў Мілане.

Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў канцы першага летняга месяца — 27 чэрвеня. Ён будзе складацца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

Па пытаннях удзелу ў Фестывалі звяртайцеся ў аргкамітэт па тэлефонах:
+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, альбо праз e-mail: adnak@budzma.org.

Паглязець ролик Фестывалю AD.NAK!

Пяць простых крокаў, каб падаць сваю работу на Фестываль:

Крок першы. Прайсці рэгістрацыю ў якасці ўдзельніка. Кнопка рэгістрацыі размешчаная злева на галоўнай старонцы сайта Фестывалю каля кнопкі "Увайсці", якая спатрэбіцца крыху пазней.

Крок другі. Увайсці ў створаны акаўнт і падаць работу, паслядоўна націснуўшы кнопкі "Увайсці" і "Падаць работу". Пры ўваходзе неабходна выкарыстоўваць пазначаныя пры рэгістрацыі логін і пароль.

Крок трэці. Падаць работу. Для гэтага неабходна паслядоўна:
— абраць намінацыю, альбо паднамінацыю, альбо конкурс;
— увесці назву работы;
— назву рэкламадаўца, замоўцы;
— назву прадукту ці паслугі, якія рэкламуюцца;
— каротка апісаць творчую ідэю сваёй работы;
— назваць аўтара ідэі;
— напісаць год стварэння работы;
— пазначыць горад, у якім жывеш.

Крок чацвёрты. Запампаваць сваю работу на сайт, карыстаючыся адмысловым полем на гэтай старонцы, і націснуць кнопку “Дадаць работу”.

Крок пяты. Упэўніцца, што работа пададзеная, і атрымаць магчымасць кіраваць статусам сваёй работы.

УВАГА: Работы прымаюцца аргкамітэтам Фестывалю да 3 чэрвеня 2013 года.
Арыгіналы работ (паштоўкі, календары, постары, буклеты і інш.), а таксама дыскі з конкурснымі работамі можна даслаць на адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Няміга, 5, 3 паверх, частка офіснага памяшкання №21б, з пазнакай «У аргкамітэт Фестывалю AD.NAK!»

Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў канцы першага летняга месяца — 27 чэрвеня. Ён складзецца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

Па пытаннях удзелу ў фестывалі звяртайцеся у аргкамітэт па тэлефонах:
+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, альбо праз e-mail: adnak@budzma.org.

Матэрыялы па тэме
http://marketing.by/main/market/company_news/0061917/


x