Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

04.11.2014

Павел Данейка: «Час, калі бізнес кампенсаваў свае памылкі высокай маржынальнасцю, прайшоў»

Да пачатку Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва і Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва засталося крыху больш за два тыдні. Bel.biz пагутарыў з адным з галоўных спікераў форуму, дырэктарам Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Паўлам Данейка пра тое, якія пытанні і праблемы хвалююць беларускі бізнес сёння.



Павел, распавядзіце пра тэму вашага даклада на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва.


Гэта тэма, з якой прыватны бізнес сутыкаецца найчасцей, – абмежаванне росту. Калі раней у час нашых апытанняў прадпрымальнікі адзначалі недасканаласць бізнес-клімату як галоўны фактар абмежавання росту, то зараз на першы план выходзяць фактары, звязаныя з унутранымі параметрамі кампаніі.

На ваш погляд, гэта звязана з паляпшэннем мясцовага бізнес-клімату або рэзкім абвастрэннем праблем унутры саміх кампаній?


Безумоўна, гэта звязана з кардынальным паляпшэннем бізнес-клімату ў краіне. Гэта пацвярджаецца і аб’ектыўнымі ацэнкамі. Напрыклад, у рэйтынгу Doing business наша краіна з кожным годам займае ўсё больш высокія месцы. У гэтым годзе гэта 57-е месца. А калі ўлічыць, што пры кожным разліку рэйтынгу прымаюцца пад увагу макраэканамічныя фактары, якія былі далёка не самымі спрыяльнымі ў 2014, то гэтая пазіцыя выглядае дастаткова добрай для Беларусі.

Такім чынам, у першую тройку прычын, што абмяжоўваюць рост бізнесу, увайшлі: рост канкурэнцыі, недахоп рэсурсаў, адсутнасць доступу да «доўгіх» грошай. Гэта, наогул, тыя тэмы, якія хвалююць бізнес у любой нармальнай краіне. Папярэднімі вынікамі нашага даследавання я падзялюся з беларускім бізнесам на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва.



Якія пытанні сёння хвалююць беларускі бізнес? Чаму бізнесмены хочуць навучыцца?

Ёсць вельмі добрая фраза, якая характарызуе галоўныя праблемы айчыннага бізнесу. «У высокай маржынальнасці можна ўтапіць усе памылкі». Зараз, з ростам канкурэнцыі, мінае час, калі бізнес мог разлічваць на высокую маржынальнасць і згладжваць ёю свае памылкі ў кіраванні. Таму на першы план выходзяць пытанні эфектыўнасці бізнесу.

Таксама ў сваім дакладзе я закрану тэму ўнікальнасці беларускага бізнесу, аналагаў якога няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Галоўную ролю ў фарміраванні гэтай унікальнасці адыгралі два фактары. Па-першае, адсутнасць маштабнай прыватызацыі, што прывяло самых актыўных прадпрымальнікаў да адкрыцця вялікай колькасці бізнесаў з нуля. Па-другое, ва ўмовах дастаткова жорсткай макраэканамічнай сітуацыі напрыканцы 90-х гэта прывяло да стварэння сваёй паспяховай бізнес-мадэлі – вытворчых кампаній, арыентаваных на экспарт. І на сённяшні дзень беларускі бізнес найбольш блізкі да сярэдняга бізнесу Швецыі, Германіі, Нарвегіі, арыентаванага на экспарт.

Зараз робіцца трэндам узгадваць пра працэс змены пакаленняў як у звяне кіраўнікоў, так і ў мадэлях бізнесу наогул. Ці ёсць істотныя адрозненні паміж тымі, хто пачынаў свой бізнес у 90-я, і тымі, хто гэта рабіў і робіць у апошнія 10 год?

Наогул, кардынальных адрозненняў няма. Справа ў тым, што тыя, хто пачынаў свой бізнес у раннія 90-я, рабілі гэта ад безвыходнасці і проста ад жадання выжыць: малочшыя супрацоўнікі, ваенныя ў мінулым, людзі, якія страцілі працу. Яны вымушаны былі заняцца бізнесам, каб неяк забяспечыць існаванне сабе і сваім блізкім.

З пункту гледжання заходніх стандартаў вядзення бізнесу у іх не было ніякай канцэпцыі развіцця або бізнес-мадэлі. Галоўнае было пачаць. Пад канцэпцыяй бізнесу разумеецца наяўнасць канчатковай мэты яго развіцця, да чаго ён мусіць дайсці. Тады пра гэта ніхто не думаў.

Новае пакаленне ўжо на старце прапрацоўвае гэтыя пытанні: як яны будуць прадаваць і што, якую бізнес-імперыю пабудуюць. Яны больш рацыянальна і свядома падыходзяць да адкрыцця бізнесу.



Якую рэакцыю беларускага бізнесу вы чакаеце на свой даклад?


Складана прагназаваць якую б то ні было рэакцыю. Проста хочацца данесці да бізнес-суполкі інфармацыю пра тое, як выглядае айчынны бізнес. Мне падаецца – гэта найбольш недаследаванае сацыялагічнае пытанне ў нашай краіне сёння.

У нас у краіне склаўся стэрэатып, што беларускі бізнес нейкі «забіты», некаторыя яшчэ дадаюць «карумпіраваны». Але калі пагутарыць з прадстаўнікамі высокатэхналагічнага беларускага бізнесу, які экспартуе свае прадукты ў ЗША, Германію, то ствараецца адчуванне, што мы жывём у розных краінах, дзе ў кожнага сваё ўяўленне пра айчынны бізнес.

Чаму ж краіна не ведае гэтых прагрэсіўных бізнесменаў?

Тут некалькі фактараў. Першы – гэта папярэдні этап жыцця ў неспрыяльным бізнес-клімаце, які прывучыў не высоўвацца. Плюс гэта добра легла на нацыянальную адметнасць беларусаў – сціпласць.

Другі момант – тут адыгралі сваю ролю нішавыя стратэгіі бізнесу. Ва ўсім свеце бізнесмены, якія займаюць вузкія або спецыялізаваныя нішы, аддаюць перавагу таму, каб заставацца малапрыкметнымі. Іх праца звязана з b2b-сектарам, таму тыя, каму трэба, пра іх ужо ведаюць.

Трэці момант, пра які нельга забываць, - у нас мала масмедыя, якія займаюцца бізнес-тэматыкай. Зараз іх лік расце, але ўсё ж такі недастаткова хутка. Сёння медыйная прастора паступова мяняецца ў больш рацыянальна-аналітычны бок. І гэта можа стаць добрым стымулам для павелічэння публічнасці беларускага бізнесу.

Міжнародны форум прадпрымальніцтва пройдзе 18 лістапада ў Атэлі Рэнесанс Мінск.

Купіць квіткі можна тут.
Праграма і спікеры форуму прадстаўлены тут.
Аб іншых мерапрыемствах Тыдня можна даведацца тут.
x