Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

10.06.2014

Віктар Навачадаў: «Важнасць тэрытарыяльнага брэнда складана пераацаніць»

Віктар Навачадаў паразмаўляў з намі аб тым, што такое тэрытарыяльны брэнд, як з гэтым паняццем звязана гульня World of Tanks і аб тым, што агульнага ў «Свету Танкаў» з Дар’яй Домрачавай.

Кампанія «Гейм Стрым», як і яе дырэктар Віктар Навачадаў, не мае патрэбы ў прадстаўленні. У гэтым годзе яна выступіла партнёрам унікальнай не толькі для Беларусі, але і для сусветнай практыкі падзеі – Міжнароднага фестывалю тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу OPEN.

Віктар Віктаравіч, як вы думаеце, чаму краінам, гарадам, тэрытарыяльным аб’ектам важна мець брэнд, і што, на ваш погляд, самае важнае ў фарміраванні такога брэнда?

Тэрытарыяльны брэнд – гэта з’ява, якая ўзнікла ўжо даволі даўно (а можа і ўвогуле існавала заўсёды), але дагэтуль лічыцца напрамкам новым, чымсьці незвычайным і ўльтрасучасным. Гэта, без перабольшання, дзелавая філасофія, якая складаецца са стварэння і падтрымання як прыцягальнасці, прэстыжу самой тэрыторыі, так і прывабнасці сканцэнтраваных на ёй рэсурсаў, магчымасці іх выкарыстання. Знамянальна, што тэрытарыяльны брэнд складаецца як за кошт намаганняў суб’ектаў бізнесу, грамадскіх арганізацый, органаў улады, так і фарміруецца жыхарамі тэрыторыі (паводзіны, звычкі і т.п.).

Значнасць, важнасць тэрытарыяльнага брэнда цяжка пераацаніць. Ёсць рэчы сапраўды агульнавядомыя, бясспрэчныя, якія даўно сталі прапісной ісцінай: высокія тэхналогіі - Сіліконавая даліна, вучоба – Гарвард, фінансы – Швейцарыя, аздараўленне – Карлавы Вары і г.д.

На мой погляд, найбольш важным у стварэнні тэрытарыяльнага брэнда (які апасродкуе найбольш адметнае і адназначна ідэнтыфікуецца) з’яўляецца здольнасць на працягу максімальна працяглага часу не толькі падтрымліваць, але і пастаянна ўзмацняць адпаведную унікальную, вядомую эмацыйна-вобразную складаючую.

Якім чынам такія мерапрыемствы, як OPEN, могуць дапамагчы развіццю галіны тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу і чым яны могуць быць карысныя аўтарам новых і існуючых пректаў? Чаму вы вырашылі падтрымаць Міжнародны фестываль тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу?

Фестываль, які разглядаецца, не проста можа рэальна дапамагчы развіццю галіны тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу, але і без перабольшання з’яўляецца адным з асноўных, цэнтральных, сістэмаўтваральных элементаў: аб’ядноўвае, навучае, апасродкуе самую сучасную экспертызу, дае эфектыўную пляцоўку для абмену вопытам.

Тэрытарыяльны маркетынг адназначна карысны для аўтараў праектаў (новых і ужо існуючых) як базавая, фундаментальная частка маркетынгавай складаючай іх бізнесу, дзе надбудова гарманічна з’яўляецца як бы сама сабой, з’яўляецца натуральным працягам тэрытарыяльнай складаючай.
Рашэнне падтрымаць дадзены міжнародны фестываль паўстала імгненна, без якіх-небудзь ваганняў. Мы выказваем жаданне як падтрымаць стваральныя намаганні айчынных маркетынгавых прафесіяналаў, так і ўнесці свой уклад у агульныя намаганні па далейшым ўдакладненні нашай адметнасці, самаідэнтыфікацыі, што не толькі важна для сферы бізнесу, але і ўяўляе сабой з’яву значна больш высокага ўзроўню (культурную, сацыялагічную).

Кампанія «Гейм Стрым» з’яўляецца распрацоўшчыкам сусветна вядомай гульні, дзякуючы якой за мяжой пазнаюць Беларусь, а таксама горад Мінск. Пабудова некаторых тэрытарыяльных брэндаў заснавана на вядомых івентах, гісторыі некаторых пачынаюцца з горадаўтваральных прадпрыемстваў. Кампанія «Гейм Стрым» удзельнічае ў многіх пректах і сапраўды працуе не толькі на свой імідж, але і на імідж краіны. Раскажыце пра свае актыўнасці ў дадзенай сферы. Чаму вы лічыце гэта важным?

Сапраўды, «Свет Танкаў» – гэта самы вядомы беларускі брэнд апошніх гадоў, з вядомасцю якога можа параўнацца, напэўна, толькі Дарь’я Домрачава з яе сапраўды фенаменальнымі поспехамі ў біятлоне. Дарэчы, мы з Дар’яй — даўнія партнёры, і для аматараў біятлона ўжо сталі звычайнымі нашы рэкламныя надпісы на яе спартовай амуніцыі.

«Свет Танкаў» – сапраўды беларускі брэнд, ён неаддзельны ад Беларусі, адназначна асацыіруецца з нашай краінай. Сапраўды, шмат мерапрыемстваў праводзіцца «Гейм Стрым» без прамой сувязі з камерцыйнай выгадай. Больш таго, як правіла, гэта застаецца «за кадрам», ніяк не афішыруецца.

Напрыклад, у чэрвені 2014 года плануецца правесці аўтапрабег па краіне, прысвечаны 70-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (пры гэтым «Гейм Стрым» як арганізуе, фінансуе мерапрыемства, так і атрымлівае усе неабходныя афіцыйныя дазваленні). Прычына простая і, лічу, зразумелая кожнаму: навакольнае асяроддзе з’яўляецца сталай, нязменнай крыніцай энергетыкі, жыццёвых сіл, творчых імпульсаў, і па гэтай прычыне крытычна важна захоўваць пастаянную непарыўную сувязь з ім, быць састаўным неад’емным элементам усяго, што непасрэдна адбываецца навокал.

Што значыць для кампаніі «Гейм Стрым» узнагарода Прафесійнага конкурсу «БРЭНД ГОДА» ў спецыяльнай намінацыі членаў міжнароднага журы «Брэнд – awareness»?

«Гейм Стрым» мае вялікую колькасць самых разнастайных узнагарод, дыпломаў і званняў. Але нядаўняя ўзнагарода Прафесійнага конкурсу «БРЭНД ГОДА» заняла асаблівае месца, змагла сапраўды здзівіць: калі раней мы выйгравалі ў Беларусі ці за мяжой па выніках галасавання карыстальнікаў альбо па рашэнні аўтарытэтнага журы, то першы раз мы змаглі перамагчы, нават не ўдзельнічаючы ў ім, проста па намаганні міжнароднага журы конкурсу, якое пажадала асобна адзначыць менавіта нас. Відаць, гэта і ёсць паказчык сапраўднага поспеху.

На афіцыйным сайце game-stream.by вы вядзеце свой блог. Гэта дадатковая магчымасць камунікацыі з патэнцыяльным кліентам ці творчая самарэалізацыя?

Блог дырэктара «Гейм Стрым» існуе на карпаратыўным сайце кампаніі ўжо два гады. З аднаго боку, аналагічныя блогі даўно ўжо сталі агульнапрызнаным стандартам камунікацыі. З другога боку, гэты агульнадаступны інтэрнэт-часопіс падзей (сістэматызаваны ў зваротным храналагічным парадку інтэрнэт-дзённік) ўяўляе сабой выдатны сродак зносін з тымі, хто жадае лепш спазнаць, глыбей унікнуць у феномен, унікальны мікракосм пад назвай «Гейм Стрым».

Прычын для таго, каб пачаць весці блог, дзве.

Па-першае, дырэктар кампаніі фізічна не ў стане адказаць асабіста кожнаму карыстальніку на кожнае са шматлікіх пасланняў (электроннае, паштовае). І блог стаў часткай той зваротнай сувязі, якая дазволіла не толькі адказваць на пытанні, якія найбольш часта задаюць, але і публікаваць некаторыя з атрыманых пасланняў.

Па-другое, улічваючы масавую цікавасць, якая пастаянна расце (як да нашых праграмных прадуктаў, так і да самой кампаніі) ва ўмовах нейкага інфармацыйнага шуму (вялікай колькасці недакладнай інфармацыі і проста «вутак» жоўтай прэсы ў пошуках ажыятажу і гучных сенсацый), блог стаў крыніцай афіцыйнай, праўдзівай інфармацыі пра кампанію, тым, што адназначна правільна, адказна адлюстроўвае рэчаіснасць.

Гульня World of Tanks развіваецца, удасканальваецца і памнажаецца: зараз у гульцоў ёсць магчымасць не толькі «пакатацца на танку», але і «палётаць на самалёце» і нават «пастраляць з палубы карабля». А якія яшчэ дачынныя праекты мы зможам пабачыць у бліжэйшы час? Калі гэта, вядома, не сакрэт:).

«…а што ж далей?..», — гэтае пытанне задаюць найбольш часта. Вялікага поспеху нядаўна дабіўся «Свет Танкаў» на кансолях xBox 360 у Паўночнай Амерыцы, літаральна праз месяц выйдзе гульня пад мабільныя платформы (для iPhone, iPad), што, без перабольшання, стане доўгачаканым хітом сезона. Наперадзе, безумоўна, шмат новага і цікавага. Самае галоўнае, каб гэта стала адкрыццём, сюрпрызам нават для нас саміх, таму што для творчай лабараторыі аднадумцаў (чым з’яўляецца і яшчэ надоўга застанецца «Гейм Стрым») захаваць сапраўдны інтарэс да працы, свежасць успрымання, даследчы азарт і прагу эксперыменту – крытычна важна.

Як вы лічыце, у чым поспех кампаніі «Гейм Стрым»?

Самае галоўнае можна коратка сфармуляваць у трох простых правілах:

• жаданне нягледзячы ні на што рабіць толькі тое, што падабаецца, толькі тое, што сапраўды любіш і ўмееш, прычым на самым высокім узроўні;
• уменне стварыць і захаваць як каманду аднадумцаў, так і атмасферу сапраўднай творчасці;
• прынцыповае рашэнне працаваць выключна са сваімі сродкамі (не прыцягваць знешняга фінансавання і ні ад каго не залежаць).

І, напрыканцы, вашыя пажаданні ўдзельнікам фестывалю «OPEN – 2014».

Няхай фестываль сапраўды стане падзеяй у вашым жыцці, якая запомніцца, яркім успамінам, чымсьці доўгачаканым і значным, тым, на што не шкада патраціць некалькі непаўторных імгненняў.

Рабіце нешта вартае і сапраўднае. Будзьце максімальна адкрытыя да ўсяго новага, выказвайце думкі, абменьвайцеся прафесійнай экспертызай, абавязкова жарка дыскутуйце, вучыце адзін аднога, удасканальвайцеся і змяняйцеся, але галоўнае - няхай усё ідзе ад самага сэрца, адстойвайце толькі тое, у што сапраўды і бязмежна верыце, і рабіце гэта з любоўю да нашай краіны, бо кожны з нас ведае: Рэспубліка Беларусь гэтага па праву вартая.

Міжнародны фестываль тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу «OPEN –2014» пройдзе ў Мінску з 19 па 21 чэрвеня. Аб падрабязнасцях вы можаце даведацца на сайце: festopen.com.
На ўсе пытанні, якія вас цікавяць, адкажа кіраўнік фестывалю Алена Новікава.
Тэл.факс: (017) 321 22 90 (91)
Маб.: (029) 115 97 76; (029) 862 89 94
E-mail: open@satio.by.



x