Неделя байнета Конференция по интернет-маркетингу Хочу посетить 4 - 7 Апреля
24.03.2014

І вось: Абуджэнне Байнэта адбылося!

Скончылася Міжнародная штогадовая практычная канферэнцыя «Тыдзень Байнэта. Абуджэнне», знакавая падзея для беларускага інтэрнэта. Чатыры напружаныя дні канферэнцыі запомніліся надоўга ўсім – і арганізатарам, і удзельнікам, і дакладчыкам. Мы ўпэўнена абвяшчаем: абуджэнне Байнэта адбылося!

Тыдзень Байнэта: цэнтральная падзея года

Менавіта так. У сферы інтэрнэт-маркетынгу «Тыдзень Байнэта» ўпэўнена заняў цэнтральнае месца. Мы ставілі за мэту абудзіць Байнэт – і ён абудзіўся!

Кожны ўдзельнік ўзяў з канферэнцыі самае каштоўнае – веды. А нам пакінулі ўдзячныя водгукі (ужо хутка больш за 500 атрыманых водгукаў можна будзе ўбачыць на сайце канферэнцыі).


Вось некаторыя з іх:

Мунышчэнкава Наталля (Алютех)
Вельмі здорава, што канферэнцыя такога ўзроўню праходзіць менавіта ў Мінску! Дзякуй дакладчыкам за новыя ідэі і натхненне. Дзякуй вам за арганізацыю!

Цыплакова Наталля (TUT.BY)
Можна смела назваць «Тыдзень Байнэта. Абуджэнне» адным з самых значных мерапрыемстваў у ІТ-галіне Беларусі. Дзякуй за мегацікавых дакладчыкаў, шырыню тэматыкі, выдатную атмасферу. Чакаем працягу: «Тыдзень Байнэта. Рост», «Тыдзень Байнэта. Росквіт».

Канферэнцыя – натхняльная падзея, якая дае штуршок смелым думкам і новым вырашэнням, прымушае глядзець на звыклыя рэчы новымі вачыма. Можна ўпэўненна казаць пра тое, што пасля «Тыдня Байнэта» шмат якія кампаніі сур’ёзна перагледзяць уласныя планы. І гэта радуе, менавіта для гэтага ўсё было і задумана.


Удзельнікі: аўдыторыя «на 5+»


За гэтыя чатыры дні ў кангрэс-холе Прэзідэнт-атэля пабывала амаль паўтары тысячы чалавек. Кіраўнікі, маркетолагі, аптымізатары. Уласнікі бізнесу. Спецыялісты ў самых розных галінах.

Нават Аляксандр Садоўскі (Яндэкс) распачаў свой даклад кампліментамі. На канферэнцыі такога ўзроўню ў Маскве народ падцягваецца да гадзін 10 – 11, а тут а палове на 10-ю – ужо поўная зала.

Усе дакладчыкі хвалілі аўдыторыю: і пытанні задаюць разумныя, і слухаюць уважліва. Прабіцца да кожнага спікера ў кулуарах трэба было яшчэ пастарацца – столькі ўсяго хацелі ўдакладніць удзельнікі.

Беларусы не баяцца задаваць складаныя пытанні!

Пік наведванняў прыходзіцца на дзень SEO (каля 500 чалавек), у іншыя дні ў зале было па 400-450 чалавек.

Фактычна кожны дзень з раніцы да вечара зала была амаль поўная. А гэта амаль самая вялікая зала ў Мінску!


Онлайн: нас глядзелі нават у Паўднёвай Афрыцы!


Статыстыка падключэнняў паказвае дзіўныя факты. Калі асноўная аўдыторыя прадказальна збіралася з Беларусі, Расіі і Украіны, то невялікі працэнт падключэнняў быў адзначаны з такіх краін, як Казахстан, Ізраіль, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Польшча, Іспанія, Чэхія…

Онлайн-трансляцыя дазволіла назіраць за дакладамі большай колькасці зацікаўленых асоб. У цэлым за 4 дні адбылося больш за 8000 падключэнняў, было раздадзена больш за 1038 GB трафика.

Пікавая нагрузка прыйшлася на самы востры момант – націсканне знакамітай кнопкі, якая адключыла спасылкавае для Масквы – і трансляцыя не вытрымала. Таму сведкамі гістарычнай падзеі сталі толькі ўдзельнікі канферэнцыі, якія знаходзіліся ў зале.


Спікеры: «Мы рыхтавалі даклад спецыяльна для Мінска»


На канферэнцыі працавалі 46 дакладчыкаў з Расіі, Баларусі, Украіны, Літвы і Ірландыі. Уявіце, колькі кансультацый атрымалі ўдзельнікі канферэнцыі. Ніхто не сышоў пакрыўджаным!

Уся канферэнцыя была падзелена на чатыры вялікія напрамкі: распрацоўка сайтаў, прасоўванне (SEO), сацыяльныя медыя (SMM&digital) і інтэрнэт-маркетынг. У выніку атрымалася сабраць выбітных прадстаўнікоў розных галін – ад майстроў юзабіліці да спецыялістаў па е-мэйл-маркетынгу. І кожны прывёз арыгінальны даклад са свежымі прыкладамі і разнастайнымі «карыснасцямі» для бізнесу. Лінейная арганізацыя канферэнцыі (адна зала – адна плынь) апраўдала сябе: дакладчыкі атрымалі максімальна вялікую аўдыторыю, слухачы – магчымасць паслухаць усе даклады.

SEO-бомба разарвалася на другі дзень


Зразумела, усе ведаюць, што Яндэкс штогод рыхтуе для Мінска ўнікальны даклад. Усе ведалі, што Садоўскі яшчэ зімой абвясціў пра хуткую адмену спасылкавага для камерцыйных запытаў. Але ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца літаральна ў прамым эфіры!

З гутаркі з Кірылам Нікалаевым (Яндэкс, кіраўнік групы ў аддзеле вэб-пошуку): «Мы рыхтаваліся да гэтага моманту. Праграмісты распрацавалі спецыяльны механізм, які адразу пасля націскання кнопкі змяніў алгарытмы ранжыравання. Мы тэсціравалі яго адзін раз ноччу перад ад’ездам. Усё было менавіта так – алгарытм змяніўся там, амаль на ляту».

На сцэне ў Мінску сапраўды вяршылася гісторыя. Шмат хто запомніць 12 сакавіка як «Дзень, калі Яндэкс у Мінску адмяніў спасылкавае па камерцыйных запытах для Масквы».


Круглыя сталы: business to business

Задумка арганізатараў – тэматычныя круглыя сталы ў завяршэнні кожнага дня. І абавязкова – сустрэчы выканаўцаў і замоўцаў.

На белых канапах на сцэне былі заўважаны «монстры» індустрыі: Альфа-банк, «Алютех Груп», «Астронім», «Белфакта Медыя», студыя Баравога, Velcom, Volkswagen, GETBOB і іншыя.

Вострыя тэмы, дзіўная аднадушнасць у адных і тых жа пытаннях і пры гэтым неверагоднае рознагалоссе ў іншых, а галоўнае – жаданне зразумець адзін другога. І гэта атрымалася!


Арганізатары: гэта быў марафон…


Гэта сапраўды быў складаны і захапляльны марафон! Сустрэць, рассяліць, накарміць, адправіць дадому амаль паўсотні дакладчыкаў.

Паўтары тысячы ўдзельнікаў: адказаць на пытанні, аформіць білеты, зноў адказаць на пытанні. Зарэгістраваць, выдаць бэйдж і зноў адказаць на пытанні. Накарміць, сфатаграфаваць. Выдаць фатаграфіі. Як заўсёды, нехта згубіў нумарок ад паліто, нехта хоча сваё фота тут і зараз, нехта шукае дзяўчыну, якую бачыў учора вось тут, каля калоны. І пытанні, пытанні, пытанні…

1500 чалавек. 4000+ кубачкаў кавы і гарбаты. 115+ кілаграмаў печыва. 3800+ фотаздымкаў.

І ўсё атрымалася! Мы ганарымся тым, што ўзялі ўдзел у галоўнай падзеі года для беларускага інтэрнэта!


Па слядах «Тыдня Байнэта»


Паступова будуць апрацаваны і выкладзены ўсе прэзентацыі з усіх дзён канферэнцыі. Фотаздымкі ўдзельнікаў ужо з’яўляюцца на старонках Facebook, там жа можна паглядзець анонсы новых матэрыялаў.

Сачыце ўважліва за навінамі – усё, што вы прапусцілі або хочаце паглядзець яшчэ раз, будзе выкладзена на сайце канферэнцыі www.bynetweek.by.


Дзякуй усім, гэта было крута!


Канферэнцыя недарэмна прайшла пад назвай «Тыдзень Байнэта. Абуджэнне». Яна паказала: у Байнэта ёсць патэнцыял, ёсць рэзервы і магчымасці, ёсць будучае! Мы ўсе – гэта Байнэт, такі, які ён ёсць. І мы ўсе – удзельнікі, дакладчыкі, арганізатары – уносім уклад у яго развіццё, будуем наш Байнэт.

Так, не ўсё гладка. Так, ёсць праблемы. Але самае страшнае, што можа здарыцца, – гэта застой. «Тыдзень Байнэта» паказаў усім: можна не баяцца застою, беларускі інтэрнэт расце і развіваецца! І гэта выдатна.

Дзякуй усім неабыякавым, усім, хто апладзіраваў спікерам, хто задаваў пытанні, хто рыхтаваў праграму і забяспечваў мерапрыемства ўсім неабходным. Вы малайцы!

Байнэт – гэта мы з вамі!
Байнэт заслугоўвае нашых намаганняў!



x