Неделя байнета Конференция по интернет-маркетингу Хочу посетить 4 - 7 Апреля
03.03.2014

Канстанцін Максімюк: «SMM прадае ў стылі “эх раз, еще раз, еще много-много раз”!»

Саўладальнік інтэрактыўнага агенцтва «Новы Інтэрнэт» і спікер «Тыдня Байнэта» Канстанцін Максімюк распавёў камандзе Канферэнцыі, чаму сісадмін не можа стаць SMM-шчыкам і якіх кліентаў можна «паслаць».

– Канстанцін, скажыце, калі ласка, што першасна для добрага SMM-менеджара? Без чаго дакладна не абысціся?

Досвед у камунікацыях, перш за ўсё традыцыйных – PR, маркетынгу і рэкламе. На жаль, вельмі шмат SMM-спецыялістаў – яшчэ зусім наіўныя юнакі, якія лічаць, што рэчаіснасць па-за камп’ютарам можна ігнараваць. Я перапрашаю, але гэта мысленне сісадміна. SMM-чалавек – гэта той, хто займаецца, перш за ўсё, камунікацыямі, а пасля ўжо – інтэрнэтам, і ў самую апошнюю чаргу – гаджатамі.
Істотна, вядома, разуменне інтэрнэт-асяродка. Але гэта, мяркую, і так відавочна.

– Якія, на вашу думку, зараз суадносіны SEO і SMM у рэкламнай кампаніі?

Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма і быць не можа. Кожны кліент і яго галіна валодаюць сваімі асаблівасцямі. Прадаваць тут і зараз ў цэлым крыху лепш атрымліваецца ў SEO. Затое SMM прадае ў стылі «эх раз, еще раз, еще много-много раз».

– Якія кейсы за мінулы год вам запомніліся больш за ўсё?

Я амаль не сачу за рынкам, таму не вельмі зайздрошчу чужым поспехам.

Што тычыцца нашага агенцтва. Я ганаруся тым, што ў гэтым годзе мы знайшлі вельмі правільную нішу (буціковае агенцтва для некалькіх кліентаў), і ў нас атрымаліся некаторыя інтэграваныя праекты (калі мы ўпершыню ў нашай гісторыі рабілі, у тым ліку, і офлайн-праекты). Рабілі праекты для Тэатра мюзікла (SEO-частку, дарэчы, выдатна зрабілі партнёры з Беларусі), Вышэйшай школы эканомікі, KFC, AIG і аднаго з вытворцаў мабільных тэлефонаў. Пра самы яскравы кейс, калі будзе пытанне, распавяду на канферэнцыі.

– Як у сваім агенцтве вы выбудоўваеце працу з SMM-праектам? Ці аддаяце нешта на аўтсорсінг?

На аўтсорсінг мы аддаём складаныя візуальныя «штуковіны» (інфаграфіку як частку SMM-кантэнту, нарыклад). Таксама супрацоўнічаем з прадакшн-студыямі, калі патрэбна нешта перакласці на іншых. У асобных выпадках запрашаем людзей для стварэння кантэнту – напрыклад, суполка ВШЭ на англійскай мове, і кантэнт рыхтавала руская дзяўчына, якая шмат год жыве ў англамоўным асяродку. Усё астатняе робіцца ўнутры агенцтва.

– На канферэнцыях вам часта задаюць пытанні, але ўсё ж такі, якое «правільнае», з вашага пункту гледжання, пытанне вам яшчэ не задавалі?

Мала вострых, правакацыйных пытанняў і канкрэтнага (але кемлівага і дарэчнага, а не злога) тролінгу.

Што вас больш за ўсё раздражняе ў замоўцах (я ўжо да ўсяго прызвычаіўся, але пры пераходзе пэўнага парога хамства, маразму і непрафесіяналізму замоўцу я ўсё ж такі магу паслаць,хаця да гэтага даходзяць адзінкі)? Ці давадзілася вам даваць адкаты (не, не давадзілася, і мы не збіраемся гэта рабіць, бо гэта крымінальшчына)? Як вы ставіцеся да службовых раманаў у агенцтве (гэта не мая справа, да таго ж, гісторыя нашага агенцтва так прыкладна і пачалася, таму мне нельга непаважліва ставіцца да вытокаў)? Колькі вы зарабляеце (у гэтым годзе я магу на гэтае пытанне адказаць так, каб усе падумалі, што я лузер)? І, вядома, якія планы на вечар (мой канцэрт)?

Хаця ў мінулы раз мяне выдатна патролілі з нагоды рэпутацыі SMMшчыка. Але я, здаецца, прыстойна адказаў у стылі «разумеючы сумніўны імідж SMM, мы сталі агенцтвам інтэграваных камунікацый». Чакаю яшчэ больш моцных драйвовых пытанняў «пры ўсіх». І, вядома, заўсёды з задавальненнем распавяду шмат чаго цікавага ў кулуарах.

– Ведаем пра вашае захапленне музыкай і пра вашу групу «Піджакі». Скажыце, чаму рэтра?

Сачыненне, выкананне і прасоўванне музыкі – гэта, на жаль (і на шчасце), не захапленне, а цяжкая праца з сумніўнымі перспектывамі, і я не жартую (ну, можа, толькі крыху.
Група «Піджакі» – гэта мой на сёння самы ўдалы музычны праект (ёсць і яшчэ два). Я нарадзіўся ў СССР і ў дзяцінстве глядзеў з балкона парады, ў тэлеку твары правадыроў, магчыма, таму і рэтра. Што сапраўды істотна, дык гэта тое, што ён нагадвае мне маё няўрымслівае дзяцінства. А музыку я люблю ў прынцыпе. У маёй фанатэцы больш за сотню пласцінак і CD. Але прасцей за ўсё зразумець (або заблытацца), што мне падабаецца, зайшоўшы ў раздзел «Музыка» на маёй старонцы ў «Вконтакте». Там сотні песень, з якімі ў мяне нешта было, ёсць і/або будзе.

А што, яшчэ і канцэрт будзе?

Усё магчыма, сачыце за сайтам канферэнцыі!

x