Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

19.02.2014

Андрэй Ліпатцаў, Google: «Я з задавальненнем прыняў запрашэнне выступіць перад аўдыторыяй у Мінску»

Андрэй Ліпатцаў ужо больш за тры гады працуе ў аддзеле якасці пошуку Google. На Міжнароднай канферэнцыі «Тыдзень Байнэта» ён выступіць з дакладам «Як працуе пошук і як прымусіць яго працаваць на сябе». У ім Андрэй распавядзе пра прынцыпы сканiравання, індэксавання і ранжыравання інфармацыі ў пошукавай выдачы Google. Напярэдадні канферэнцыі мы звязаліся з Андрэем і папрасілі яго адказаць на некалькі каверзных пытанняў пра «добрыя» і «дрэнныя» спасылкі і не толькі.



– Андрэй, у размовах з вэб-майстрамі на форуме вы паказваеце сапраўды фенамінальную вытрымку, чаго нельга сказаць пра вашых субяседнікаў. У вас не узнікае калі-нiкалі жаданне забыцца на паліткарэктнасць і адкрытым тэкстам выказацца пра ўладальніка «яшчэ аднаго г**насайта»?

– Я выказаў свае адносіны да вэб-майстроў у нас на форуме яшчэ некалькі год таму: «Вэб-майстры XXI стагоддзя – гэта першадрукары стагоддзя XVI. Яны робяць даступнай для ўсяго насельніцтва зямлі інфармацыю, веды, тавары і паслугі, якія інакш ніколі б не былі даступнымі. Таму мы адносімся да вэб-майстроў з глыбокай павагай…»

За гэты час мае адносіны не змяніліся. Я па-ранейшаму лічу, што менавіта вэб-майстры ствараюць патрэбнае інфармацыйнае поле, на падставе якога фарміруецца база ведаў чалавецтва. Несумненна, вэб-майстры па-рознаму бачаць свае задачы, і мы нярэдка сутыкаемся з непаразуменнем і, магчыма, недаверам з іх боку. Менавіта таму для мяне так істотна адносіцца да ўсіх, хто звяртаецца да нас на форум або па іншых каналах за парадай ці дапамогай, без прадузятасці, з павагай і разуменнем, дзяліцца сваім досведам і ведамі, атрымліваць важныя сігналы адваротнай сувязі і гэтым падштурхоўваць усю нашу экасістэму да развіцця і паляпшэння.

– Ці не надакучыла вам зноў і зноў адказваць на пытанні пра «добрыя» і «дрэнныя» спасылкі?

– Мы імкнёмся даваць максімальны аб’ём інфармацыі па самых розных каналах, у тым ліку і з мэтай паменшыць колькасць аднолькавых пытанняў. Аднак калі некаторыя пытанні ўзнікаюць зноў і зноў, значыць, у нас пакуль не атрымалася дастукацца да ўсёй мэтавай аўдыторыі. Менавіта таму я з такім задавальненнем прыняў запрашэнне выступіць перад аўдыторыяй у Мінску.

– На якое пытанне вам вельмі хочацца даць разгорнуты адказ, але яго яшчэ ніхто не задаў?

– Нейкае адно пытанне не прыходзіць у галаву, але я быў бы задаволены, калі б нам сумеснымі намаганнямі атрымалася перайсці ад пытанняў «прасоўвання» да пытанняў задавальнення інфармацыйных і іншых патрабаванняў карыстальнікаў. Таксама было б добра, калі б мы менш абмяркоўвалі тэхнічныя асаблівасці аналізу сайтаў пошукавымі сістэмамі і больш увагі ўдзялялі таму, што карыстальнікі сапраўды чакаюць ад інтэрнэт-рэсурсаў.

– Неяк вы сказалі, што ваша доўгатэрміновая задача – «зрабіць Рунэт карысным». А што менавіта вы мелі на ўвазе пад словам «карысны»? Біржы спасылак жа таксама карысныя – яны дапамагаюць вэб-майстрам падтрымліваць веру ў чароўныя ўласцівасці спасылкавага seo-смецця…

– Несумненна, азначэнне карыснасці залежыць ад пункту гледжання таго, хто гэтае азначэнне дае. Вы, магчыма, чыталі шэраг размоў з Уладзімірам Афіцэравым, дзе ён не аднойчы выказваў шкадаванні пра недахоп якаснага і запатрабаванага кантэнту ў Рунэце. Я як карыстальнік таксама не аднойчы сутыкаўся з адсутнасцю выбару пры пошуку інфармацыі або паслуг.

Пад карыснымі сайтамі я, перадусім, разумею тыя, што не проста задавальняюць існуючыя патрабаванні карыстальнікаў, але і папярэджваюць і фарміруюць іх, рухаючыся нага ў нагу з тэхнічным прагрэсам. Мяне бясконца радуе з’яўленне новых, унікальных сервісаў, роўна як і развіццё існуючых, якія заслугоўваюць давер і любоў карыстальнікаў. За апошнюю пару год адбыліся пэўныя зрухі ў гэтым напрамку, але нас усё яшчэ чакае вельмі вялікая праца.

– Напэўна, адна з навін, што выклікала найбольшыя абмеркаванні ў мінулым годзе, – гэта намер Яндэкса адмовіцца ад уліку спасылак пры ранжыраванні камерцыйных запытаў. А ў Google разглядалася калі-небудзь такая магчымасць? Як вы думаеце, ці можа так здарыцца, што пазіцыя Яндэкса падштурхне інтэрнэт-гігант да «канчатковага вырашэння спасылкавага пытання»?

– Мы стала разглядаем спосабы павышэння рэлевантнасці і карыснасці вынікаў. На дадзены момант алгарытм PageRank застаецца неад’емнай часткай агульнага алгарытму пошуку. Пры гэтым нашы інжынеры ўносяць ў агульны алгарытм больш за 1.5 тысячы зменаў за год, няспынна эксперыментуюць з новымі сігналамі і адсочваюць пажаданні карыстальнікаў. Я не думаю, што фармуліроўка «вырашэнне спасылкавага пытання» падыходзіць для канструктыўнага дыялогу. Мы зацікаўлены ў тым, каб інтэрнэт заставаўся адкрытай сістэмай, здольнай да самарэгуляцыі, дзе ніхто не будзе мець больш або менш істотны пункт гледжання за ўсіх астатніх. Таму мы працягваем даследаваць спосабы, каб як мага больш правільна і дакладна вызначыць гэтае меркаванне, выкарыстоўваючы ўсе старыя і новыя магчымасці.

– Наколькі нам вядома, зараз вы працуеце ў Дубліне. Які офіс кампаніі больш камфортны – расійскі або ірландскі?

– Гэтыя офісы дастаткова цяжка параўноўваць, бо яны моцна адрозніваюцца па памерах і па разнастайнасці аддзелаў і сервісаў, якія ў іх маюцца. Я заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаю ў маскоўскі офіс, але з такім жа задавальненнем вяртаюся і ў дублінскі. Мяркую, у абодвух мяне больш за ўсё прывабліваюць мае калегі, многiя з якіх ужо даўно сталі маімі добрымі сябрамі. Па-сапраўднаму вялікую асалоду ў маскоўскім, дублінскім або любым іншым офісе Google я атрымліваю менавіта ад працы і ад камунікавання з аднадумцамі.

– Андрэй, вялікае дзякуй за цікавую і шчырую гутарку! Будзем рады бачыць вас ў Мінску на «Тыдні Байнэта»!

x