Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

14.06.2012

Стэфан Эрыксан стаў ганаровым старшынём журы Фестывалю AD.NAK!

Амбасадар Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан узначаліў журы намінацыі «Грамадсказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры» Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!.
 
Стэфан Эрыксан – знакавая фігура не толькі ў дыпламатычных адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй, але і ва ўнёску ў беларускую культуру. Стэфан Эрыксан горача падтрымлівае ідэю правядзення Фестывалю AD.NAK! і лічыць, што сітуацыя на рэкламным рынку змяняецца ў бок павелічэння колькасці беларускамоўных прадуктаў.
 
«Фестываль AD.NAK! – вельмі добрая ініцыятыва, якая спрыяе ўмацаванню пазіцый беларускай мовы ў рэкламе і не толькі. Такія імпрэзы вельмі патрэбныя, каб сабраць найлепшую беларускую рэкламу і прадэманстраваць усю яе моц і прыгажосць. Дагэтуль рускамоўная рэклама дамінавала, але сітуацыя змяняецца, і гэта цешыць: беларускай рэкламы робіцца больш, хоць пакуль яшчэ і не хапае. Прыемна бачыць, што беларуская камунікацыя выкарыстоўваецца не толькі беларускім, але і замежным бізнэсам, што сведчыць пра яе паўнавартасны статус. Таму чакаем ад Фестывалю якасна новых працаў – і ад беларускіх, і ад замежных вытворцаў і рэкламістаў», – сказаў Стэфан Эрыксан.
 
Амбасадар таксама адзначыў, што не кожнаму замежніку зразумелая праблема дзвюхмоўя, што праяўляецца ў рэкламнай сферы. Але, знаходзячыся ў Беларусі, адразу разумееш, што такая праблема ёсць. Аднак, адзначае сп. Эрыксан, хочацца, каб мова ўзмацняла свае на сённяшні дзень досыць сціплыя пазіцыі ў сферы рэкламы. Бо менавіта беларускамоўная рэклама прыцягвае, «чапляе» людзей. Яна выглядае цікавейшай і свяжэйшай, бо вылучаецца з агульнай інфармацыйнай плыні.

У склад журы намінацыі таксама ўвайшлі:
 
Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM
Жанна Грынюк, дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SАТІО, старшыня аргкамітэта конкурсу «Брэнд года»
Раман Касціцын, кіроўны партнёр камунікацыйнага агенцтва ARS Communications Minsk
Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва «Ў»
Ніна Шыдлоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Руся, спявачка, удзельніца руху «Адраджэнне мовы і культуры»
Таццяна Ігнатоўская, партнёр, кіраўнік камерцыйнай практыкі юрыдычнай кампаніі «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры»
Андрэй Барашка, кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by
Вольга Кузьміч, кіраўнік праекту Generation.by
Вольга Ліпай, намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН»
Галіна Малішэўская, генеральны дырэктар «КП в Белоруссии»
Інга Ліндарэнка, каардынатар праeкту 34mag.net
Марына Золатава, рэдактар парталу TUT.by
 
Нагадаем, прыём работаў для ўдзелу ў конкурснай праграме Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнецца да 17 чэрвеня
 
Усе дасланыя на Фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.
 
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга Фестывалю адбудзецца 5 ліпеня. На працягу Вялікага фестывальнага дня будзе праходзіць адукацыйная праграма, якая будзе складацца з майстар-класаў вядучых беларускіх і замежных рэкламістаў, круглых сталоў і сустрэчаў з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі. 
 
Дакладная праграма Вялікага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.
 
Дадатковую інфармацыю аб Фестывалі можна атрымаць:
на сайце ADNAK.BY;
па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87;
праз e-mail adnak@budzma.org.
 
x