Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

11.06.2012

AD.NAK!: яшчэ можна паспець!

Прыём работ для ўдзелу ў Трэцім фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнуты да 17 чэрвеня. Аргкамітэт фестывалю вырашыў даць шанец тым, хто проста фізічна не паспеў даслаць свае творы ў раней пазначаны тэрмін, 11 чэрвеня. Такім чынам, ва ўдзельнікаў, якія думалі, што не паспелі з падачай работаў, з'явіўся шанец уступіць у спаборніцтва за прызы.
 
Апошні тыдзень стаў вельмі гарачым для аргкамітэта фестывалю. Удзельнікі актывізаваліся. Па стане на раніцу 11 чэрвеня да ўдзелу ў фестывалі было пададзена каля 220 работаў.
 
Найбольшая колькасць работаў (аж 144!) паступіла ад ўдзельнікаў з Мінска. Прадстаўнікі Мінскай вобласці падалі 12 работаў, Віцебскай – 11, Гомельскай – 4, Гродзенскай – 3, Брэсцкай – 1. Прадстаўнікі Магілёўскай вобласці дагэтуль былі найменш актыўнымі.
 
Сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць крэатары з Літвы і Украіны. Гэта сведчыць пра тое, што Фестываль AD.NAK! набывае сапраўды міжнародны характар.
 
Як і летась, найбольшай папулярнасцю сярод намінацыяў сёлета карыстаецца катэгорыя «Дызайн & Art Direction». Акрамя таго, даволі актыўна падаюцца работы ў Антыпрэмію «Каша сувораўская», намінацыі «Сацыяльная рэклама»«Тэлевізійная і кінарэклама». Пакуль не актыўнічаюць удзельнікі намінацый «Рэкламныя, PR-кампаніі»«Радыё- ці аўдыёрэклама», а таксама «СМІ альбо медыяпраекты».
 
Самым прывабным для ўдзельнікаў стаў «Рэкламны фотаздымак». Конкурс «Еўропа ўнутры Беларусі» таксама карыстаецца папулярнасцю. А вось на конкурсы «Alma Матуля», на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка, рэкламнага постара і назвы і запакоўкі «У мыле сэнс» пакуль пададзена не вельмі шмат заявак. 
 
Сябры аргкамітэта фестывалю заклікаюць удзельнікаў актыўна падаваць свае работы. У Еўропе фестывалі рэкламы – гэта найбольш перспектыўны камунікацыйны канал прасоўвання брэндаў і гандлёвых марак. Менавіта таму яны збіраюць вялікую колькасць працаў. Беларусь штогод даказвае, што яна не горшая за іншыя еўрапейскія краіны. Сёлетні фестываль AD.NAK! мае стаць істотнай з’явай не толькі ў беларускім, але і ў агульнаеўрапейскім рэкламным асяроддзі. А работы, пададзеныя на фестываль, убачаць сотні і тысячы прафесіяналаў па ўсім свеце.
 
Усе дасланыя на фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.
 
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга фестывалю адбудзецца 5 ліпеня. Цягам Вялікага фестывальнага дня будзе праходзіць адукацыйная праграма, якая будзе складацца з майстар-класаў найбуйнейшых беларускіх і замежных рэкламістаў, круглых сталоў і сустрэчаў з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі. 
 
Дакладная праграма Вялікага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.
 
Дадатковую інфармацыю пра фестываль можна атрымаць:
на сайце ADNAK.BY; 
па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87; 
альбо праз e-mail adnak@budzma.org.
 
x