Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

31.05.2012

Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! зноў расчыняе свае дзверы  для ўдзельнікаў конкурснай праграмы. Ад 27 красавіка распачаўся прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах фестывалю. Паўдзельнічаць запрашаюцца як прафесіяналы ў галіне рэкламы і камунікацыі, так і пачаткоўцы і аматары, якія адчуваюць у сабе смеласць і моц ствараць і развівацца ў галіне беларускамоўнай рэкламы. Прыём працаў працягнецца да сярэдзіны чэрвеня.
 
Сёлета фестываль памяняў свой стыль. Ён зрабіўся больш прамянёвым, шматколерным і разнастайным. Канцэпцыя стылю заснаваная на перакрыжаваннях колераў – разнастайных ідэяў, якія ў спалучэнні нараджаюць новыя і новыя. Абнавіўся і сайт фестывалю adnak.by. На ім цяпер можна знайсці яшчэ больш цікавай і карыснай інфармацыі, паглядзець фота- і відэасправаздачы і зменшыць колькасць забабонаў у дачыненні да ўжывання беларускай мовы ў рэкламнай камунікацыі.
 
Мінулыя два фестывалі паказалі, што цікавасць да беларускамоўнага рэкламнага і камунікацыйнага прадукту расце. Колькасць удзельнікаў і працаў у параўнанні з Першым фестывалем павялічылася больш чым удвая – 272 працы ад больш як 100 удзельнікаў.
 
У гэтым годзе другі раз у Байнэт выходзіць рэкламны ролік, анансуючы фестываль сярод прафесійнай рэкламнай супольнасці Беларусі і ўсіх тых, хто цікавіцца рэкламай на беларускай мове. Сёлеташні ролік атрымаў назву «Зазубень». Адметна, што за два выхады ў рэкламных ролікаў-анонсаў сфармаваўся дакладны, пазнавальны фармат, што ставіць плюс у скарбонку «фестывальнасці» AD.NAK.
 
Рэклама на беларускай мове – гэта не проста паведамленне, інфармацыя ў якім пададзена на роднай мове. Гэта не проста словы. Гэта набор нацыянальных кодаў і  ментальных рысаў. Гэта ўвесь культурны фон, у якім мы жывем, успрымаем, адчуваем.
 
Беларускамоўная рэклама – гэта пасланне, якое «чапляе» нас не толькі на ўзроўні пяці пачуццяў, а значна глыбей. Паведамленне на беларускай мове звернутае да той культуры, носьбітам якой з'яўляецца кожны з нас. Менавіта гэта сэнс «ментальнай рэкламы» і «шостага, рэкламнага, пачуцця» закладзены ў «Зазубні» ад AD.NAK.
 
Кульмінацыяй фестывалю стане Вялікі фестывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма фестывалю будзе складацца з серыі майстар-класаў беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.
 
Адзначце 5 ліпеня ў сваім календары як дзень беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. І можаце сачыць за навінамі як на сайце фестывалю adnak.by, так і на сайтах арганізатараў marketing.by, budzma.org.
 
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся ў прэс-службу фестываля AD.NAK!:
Алесь Плотка,
Тэл.: (29) 394-82-04;
adnak@budzma.org
x