Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

23.01.2012

Алёна Усціновіч: камунікацыйныя актыўнасці ва ўмовах эканамічнага спаду

Не сакрэт, што эфектыўныя камунікацыі садзейнічаюць поспеху любога бізнесу. Аднак мінулы год у гэтым плане стаўся даволі няпростым для большасці беларускіх прадпрыемстваў. Па дадзеных маркетынгавага даследавання РА «Белая Карона», праведзенага ў 2011 годзе, праз пагаршэнне сітуацыі на валютным рынку краіны кампаніі сутыкнуліся з шэрагам праблем. Сярод іх: абмежаваны бюджэт на камунікацыйныя мерапрыемствы (39.4%), падзенне попыту на тавары і паслугі (33.3%), нізкая плацежаздольнасць мэтавай аўдыторыі (21.2%), неканкурэнтаздольныя кошты (15.2%) і дзяржаўнае рэгуляванне коштаў (9.1%). Сярод праблем былі таксама названы адсутнасць новых каналаў збыту, увядзенне абмежаванняў для прадпрыемстваў на закуп імпартных тавараў, што істотна знізіла кола спажыўцоў.

Даследаванне паказала, што толькі ў 9% кампаній камунікацыі засталіся на мінулым узроўні ў адпаведнасці з устаноўленым планам. У 33.3% арганізацый адбылося зніжэнне рэкламных кампаній у СМІ ў сярэднім на 49.5%. У 30.3% прадпрыемстваў адбылося зніжэнне PR-актыўнасці ў сярэднім на 37.6%.

Праблемы на валютным рынку ўнеслі істотныя карэктывы ў фарміраванне маркетынгавых і рэкламных бюджэтаў у бок іх скарачэння для большасці кампаній. Тым не менш, разумеючы, што крызіс – гэта і магчымасць заняць новую нішу на рынку, некаторыя кампаніі, наадварот, прыбавілі ў сваіх камунікацыйных актыўнасцях. Згодна з даследаваннем, у 9.1% беларускіх кампаній адбылося павелічэнне PR-актыўнасці ў сярэднім на 16% і ў 15.2% арганізацый адбылося павелічэнне рэкламы ў СМІ ў сярэднім на 39%, што яшчэ прыкметней на фоне скарачэння камунікацыйнай актыўнасці канкурэнтаў.

Крызіс не можа быць бясконцым, пасля яго абавязкова будзе рост, таму шмат якім прадпрыемствам зразумела, што скарачэнне выдаткаў на прасоўванне прадукцыі – гэта не самы лепшы спосаб аптымізацыі выдаткаў. Пры гэтым камунікацыйную актыўнасць нават буйныя кампаніі, якія валодаюць уласнымі службамі маркетынгу, у абсалютнай большасці (72%), праводзяць пры дапамозе рэкламных агенцтваў. Больш высокая эфектыўнасць рэкламнай камунікацыі, распрацаванай агенцтвам, тлумачыцца тым, што супрацоўнікі агенцтваў, як правіла, прафесіяналы, якія штодзень сутыкаюцца з шырокім спектрам маркетынгавых сітуацый, маюць наладжаныя ўзаемаадносіны са СМІ, а таксама прадастаўляюць прадпрыемствам дадатковыя бонусы: кансалтынг і сервіс. Плюс да ўсяго, агенцтва – незалежная арганізацыя, што дазваляе зірнуць на праблемы кліентаў аб’ектыўна, выключаючы ўздзеянне суб’ектыўных фактараў.

Апытанне кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў выявіла і галоўныя фактары, якія сёння ўплываюць на выбар партнёра ў сферы аказання маркетынгавых і рэкламных паслуг. Найбольш пераважнымі для кампаній з’яўляюцца аператыўнае выкананне работ (54.5%), высокая якасць прац (51.5%), наяўнасць крэатыўных ідэй (42..4%) і недарагі кошт паслуг (39.4%), высокая рэпутацыя агенцтваў і наяўнасць у іх знаёмых спецыялістаў (24.2%), наяўнасць у фірме кампетэнтных спецыялістаў і магчымасць замовіць поўны комплекс паслуг у адным месцы (18.2%).

Асаблівае месца ў эфектыўным планаванні камунікацый займае павышэнне прыфесійнай кваліфікацыі спецыялістаў служб маркетынгу кампаній. Неабходнасць у прафесійным навучанні і ў павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў аддзела маркетынгу адчуваюць 67% апытаных арганізацый. Па меркаванні дырэктароў прадпрыемстваў, зацікаўленых у прафесійнай адукацыі сваіх супрацоўнікаў, сёння найбольш неабходнымі напрамкамі для вывучэння з’яўляюцца нестандартныя рэкламныя кампаніі (40.9%) стратэгічны маркетынг (36.4%), методыка планавання рэкламных кампаній (31.8), правядзенне маркетынгавых даследаванняў, правядзенне малабюджэтных рэкламных кампаній (27.3%), брэнд-менеджмент (22.7%), крэатыў (18.2%).

Як паказваюць вынікі даследавання, неабходнасць у прафесійным навучанні сярод беларускіх кампаній вельмі высокая, што дазваляе спадзявацца на павышэнне кампетэнцый спецыялістаў, больш эфектыўнае выкарыстанне маркетынгавых і рэкламных бюджэтаў ужо ў самы блізкі час.

Маркетынг і рэклама – гэта тыя сферы бізнесу, якія знаходзяййа ў сталым развіцці і больш за ўсе падуладны зменам і інавацыям. Я рада, што ў нашай краіне, у тым ліку і дзякуючы навукова-адукацыйнай праграме фестываля «Белы Квадрат», з’явілася магчымасць атрымліваць каштоўны практычны досвед у пабудове эфектыўных камунікацый ад самых бліскучых і таленавітых прадстаўнікоў рэкламнага рынку не толькі Беларусі, але і краін СНД і Еўропы, што асабліва каштоўна для павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў як на айчынным, так і на замежных рынках. На IV «Белым Квадраце», які адбудзецца 19 – 21 красавіка, у навукова-адукацыйнай праграме будзе нададзена вялікая ўвага тэмам і пытанням, якія хвалююць кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў з пункту погляду павышэння эфектыўнасці камунікацый.
x