Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

09.12.2011

IV «Белы квадрат»: бізнес-прарыў распачнецца ў красавіку

Міжнародны Фестываль маркетынгу і рэкламы «Белы квадрат» адбудзецца 19 – 21 красавіка 2012 года ў сталіцы Беларусі, горадзе Мінску. Фестываль пройдзе пад дэвізам «ВАШ БІЗНЕС-ПРАРЫЎ», і гэта ў поўнай меры адпавядае місіі Фестываля.

Пра Фестываль, яго асаблівасці, мэты і задачы мы паразмаўлялі з яго заснавальнікам, дырэктарам РА «Белая Карона», членам Савета Асацыяцыі Рэкламных Арганізацый Беларусі, Аленай Усціновіч.

Вось ужо чацвёрты раз будзе праведзены Міжнародны Фестываль маркетынгу і рэкламы «Белы квадрат». Ці змяніліся яго мэты і задачы?

«Белы квадрат» – мерапрыемства з унікальным для Беларусі фарматам. Гэта галоўная, самая яскравая і прадстаўнічая пляцоўка па маркетынгу, якая была неаднаразова прызнана лепшай у галіне. Штогод звыш за 500 ТОР-менеджараў па маркетынгу і развіцці наведваюць гэты бізнес-форум з мэтай атрымаць самыя перадавыя інструменты, тэхналогіі і вырашэнні ў маркетынгу. Як быць больш эфектыўным у сваім бізнесе дзякуючы крэатыўным вырашэнням, творчаму падыходу да маркетынгу і рэкламы – адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў атрымаюць акрэдытаваныя ўдзельнікі Фестываля 2012.

Як вы лічыце, ці павялічыцца колькасць удзельнікаў на наступным фестывалі?

Існуе некалькі форм удзелу ў фестывалі – падача конкурсных работ і акрэдытацыя прадстаўнікоў без удзелу ў конкурсе, але з удзелам у навукова-адукацыйнай праграме. На трэці Фестываль было пададзена 1272 работы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 20 краін, у тым ліку з Беларусі, Украіны, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Балгарыі, Германіі, Швейцарыі, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Малдовы, Македоніі, Фінляндыі, Польшчы. Улічваючы няпростую эканамічную сітуацыю ў Беларусі, у 2012 годзе мы разлічваем на такую ж колькасць пададзеных работ і павелічэнне колькасці акрэдытаваных удзельнікаў. Прагназуецца рост колькасці ўдзельнікаў, перш за ўсё з краін СНД, якія высока ацэньваюць дынаміку «Белага Квадрата», бізнес-арыентаваны кантэнт, склад удзельнікаў.

Па аб’ёме пададзеных работ на трэцім Фестывалі лідэрам з’яўляецца Беларусь, за якой у роўных суадносінах ідуць Расія і Украіна. З іншых краін прац значна меней. Чым гэта можна патлумацыць?


Фестываль за дастаткова кароткі прамежак часу набыў статус значнай падзеі ў прафесійнай суполцы, перш за ўсё ў краінах СНД. З першага дня правядзення Фестываля Усеўкраінская рэкламная кааліцыя прысудзіла рэйтынг крэатыўнасці Фестывалю, у гэтым годзе Асацыяцыя Камунікацыйных Агенцтваў Расіі таксама ўключыла «Белы Квадрат» у рэйтынг крэатыўнасці расійскіх камунікацыйных агенцтваў. У першую чаргу, гэта абумоўлена прафесійным падыходам да прынцыпаў фарміравання журы, агульнай канцэпцыяй і ўзроўнем арганізацыі фестываля. Усё гэта дазволіла атрымаць самую высокую адзнаку і падтрымку калег з найбольш блізкіх і садружных з намі краін. Тым не менш, мы назіраем рост зацікаўленасці да фестываля і сярод іншых еўрапейскіх суседзяў.

Як паказваюць папярэднія Фестывалі, склад журы конкурсаў з’яўляецца міжнародным. Хто будзе ацэньваць работы на наступным Фестывалі?

У нас будзе працаваць дзевяць складаў журы: крэатыўнае журы, журы графічнага і камунікацыйнага дызайну, журы радыёрэкламы, інтэрнэт-журы, журы рэкламных кампаній і медыя-праектаў, журы сацыяльнай рэкламы, журы конкурса інавацый і журы СМІ. Кожны склад будзе ўключаць лепшых прадстаўнікоў рэкламнага рынку Беларусі, Украіны, Расіі, краін Балтыі, Фінляндыі, Англіі, Польшчы, Германіі, Арменіі, Казахстана і іншых краін. У значнай большасці, гэта крэатыўныя дырэктары вядомых рэкламных агенцтваў у розных краінах, якія маюць значныя ўзнагароды на міжнародных фестывалях, або арт-дырэктары і кіраўнічы персанал вядомых камунікацыйных кампаній, якія змаглі вывесці на рынак не адзін дзесятак паспяховых брэндаў, і прадстаўнікі вядучых digital-кампаній, якія штогод ствараюцьновыя фарматы і новыя спосабы прасоўвання ў сеціве Інтэрнэт.

«Белы Квадрат» кожны год прыўносіць нешта нечаканае ў свой фармат. Што новага чакаецца на фестывалі ў красавіку наступнага года?

Мы перагледзілі ўсе конкурсы і намінацыі. Удзельнікі ўжо ў снежні змогуць зарэгістраваць конкурсныя работы ў абноўленых у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі рэкламнага рынку намінацыях. Акрамя гэтага, у нас з’явіцца абсалютна новы конкурс – інавацый у маркетынгу і рэкламе! Склад журы будзе разглядаць пададзеныя на гэты конкурс работы (друкаваная рэклама, відэа, рэкламныя кампаніі і г.д.) з пункту гледжання, перш за ўсё, наватарства і інавацый. У маркетынгу і рэкламе з’яўляюцца новыя трэнды, вырашэнні, і мы хацелі б, каб удзельнікі Фестываля азнаёміліся з такімі работамі, з тым, якім чынам свежыя ідэі рэалізуюцца як у СНД, так і ў Еўропе. З усімі намінацыямі можна будзе азнаёміцца на афіцыйным сайце фестываля www.adfest.by ужо ў сярэдзіне снежня. Несумненна, абнаўляецца і склад хедлайнераў Фестываля. Акрамя гэтага, акрэдытаваных удзельнікаў чакае насычаная вячэрняя і экскурсійная праграма.

Што вызначае найбольшы інтарэс да гэтага мерапрыемства з боку кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў?


«Белы квадрат» – гэта найбольш бізнес-арыентаваны Фестываль, і яго навукова-адукацыйная праграма з’яўляецца ключавым звяном, якое дазваляе ўдзельнікам атрымаць магутны імпульс для прафесійнага росту, павышэння эфектыўнасці маркетынгу і канкурэнтаздольнасці сваёй кампаніі. Падчас Фестываля, цягам трох дзён, адбудзецца больш за 40 майстар-класаў, семінараў у сферы маркетынгу, брэндынгу і маркетынгавых камунікацый. Ужо зараз мы фарміруем праграму наступнага фестываля, склад хедлайнераў, які будзе не менш прадстаўнічым у параўнанні з папярэднім фестывалем. Ужо зараз свой удзел у «Белым Квадраце» пацвердзілі спікеры з Расіі, Германіі, Фінляндыі, Эстоніі, Англіі, у тым ліку ўладальнікі ўзнагарод Канскага фестываля, Epica, Golden Drum, ММФР, КМФР і іншых. Большасць з іх будзе ў складзе журы. Магчымасць атрымаць паспяховы практычны досвед з «з першых вуснаў», пакамунікаваць у нефармальных абставінах і абзавесціся карыснымі справавымі кантактамі – вось тыя галоўныя фактары, якія прывабліваюць беларускіх рэкламадаўцаў на фестываль.

Некаторыя беларускія рэкламісты крыўдзяцца, што галоўныя ўзнагароды дастаюцца не беларусам. Як вы гэта пракаментуеце?

Гэта не дзіўна, што галоўныя ўзнагароды пакуль пакідаюць Беларусь. Па складзе ўдзельнікаў і прац на «Белым Квадраце» ўзята вельмі высокая планка. Тым не менш, менавіта на «Белым квадраце» беларускія агенцтвы заваявалі найбольшую колькасць узнагарод у параўнанні з іншымі Фестывалямі, якія прайшлі у гэтым годзе ў іншых краінах. Выключэннем стаў толькі «Залаты Прапеллер», дзе два беларускія агенцтвы, PR2 і ТDI літаральна «парвалі канкурэнтаў» у сваіх профільных намінацыях. Я была членам журы гэтага фестываля і шчыра радавалася за калег.

Я шчыра спадзяюся, што ў наступным годзе ў беларускіх агенцтваў узнагарод будзе больш, як у папярэднім, але, тым не менш, не стану ўплываць на вырашэнне журы ні пры якіх умовах. За гэты прынцыповы і аб’ектыўны падыход «Белы Квадрат» высока ацэньваюць у міжнародным прафесійным грамадстве. Тым і больш істотныя ўзнагароды, атрыманыя на фестывалі.

Калі пачынаецца старт прыёму прац на наступны фестываль і як можна падаць работу і заяўку на ўдзел у навукова-адукацыйнай праграме?

Мы распачнём прыём работ раней за звычайны тэрмін – у сярэдзіне снежня. Гэта звязана, у першую чаргу, з тым, што фестываль развіваецца, і з кожным годам прац становіцца ўсё больш. Тэрміны падачы маюць велізарнае значэнне як для удзельнікаў, так і для дырэкцыі фестываля. У наступным годзе мы плануем скараціць тэрміны deadline, каб у больш спакойнай абстаноўцы падрыхтавацца да фестываля, і да цырымоніі ўнагароджвання пераможцаў. Падаць працы на фестываль можна пры дапамозе афіцыйнага сайта фестываля www.adfest.by, які ў найбліжэйшы час распачне працу з абноўленым кантэнтам. Там падрабязна будуць выкладзены правілы ўдзелу, там жа можна будзе спампаваць заяўку на ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах фестываля.

Колькі каштуе ўдзел у фестывалі?

Кошт удзелу ў наступным фестывалі ў эквіваленце амаль не змянілася. Прычым на першым этапе, са снежня па студзень – самы нізкі кошт як на падачу прац, так і на акрэдытацыю прадстаўнікоў, на другім і трэцім – вышэйшая. Так што я мяркую, кожны сам вызначыць зручны час рэгістрацыі на фестываль. Мы, у сваю чаргу, прыкладзём максімум намаганняў, каб усе, хто прыедзе да нас на «Белы Квадрат», адчулі нацыянальны беларускі каларыт, радасць прафесійнай камунікацыі і прыналежнасць да адной з самых перадавых прафесій у свеце. Ну а радасць перамог змогуць адчуць наймацнейшыя агенцтвы, паспяхова распачаўшы наступны фестывальны год. Бо менавіта «Белы Квадрат» адкрывае сезон міжнародных фестываляў 2012 года.

Размаўляла Марына Міхайлава.

x