Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

21.10.2011

Сацыяльная сетка двух віцебчукоў аб’яднала амаль 800 тыс. жыхароў Беларусі

У 2008 годзе два праграмісты з Віцебска, Аляксей Савік і Аляксандр Мяцеліца, шукалі спосаб, каб павысіць актыўнасць наведвальнікаў створанага імі гарадскога інтэрнэт партала VITEBSK.WS. І тады нарадзілася ідэя прапанаваць жыхарам Віцебска абсалютна новую для таго часу інтэрактыўную пляцоўку, дзе тыя маглі б не толькі чытаць навіны, але і актыўна ўступаць у зносіны паміж сабой, выказваць сваё меркаванне і г.д. За тры гады пачынанне хлапцоў вылілася ў адзін з самых паспяховых на Беларусі ІТ-праектаў, які развіваецца сёння ў выглядзе сацыяльнай сеткі VSETI.BY.

Год таму хлапцы прыехалі ў Мінск, каб прадставіць свой праект сталічным прадпрымальнікам, і знайшлі інвестараў, якія не толькі падтрымалі фінансамі, але і перадалі свой досвед вядзення бізнесу. Пра свой праект расказваюць аўтары найбуйнейшай сацыяльнай беларускай сеткі Vseti.by Аляксей Савік і Аляксандр Мяцеліца.

У чым сакрэт паспяховага развіцця праекта, які стартаваў у Віцебску? Як атрымалася зацікавіць інвестараў?
А.С.: Усё пачалося з віцебскага партала. Мы вырашылі «ажывіць» аўдыторыю, а для гэтага трэба было зрабіць нешта цікавае, дынамічнае. Напрыклад, была ідэя стварыць кожнаму карыстальніку старонку, своеасаблівы «асабісты кабінет». І ніхто з нас нават тады і ўявіць не мог, што гэтая ідэя праз 5 месяцаў пераўтворыцца ў сацыяльную сетку, якая «перажыве» іншыя падобныя беларускія праекты, засноўваючыся толькі на энтузіязме!
А.М.: Так, мы «гуляліся» і зусім не думалі, што праект пачне набіраць абароты. Запусцілі яго ў студзені, а ў красавіку ўжо было зразумела, што новаўвядзенне неабходна аддзяляць ад партала як самастойны рэсурс.

Праект быў перспектыўным у плане прыбытку?
А.С. Мы не разлічвалі на прыбытак, на манетызацыю Vseti.by. Праект 2.5 гады прафункцыянаваў толькі на энтуўіязме. І відаць, у гэтым хаваецца адна з прычын яго поспеху: рабілі не дзеля грошай. Мы былі сведкамі таго, як развіваліся і памерлі дзве сацыяльныя сеткі Беларусі, у якія было ўкладзена дастаткова шмат сродкаў. Таму магу сказаць, што праекты, арыентаваныя выключна на грошы, доўга не пражывуць. Таму што аўтары не ўкладаюць у іх душу, часцінку саміх сябе.

Як узнікла думка прэзентаваць праект у сталіцы?
А.М. Мы вырашылі прадставіць Vseti.by у Мінску на канферэнцыі «Справавы інтэрнэт» спантанна. Хутка сабраліся і паехалі. У рэгіёнах пра нас ведалі многія, а ў сталіцы – амаль ніхто. Спадзяваліся, што прэзентацыя праекта дапаможа атрымаць пазнавальнасць, забяспечыць нейкі PR.
А.С. Аднак мы не проста выступілі, пазнаёміліся са шматлікімі патрэбнымі людзьмі, але таксама і знайшлі інвестараў. Ёсць фраза «Кожны стартап павінен знайсці свайго інвестара». У нашым выпадку праект знайшоў патрэбных людзей. Гэта Віталь Шалудзякоў і Аляксандр Патуцін. Калі выступалі перад прадпрымальнікамі, расказвалі пра сваю сацыяльную сетку, інтуітыўна зразумелі, што менавіта гэтых людзей хочацца бачыць інвестарамі праекта. Так і атрымалася.

Якую падтрымку вы атрымалі ад інвестараў?
А.С.: На той момант Vseti.by ужо была дзейсным праектам і не мела патрэбы ў буйных сумах. Тым не менш мы адчувалі недахоп абсталявання, паколькі колькасць карыстальнікаў хутка павялічвалася і сетка перыядычна «завісала». Інвестары дапамаглі нам з набыццём сервераў, з рэгістрацыяй кампаніі. Што асабліва каштоўна, яны заўсёды падказваюць, на што трэба ўдзяліць прыярытэтную ўвагу, як весці бізнес, даюць рэкамендацыі і самі ўдзельнічаюць у вырашэнні шэрагу пытанняў.

Не было страху, што ідэю праекта могуць скрасці?

А.М.: Мы не баяліся расказваць пра праект: у нас была каманда, ідэі для развіцця, прага прасоўвацца далей. Хаця менавіта гэты пункт для некаторых людзей з’яўляецца апраўданнем таго, каб не развівацца: «Я нічога не буду рабіць, інакш маю ідэю скрадуць». Але вось на Мінскіх СтартапУікендах мы пазнаёміліся са мноствам людзей, якія выступаюць перад экспертамі і інвестарамі, смела нясуць свае ідэі свету – бо менавіта яны натхнёныя, а значыць, лепш за іх ніхто ажыццявіць гэты праект не зможа.

У Віцебску ў хуткім часе пройдзе мерапрыемства па падтрымцы прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, і ваш рэсурс выступае ўжо партнёрам…
А.С.: Так, і гэта здорава, што цяпер актыўныя людзі не толькі сталіцы, але і іншых гарадоў будуць мець магчымасць развіваць свае праекты на ІнвестУікендах. І нам асабліва прыемна, што першым месцам правядзення такога мерапрыемства 4 – 5 лістапада стане наш родны Віцебск.

Наша даведка:
ІнвестУікенд – серыя справавых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў Рэспубліцы Беларусі венчурнага рынку, павелічэння колькасці створаных інавацыйных бізнесаў і плыні прамых інвестыцый (як з боку замежных інвестараў, так і з боку беларускіх) у інавацыйныя бізнес-праекты і кампаніі.

Фармат ІнвестУікендаў з’яўляецца развіццём праекта Startup Weekend і ахоплівае бізнес-праеткы ў любых сегментах беларускага рынку: вытворчасць прамысловых і спажывецкіх тавараў, сферу паслуг (уключаючы і паслугі b2b), грамадскага харчавання, энергетыкі, будаўніцтва, нерухомасці, медыцыны і біятэхналогіі, мас-медыя, інфармацыйныя тэхналогіі і Інтэрнэт і інш.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Аргкамітэт Startup & Invest Weekend сумесна з Віцебскім бізнес-цэнтрам.

Інфармацыйныя партнёры ІнвестУікенда: сацыяльная сетка VSeti.by, партал Vitebsk.ws, «Першы справавы часопіс», парталы Interfax.by, Infobank.by.

Пры інфармацыйнай падтрымцы: News.vitebsk.cc, Bizzon.by, Fintraining.by, Gorod.vitebsk.by, Posrednik.by, Bel.biz, Vitebsk.biz.

x