Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

27.06.2011

AD.NAK!: знаёмства з рэкламным шаленствам

Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! адбыўся 23 чэрвеня. Ён стаў сапраўднай перлінай фестывальнага жыцця Беларусі.

Беларускамоўная рэклама становіцца ўсё больш і больш запатрабаванай. Пра гэта кажа колькасць удзельнікаў, якія прыйшлі 23 чэрвеня ў Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў (IBB) на Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Больш за 200 чалавек адзначылі свята рэкламы ў кампаніі сяброў і аднадумцаў.

Фестываль цягнуўся каля 10 гадзінаў і ўключыў у сябе ўрачыстую цырымонію адкрыцця, разнастайную і надзвычай карысную адукацыйную праграму, прэс-канферэнцыю. А кульмінацыяй Фестываля стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў конкурсаў і намінацый сёлетняга фестываля.

На цырымоніі адкрыцця Фестывалю арганізатары паабяцалі яго ўдзельнікам шмат цікавостак і вострых уражанняў. І яны не хлусілі. Фестываль сапраўды атрымаўся вельмі змястоўным, цікавым і жывым. Шаленства, якое было аб’яўлена дэвізам дзеі, праявілася ўжо напачатку. Замест пераразання чырвонай стужачкі падчас адкрыцця Фестывалю прадстаўнік кампаніі Husqvarna перапіліў бела-чырвоны шлагбаўм, а на небасхіле залунаў фірмовы AD.NAK’аўскі сцяг.

Сёлетняя семінарская праграма была надзвычай цікавай. Ад 11 да 17 гадзіны ў дзвюх аўдыторыях паралельна працавалі дзве групы рэкламістаў. У перапынках паміж семінарамі яны горача дзяліліся ўражаннямі між сабой, пацвярджаючы правільна выбраны арганізатарамі накірунак – шаленства ва ўсім.

Бліжэй да вечару на фестываль падцягнуліся і журналісты. Адмыслова для іх была арганізаваная прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел арганізатары і сябры журы сёлетняга Фестывалю.

На прэс-канферэнцыі каардынатар культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» Алена Макоўская распавяла, што сёлетні фестываль з’яўляецца асаблівым. І першая асаблівасць заключаецца ў акцэнце на прамоцыю культурніцкіх праектаў.

«Культурніцкія прадукты ў Беларусі пачынаюць паводзіць сябе, як камерцыйны, прадстаўляць сябе як гандлёвую марку», – адзначыла Алена Макоўская, падкрэсліўшы, што гэта дапамагае ім найлепшым чынам наладжваць кантакт з аўдыторыяй.

Другая адметнасць сёлетняга фестывалю – гэта Антыпрэмія «Каша сувораўская». Яна прысуджалася тым працам, якія няўважліва ставяцца да фактаў айчыннай гісторыі, а таксама традыцыі і культуры. Рэкламадаўцы павінны паважаць культуру той аўдыторыі, для якой робіцца рэклама, лічыць Алена Макоўская.

Сябры журы фестываля распавялі пра дастаткова добры яго ўзровень. Разам з тым, менавіта для таго, каб яго падтрымліваць, журы было вымушанае ў некаторых намінацыях не прысуджаць першыя, другія альбо трэція месца. А пэўныя намінацыі пакінуць увогуле без прызёраў, як, напрыклад, намінацыю «Радыё- і аўдыёрэклама». Гэта звычайная практыка любога фестывалю.

Увогуле, сябры журы адзначылі дастаткова добры ўзровень працаў, пададзеных на фестываль. Разам з тым, ён мог бы быць і вышэйшым. Напрыклад, многія намінацыі змяшчалі працы, проста перакладзеныя на беларускую з іншай мовы, што не дазваляла беларускай мове праявіцца ў поўную сілу.

«Шматлікія працы маглі быць выкананымі на любых мовах, а не толькі на беларускай. Беларускую ж мову варта выкарыстоўваць для стварэння больш эмацыйнай, ёмістай камунікацыі. І калі ўсё рабіць правільна, калі ствараць рэкламу на беларускай мове, а не перакладаць яе з рускай, то паведамленне будзе мець сапраўды значны эфект», – адзначыў на прэс-канферэнцыі брэнд-майстар Ігар Корзун.

Выказаўшы надзею, што Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі адбудзецца і ў наступным годзе, спікеры разам з журналістамі накіраваліся ў залю, дзе пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Фестывалю.

Яна стала сапраўднай перлінай фестывалю. Сёлета яна была арганізаваная ў форме шоў. Замест чырвоных дываноў, па якіх звычайна праходзяць удзельнікі фестываляў, гасцям AD.NAK! было прапанавана прайсці па двух калідорах – для шалёных і памяркоўных. Гэты выбар гасцей фестывалю пазней зграў ролю ў шалёна-памяркоўнай латэрэі, у якой разыгрываўся сертыфікат на кантэкстную рэкламу на 75 у.а. і запрашальнік на курсы капірайтынгу ад групы кампаній  Webcom Media®.

Шоў уключала ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання, якая чаргавалася з выступамі беларускіх гуртоў: трыа Канстанціна Гарачага, Vincent’a, Dali, РСП і «Ў нескладовага». Зрэшты, свята атрымалася!

Арганізатарамі Фестывалю выступілі агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і спецыялізаваны рэсурс Marketing.by.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org. Уся падрабязная інфармацыя аб Фестывалі і яго конкурснай праграме на сайце Фестывалю ADNAK.BY.


x