Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

07.06.2011

AD.NAK!: час яшчэ ёсць!

Прыём работ для ўдзелу ў Другім фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнуты да 10 чэрвеня. Аргкамітэт Фестывалю вырашыў даць шанец тым, хто проста фізічна не паспеў даслаць свае творы ў пазначаны тэрмін. Такім чынам, ва ўдзельнікаў, якія думалі, што не паспелі з падачай работаў, з'явіўся шанец уступіць у спаборніцтва за прызы.

Цягам апошніх дзён Аргкамітэт сутыкнуўся з лавінай заявак на ўдзел у Фестывалі AD.NAK! І гэта не можа не радаваць. Калі летась пад канец тэрміну прыёму заявак на ўдзел у намінацыях і конкурсах Фестывалю было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то сёлета арганізатары атрымалі больш за 230 работ. Прычым асноўнай умовай сёлетняга Фестывалю стала немагчымасць удзелу ў ім работ, пададзеных у леташнюю конкурсную праграму. Такім чынам, зыходзячы са статыстыкі заявак на ўдзел у Фестывалі, колькасць беларускамоўных рэкламных працаў за год як мінімум падвоілася.

Як і ў мінулым годзе, найбольшай папулярнасцю сёлета карыстаецца намінацыя «Дызайн & Art Direction». Акрамя таго, вельмі шмат работ падаецца на конкурсы на найлепшы беларускамоўны слоган, найлепшы рэкламны фотаздымак, а таксама першую ў межах Фестывалю антыпрэмію «Каша сувораўская».

Арганізатары не памыліліся, калі вырашылі прысвяціць сёлетнюю падзею культурніцкім праектам. Пра гэта кажуць прамежкавыя вынікі аналізу работаў, пададзеных на конкурс. Ужо цяпер у конкурснай праграме ўдзельнічае даволі вялікая колькасць праектаў культурніцкай скіраванасці.

Парадавала Аргкамітэт і намінацыя «Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)». Калі ў мінулым годзе канкурэнцыі работ, пададзеных у яе, фактычна не было, то цяпер журы ў гэтай намінацыі ўжо ёсць з чаго выбіраць. Зрэшты, сябры Аргкамітэта Фестывалю заклікаюць удзельнікаў у апошнія дні падачы заявак усё ж звярнуць увагу на гэтую намінацыю. На еўрапейскіх фестывалях інтэрактыўныя конкурсы збіраюць вялікую колькасць работ, таму што гэта найбольш перспектыўны камунікацыйны канал прасоўвання брэндаў і гандлёвых марак. Няўжо Беларусь горшая за сваіх суседзяў, а беларусам няма чаго паказаць у галіне інтэрнэт-рэкламы?

Таксама Аргкамітэт Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! заклікае ўдзельнікаў праявіць актыўнасць і падаць работы ў наступныя намінацыі: «Радыё- і аўдыёрэклама», «СМІ альбо медыяпраекты», «Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды інш. праекты». Прадстаўнікі Аргкамітэту ведаюць, што ў гэтых намінацыях беларусам ёсць што паказаць. Дык не трэба саромецца і варта дасылаць свае работы для ўдзелу ў гэтых намінацыях да 10 чэрвеня.

Усе дасланыя на Фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга Фестывалю адбудзецца 23 чэрвеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Раў (IBB) па адрасе: пр. Газеты «Праўда», 11. На працягу гэтага дня будуць праводзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі. Праграма асноўнага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.

Дадатковую інфармацыю аб Фестывалі можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.
 
Інфармацыя аб Фестывалі

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!
сёлета пройдзе ў другі раз.

Галоўная асаблівасць Другога Фестывалю ў тым, што разам са звычайнай рэкламай і PR істотная ўвага будзе надавацца работам, якія накіраваныя на прамоцыю разнастайных культурных праектаў, што былі створаныя і распаўсюджваліся з дапамогай маркетынгавых інструментаў і сродкаў.

Такім чынам, акрамя рэкламы і прамоцыі ў Фестывалі возьмуць удзел іншыя камунікацыйныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастаноўкі і іншыя культурныя і грамадскія праекты.

Асноўны фестывальны дзень пройдзе 23 чэрвеня. На працягу гэтага дня будуць праводзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.

Запрашаем да ўдзелу ў Фестывалі ўсіх, хто стварае рэкламу і камунікацыю на беларускай мове.

Арганізатарамі Фестывалю выступілі агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і спецыялізаваны рэсурс Marketing.by.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org. Уся падрабязная інфармацыя аб Фестывалі, яго конкурснай праграме і ўмовах удзелу размешчаная на сайце Фестывалю ADNAK.BY.

 

x