Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

02.06.2011

Фестываль AD.NAK! запрашае неабыякавых

Лічаныя дні засталіся да заканчэння прыёму работ на Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Аргкамітэт Фестывалю абяцае, што найцікавейшыя працы заслужана атрымаюць свае прызы.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пройдзе 23 чэрвеня ў бізнэс-цэнтры IBB па адрасе: пр-т газеты «Праўда», 11. Ужо абвешчаны склад журы. З ім можна пазнаёміцца на сайце Фестывалю www.adnak.by. Найбліжэйшым часам будзе абвешчаная праграма семінараў і мерапрыемстваў, якія пройдуць у асноўны фестывальны дзень, 23 чэрвеня. Аргкамітэт абяцае, што кожны зможа знайсці ў праграме падзею на свой густ.

Прыём заявак на ўдзел у Фестывалі заканчваецца раней – ужо 6 чэрвеня, таму патэнцыйныя ўдзельнікі мусяць паспяшацца.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! прапануе ўдзельнікам шырокі спектр намінацый і конкурсаў, у якіх можа ўдзельнічаць фактычна кожны ахвотны. Удзел у іх, як і ў самім Фестывалі, бясплатны, што, на думку арганізатараў, мусіць заахвоціць не толькі экспертаў у галіне рэкламы, але і нерэкламістаў – усіх зацікаўленых у пашырэнні ўжытку беларускай мовы і развіцці беларускай рэкламнай сферы.

У межах падрыхтоўкі да Фестывалю яго Аргкамітэт праводзіць конкурс работ у разнастайных намінацыях, ад друкаванай і аўдыёвізуальнай рэкламы да конкурсаў канцэптаў, якія пакуль што не знайшлі свайго ўвасаблення на практыцы. Да ўдзелу ў намінацыях запрашаюцца найперш прафесіяналы рэкламнай галіны.

Для аматараў і простых спажыўцоў рэкламы Аргкамітэт Фестывалю заснаваў шэраг конкурсаў. Напрыклад, супольна з Беларускім фондам SOS-Дзіцячая вёска ладзіцца конкурс маладых беларускіх рэкламістаў, якія павінныя стварыць постар альбо серыю постараў па праблемах дзіцячага сацыяльнага сіроцтва.

Пры падтрымцы ZНЯТА STUDIO у межах Фестывалю ладзіцца конкурс фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК! На яго могуць падавацца як лічбавыя, так і стужкавыя фотаздымкі. Галоўнае, каб яны былі зроблены смачна і з душой.

Партнёр Фестывалю кампанія «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» падтрымала сёлета ажно два конкурсы. Найперш яна прапануе прыдумаць слоган для аднаго са сваіх брэндаў – «Шпаркага Дамавіка». Ён павінен адлюстроўваць дынамізм і адкрытасць паслуг інтэрнэт-правайдынгу, якія даюцца пад гэтым брэндам.

Акрамя гэтага, «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» выказала жаданне ўзнагародзіць пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу на найлепшае агучванне сусветных рэкламных ролікаў на беларускую мову. Пераклады будуць ацэньвацца не столькі па літаральнай перадачы іх тэксту, колькі па дакладнасці перакладу асноўнага паведамлення, арыгінальнасці інтэрпрэтацыі сэнсу, правільнасці моўных канструкцый і багацці мовы, а таксама па дынамічнасці стылю.

Таксама сёлета тым, хто ігнаруе факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры ў сваіх рэкламных прадуктах і дэманструе непрафесійны падыход да стварэння рэкламы, будзе прысуджацца антыпрэмія «Каша сувораўская».

Аргкамітэт Фестывалю спадзяецца, што сёлета Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! стане сапраўднай падзеяй не толькі ў рэкламным, але і ў культурным жыцці Беларусі. Гэтаму можа толькі паспрыяць актыўны ўдзел у ім зацікаўленай аўдыторыі.

Усю падрабязную інфармацыю аб Фестывалі можна знайсці на сайце www.adnak.by. Калі пасля азнаямлення са зместам сайта ва ўдзельнікаў застануцца пытанні, атрымаць адказы на іх можна праз e-mail adnak@budzma.org альбо па тэлефонах +375 29 755-1434, 177-0121, +375 25 978-9787.

x