Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

11.05.2011

Фестываль AD.NAK! прапануе конкурсы на любы густ

Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! шукае таленты і аб’яўляе астатнюю конкурсную праграму. У конкурсах могуць узяць удзел аматары фатаграфіі, капірайтары, таленавітыя перакладчыкі і ўсе, хто зацікаўленыя рабіць рэкламу і іншыя прадукты на беларускай мове.

У адрозненне ад мінулагодняга фестывалю беларускай рэкламы, сёлета паспаборнічаць у межах Фестывалю могуць не толькі прафесіяналы ў галіне рэкламы і маркетынгу, але і аматары ды звычайныя спажыўцы рэкламы, якімі з'яўляемся мы ўсе.

У 2011 годзе акрамя намінацый, накіраваных у асноўным на прафесійных удзельнікаў, у межах Фестывалю AD.NAK! пройдзе шэраг конкурсаў. Гэта павінна заахвоціць крэатыўных людзей, якія маюць даволі пасрэднае дачыненне да рэкламы, праявіць актыўнасць і прапанаваць грамадскасці цікавыя рашэнні ў вельмі важных сферах. І, што самае галоўнае, яны могуць атрымаць каштоўныя і заслужаныя прызы за сваю ініцыятыву, смеласць і крэатыўнасць.

У чым можа праявіць сябе патэнцыйны ўдзельнік конкурсу?

Конкурс фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!
Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган
Конкурс на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка

  • AD.NAK ZНЯТА ТАК!

Аргкамітэт Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пры падтрымцы ZНЯТА STUDIO прапануе прыняць удзел у конкурсе фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!. У межах гэтага конкурсу кожны прафесійны фатограф альбо фотааматар можа знайсці намінацыю на свой густ. Кампетэнтнае журы будзе ацэньваць фотаздымкі ежы і напояў (намінацыя AD.NAK СМАЧНА ТАК!), беларускіх прыгажуняў (AD.NAK ЛЮБА ТАК!), фотапраекты, складзеныя з 3-7 здымкаў, аб'яднаных адзінай тэмай і ідэяй (AD.NAK MOЦНА ТАК!), а таксама стужкавыя работы, дасланыя на конкурс у фармаце TIFF.

У межах кожнай намінацыі прадугледжаныя тры прызавыя месцы. Прызёры і пераможцы атрымаюць магчымасць стажыравацца ў вядучай фотастудыі Беларусі ZНЯТА STUDIO, удзел у рэальных рэкламных праектах, а таксама наведаванне майстар-класаў топавых фатографаў Беларусі і замежжа. А пераможца конкурсу ламаграфіі атрымае дадатковы прыз   знакамітую ЛОМА-камеру DIANA!

  • Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган

Для тых удзельнікаў, якія могуць выразіць шырокую думку ў маленечкай фразе, складзенай з некалькіх словаў, Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! супольна з партнёрам Фестывалю кампаніяй «Альтэрнатыўная цыфравая сетка» (брэнды «Атлант Тэлеком» і «Шпаркі дамавік») запускае Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган. Мэта – прыдумаць найбольш вясёлы і драйвовы слоган для брэнду «Шпаркі дамавік». Ён павінен добра ўспрымацца маладой аўдыторыяй і выдатна адлюстроўваць тыя магчымасці, якія прапануе кампанія «Альтэрнатыўная цыфравая сетка» сваім кліентам.

Усе слоганы, дасланыя на конкурс, могуць быць выкарыстаныя кампаніяй «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» ў мэтах прасоўвання сваіх прадуктаў. Прычым няважна, перамог слоган альбо не.

Пераможцу конкурсу чакае прыз ад «Шпаркага дамавіка» – бясплатны кантракт на безлімітны кругласутачны доступ у інтэрнэт, а таксама да ўнутраных рэсурсаў правайдара на хуткасці да 2 Мбіт/с па тарыфным плане «Мастхэв 1». Але калі вочы ў журы будуць разбягацца, то не выключана, што асобныя канкурсанты будуць уганараваныя адмысловымі прызамі і падарункамі.

  • Конкурс на найлепшае пераагучванне замежнага рэкламнага роліку

«Альтэрнатыўная цыфравая сетка» падтрымала яшчэ адзін, відаць, найбольш творчы конкурс нашага Фестывалю. Сёлета ў айчынных крэатараў з'явілася магчымасць наблізіць найлепшыя сусветныя ролікі да беларусаў – праз удзел у Конкурсе на найлепшае пераагучванне замежнага рэкламнага роліку. Ад іх патрабуецца перакласці два рэкламных відэа з англійскай і рускай мовы і даслаць іх у аргамітэт Фестывалю. Пераклады будуць ацэньвацца не столькі па літаральнай перадачы іх тэксту, колькі па дакладнасці перакладу асноўнага паведамлення, арыгінальнасці інтэрпрэтацыі сэнсу, правільнасці моўных канструкцый і багацці мовы, а таксама па дынамічнасці стылю.

Пераможца гэтага конкурсу атрымае прыз у выглядзе бясплатнага гадавога кантракту на карыстанне карыстанне пакетам «Прэміум», які забяспечвае безлімітны кругласутачны доступ да інтэрнэту на хуткасці да 10 Мбіт/с. Удзельнік, які зойме 2-е месца, атрымае права бясплатнага карыстання безлімітным інтэрнэтам па плане «Мастхэв 3», які забяспечвае хуткасць да 5 Мбіт/с. А бронзавы прызёр атрымае бясплатнае падключэнне да плану «Мастхэв 2» з безлімітным доступам да інтэрнэту на хуткасці да 3 Мбіт/с.


Нагадаем, што ў межах Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачаты і Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў, якія павінныя стварыць постэр ці серыю постэраў для SOS-дзіцячых вёсак па пытаннях, звязаных з праблемамі сіроцтва ў Беларусі.

Акрамя таго, Аргкамітэт заклікае ўсіх ахвочых дасылаць прыклады няўдалых рэкламных працаў на антыпрэмію «Каша сувораўская». Магчыма, з дапамогай канкурсантаў у гэтай намінацыі атрымаецца падняць узровень беларускай рэкламы на новую прыступку.
 

Інфармацыя аб Фестывалі

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! сёлета пройдзе ў другі раз.

Галоўная асаблівасць Другога Фестывалю ў тым, што разам са звычайнай рэкламай і PR істотная ўвага будзе надавацца работам, якія накіраваныя на прамоцыю разнастайных культурных праектаў, што былі створаныя і распаўсюджваліся пры дапамозе маркетынгавых інструментаў і сродкаў.

Такім чынам, акрамя рэкламы і прамоцыі ў Фестывалі прымуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастаноўкі і іншыя культурныя і грамадскія праекты.

Збор работаў працягнецца да 6 чэрвеня. Асноўны фестывальны дзень пройдзе 23 чэрвеня. На працягу гэтага дня будуць праводзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульнёцаў рэкламнага і камукатыўнага рынкаў Беларусі. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

Удзел у Фестывалю БЯСПЛАТНЫ.

Запрашаем да ўдзелу ў Фестывалі ўсіх, хто стварае рэкламу і камунікацыю на беларускай мове.

Арганізатарамі Фестывалю выступілі агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і спецыялізаваны рэсурс Marketing.by.

Уся падрабязная інфарацыя аб Фестывалі, яго конкурснай праграме і ўмовах удзелу размешчаная на сайце Фестывалю ADNAK.BY.



x