Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

Юзабіліці сайта: паняцце, асновы і прынцыпы

Ксенія Туманава
Тэрмін «юзабіліці сайта» ўвайшоў у шырокае ўжыванне параўнальна нядаўна, гадоў 5-6 таму. Але за гэты кароткі час з вельмі вузкай тэхнічна-дызайнерскай дысцыпліны юзабіліці развілася ў цэлую падгаліну інтэрнет-маркетынгу, якой прысвячаюцца шматлікія міжнародныя канферэнцыі. І сёння паляпшэнне юзабіліці сайта – такі самы значны аспект прасоўвання сайта, як і, напрыклад, прапрацоўка яго ўнутранай структуры.

Што маецца на ўвазе пад тэрмінам юзабіліці?
У самым шырокім сэнсе тэрмін «юзабіліці» азначае ступень зручнасці карыстання тым ці іншым прадметам. У некаторым родзе яно сугучна з паняццем «эрганоміка» – навуковай дысцыплінай, якая вывучае эфектыўнасць працы чалавека пры стварэнні тых ці іншых умоў.

У дачыненні да сайтаў, а калі казаць больш дакладна – да карыстальніцкіх інтэрфейсаў, пад юзабіліці разумеюць:
— лагічнасць і прастату размяшчэння розных графічных элементаў;
— прастату і зручнасць навігацыі;
— прадуманасць размяшчэння элементаў кіравання;
— агульную лёгкасць успрымання дызайну інтэрнет-рэсурсу.
У сукупнасці ўсё пералічанае і вызначае юзабіліці сайта.

Чаму так важна надаваць увагу юзабіліці?
Шматлікія даследаванні псіхолагаў і інтэрнет-маркетолагаў паказваюць, што сучасныя карыстальнікі з кожным годам становяцца ўсё больш нецярплівымі і павярхоўнымі. Па апошніх даных, якія прыводзіць даследчая кампанія «Nielsen Norman Group», сярэдняя працягласць знаходжання карыстальніка на адной старонцы сайта складае ўсяго 27 секунд. Пры гэтым да самага канца старонку пракручваюць толькі нешматлікія наведвальнікі.

Гэта значыць, што галоўная мэта стваральнікаў сайта – здолець зацікавіць карыстальніка. Прычым на дасягненне гэтай мэты адводзіцца літаральна некалькі секунд. Менш чым за паўхвіліны выпадковаму наведвальніку трэба растлумачыць, дзе ён знаходзіцца, чым гэты рэсурс адрозніваецца ад іншых і якую карысць можна тут атрымаць. Калі чалавек не паспее атрымаць гэту інфармацыю за тыя самыя 27 секунд, ён проста сыдзе на іншы сайт. Пытаннямі таго, як прыцягнуць і ўтрымаць на сайце наведвальніка, і займаецца юзабіліці.

Як людзі ўспрымаюць інфармацыю ў інтэрнеце?
Перш чым весці гаворку пра правілы і асноўныя прыёмы юзабіліці, неабходна ў агульных рысах расказаць пра тое, як людзі ўвогуле ўспрымаюць інфармацыю ў інтэрнеце.

Першае, што павінны зразумець уладальнікі і праекціроўшчыкі сайтаў: ні адзін карыстальнік не чытае тэксты ў Сеціве так, як часопіс або кнігу. Мы бегла праглядаем старонку, «выдзіраючы» з яе асобныя абзацы і сказы, якія падаюцца нам найбольш цікавымі. Пры гэтым чым менш у тэксце падзагалоўкаў, спісаў, выдзяленняў курсівам і іншых элементаў структурыравання, тым менш яго хочацца чытаць. Вынікі назіранняў за карыстальнікамі паказваюць, што вялікія суцэльныя тэксты без якіх-небудзь прыкмет афармлення рэдка дачытваюць нават да сярэдзіны.

Акрамя таго, большасць карыстальнікаў пастаянна перамяшчаецца па сайце, павярхоўна вывучаючы яго змест. За адну хвіліну яны могуць прагледзець з дзясятак старонак, ацэньваючы кожную па ступені карыснасці. Сучасныя карыстальнікі вельмі дынамічныя, што таксама неабходна ўлічваць пры праектаванні інтэрфейсаў сайтаў.

З чаго пачынаецца праца па паляпшэнні юзабіліці інтэрнет-рэсурсу?
З яго стараннага і ўсебаковага аўдыту, прасцей кажучы – аналізу. Аўдыт юзабіліці дазваляе выявіць найбольш актуальныя праблемы сайта з пункту гледжання яго зручнасці і прымальнасці для карыстальнікаў. Ён датычыцца самых розных аспектаў: навігацыі, унутранага пошуку, дызайну, напаўнення кантэнтам і г.д. Давайце больш падрабязна разгледзім найбольш важныя з іх.

Правілы і прыёмы юзабіліці: навігацыя
Пажадана, каб навігацыя на ўсіх старонках сайта была аднолькавай. Гэта паляпшае яе ўспрыманне і спрашчае пошук неабходнай карыстальніку інфармацыі. Таксама ў кантэксце паляпшэння навігацыі па сайту рэкамендуецца:

— размяшчаць на ўсіх старонках лагатып вэб-рэсурсу або яго назву са спасылкай на галоўную. Як правіла, лагатып змяшчаецца ў верхнім левым вуглу старонкі;
— размяшчаць падрабязную кантактную інфармацыю не толькі ў «падвале» (самым нізе старонкі), але і ў шапцы сайта;
— рабіць меню першага ўзроўню на ўсіх старонках;
— указваць на вэб-старонках назву раздзелаў сайта;
— прадугледзець «хлебныя крошкі».


Акрамя таго, на ўсіх старонках карыстальніку павінна быць адразу зразумела, што з’яўляецца, а што не з’яўляецца спасылкай. Пры гэтым самі спасылкі на ўсім сайце павінны быць падкрэсленымі, аднолькавага колеру і шрыфту.

Адзначым, што распрацоўка зручнай і інтуітыўнай навігацыі – адзін з краевугольных камянёў у стварэнні сайтаў.

Унутраны пошук
Аўдыт юзабіліці абавязкова прадугледжвае аналіз эфектыўнасці ўнутранага пошуку. Ім, насуперак думцы саміх уладальнікаў сайта, наведвальнікі карыстаюцца вельмі часта. Нярэдка яны ўвогуле ігнаруюць сістэму навігацыі і адразу ж «забіваюць» тавар, які іх цікавіць, у радок пошуку.

Такім чынам, каб пошук на сайце быў зручным, неабходна:

— размяшчаць яго ў верхнім правым вуглу на ўсіх старонках;
— абмежаваць даўжыню поля для ўводу запыту 27-30 сімваламі (аптымальнае значэнне);
— зрабіць пошук выключна ўнутраным, толькі па старонках рэсурсу. Не варта прапаноўваць наведвальнікам яшчэ і знешні пошук, па іншых сайтах у інтэрнеце – гэта будзе адцягваць іх увагу ад вашага;
— выкарыстоўваць функцыю праверкі арфаграфіі запытаў. Калі карыстальнік уводзіць запыт з памылкай, павінны з’яўляцца радок з паведамленнем «Магчыма, Вы мелі на ўвазе [запыт з правільнай арфаграфіяй]?» Пошук павінен «умець» распазнаваць памылкі ў запытах, інакш кліент не здолее знайсці тавар, які ён шукае.

Акрамя таго, спецыялісты па юзабіліці раяць афармляць старонку з вынікамі пошуку па вобразе i падабенстве выдачы вядомых пошукавых сістэм. На ёй павінны прысутнічаць поле для ўводу запыту, спасылкі на знойдзеныя старонкі з іх дэскрыпшнам (апісаннем). Таксама рэкамендуецца ўказваць раздзел сайта, да якога адносяцца знойдзеныя старонкі.

Але ці заўсёды сайту патрэбны ўнутраны пошук? Вядомы эксперт па юзабіліці Якаб Нільсэн лічыць, што эфектыўны пошук абавязкова трэба рабіць толькі на буйных рэсурсах, якія змяшчаюць больш за 1 000 старонак. Калі ж сайт змяшчае ад 100 да 1 000 старонак, можна абысціся і больш простым пошукавым механізмам. А на невялікіх сайтах з менш чым за сотню старонак функцыі пошуку павінна выконваць навігацыя.


Галоўная старонка
Лішні раз казаць пра значнасць галоўнай старонкі не будзем – гэта і так усім вядома. Юзабіліці-аўдыт сайта абавязкова прадугледжвае яго найпадрабязнейшы аналіз, з выяўленнем слабых і моцных бакоў. Прывядзём найбольш важныя рэкамендацыі па паляпшэнні галоўнай старонкі.

— З першага погляду на галоўную старонку наведвальніку павінна быць зразумела, на якім сайце ён знаходзіцца і для чаго ён быў створаны. Каб палегчыць працэс «апазнання» рэсурсу, на галоўнай старонцы не перашкодзіць размясціць слоган кампаніі і тэкст невялікага прывітання.
— Усю інфармацыю пра бягучыя акцыі, зніжкі і выгадныя прапановы трэба размяшчаць менавіта на галоўнай старонцы. Таксама на галоўнай варта прадугледзець месца для калонкі навін і панелі аўтарызацыі карыстальнікаў. Важна, каб інфармацыя, якая размяшчаецца на галоўнай старонцы, перыядычна абнаўлялася і была актуальнай – гэта станоўчы сігнал і для робатаў пошукавых сістэм, і для карыстальнікаў.
— Некаторыя эксперты па юзабіліці прапануюць размяшчаць на галоўнай старонцы падказку «Адкуль мне пачаць?», якую можна зрабіць у форме спасылкі. Гэта парада выглядае даволі рацыянальнай, таму што такая падказка падахвочвае карыстальніка адразу ж перайсці ў каталог з таварамі або іншы важны раздзел, а не кідацца па сайце ў пошуках патрэбнай яму інфармацыі.

Афармленне тэксту
Праводзячы аўдыт юзабіліці, спецыялісты заўсёды звяртаюць увагу на асаблівасці змешчаных на сайце тэкстаў. Значэнне мае не толькі іх афармленне, але і шрыфты, якія выкарыстоўваюцца. Ствараючы для вашага рэсурсу тэкставы кантэнт, старайцеся прытрымлівацца наступных правілаў.

— Тэксты павінны быць кароткімі, але змястоўнымі. Памятайце, што наведвальнікі не чытаюць доўгія «прасціны», а праглядаюць асобныя абзацы і сказы, за якія «зачапіўся» іх погляд.
— Найбольш важная і карысная інфармацыя заўсёды павінна размяшчацца ў самым версе, пажадана – у першых жа сказах тэксту, каб не даводзілася пракручваць старонку. Гэта правіла вядома як «правіла піраміды» і заснавана, зноў-такі, на спецыфіцы нашага ўспрымання тэкстаў ў інтэрнеце. Больш разгорнутыя апісанні і довады заўсёды пакідайце ў ніжняй частцы тэксту.
— Для напісання тэкстаў выкарыстоўвайце простыя і найбольш распаўсюджаныя шрыфты памерам не менш за 12 px і без засечак – яны лепш за ўсё ўспрымаюцца. Адзін з магчымых варыянтаў – класічны, прывычны ўсім нам шрыфт «Calibri”. А вось зразумець, пра што ідзе гаворка ў тэксце, напісаным няхай і прыгожым, але надзвычай мудрагелістым гатычным шрыфтам – задача не з лёгкіх.
— На бягучыя радкі, абзацы, якія міргаюць, і вясёлкавыя сказы, у якіх кожнае слова пафарбавана ў розны колер, лепш забыцца адразу і назаўсёды. Апытанні паказваюць, што большасць наведвальнікаў негатыўна ставіцца да такіх «спецэфектаў» – яны занадта назойлівыя і раздражняльныя.
— Звярніце ўвагу і на колер фону, на якім размешчаны тэксты. Ён павінен кантрасціраваць з колерам шрыфту і як мінімум не выклікаць у наведвальнікаў дыскамфорту. Класічны варыянт – чорны шрыфт на белым фоне. Ад эксперыментаў накшталт размяшчэння чырвонага тэксту на зялёным фоне або сіняга на аранжавым неабходна рашуча адмовіцца. Спалучэнні занадта яркіх адценняў ствараюць на зрок вельмі моцную нагрузку, раздражняюць і стамляюць.
— Не забывайцеся на вялікія літары і прабелы паміж словамі і цэлымі сказамі. Іх адсутнасць, зноў-такі, значна ўскладняе ўспрыманне інфармацыі.
— Старайцеся ўсімі сіламі пазбягаць у тэкстах арфаграфічных, пунктуацыйных і іншых памылак. Яны імгненна падрываюць рэпутацыю любога сайта і выклікаюць недавер карыстальнікаў да яго.
— Выкарыстоўвайце спісы, падзагалоўкі, малюнкі і іншыя элементы афармлення. Чым больш тэкст стуктурыраваны, тым прасцей ён чытаецца і ўспрымаецца.

Карыстальнікі з абмежаванымі магчымасцямі
Калі вы вырашыце праверыць юзабіліці сайта, абавязкова папрасіце экспертаў ацаніць зручнасць яго карыстання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Уладальніку рэсурсу заўсёды неабходна памятаць пра тое, што яго сайт наведваюць самыя розныя людзі. Сярод іх могуць быць, напрыклад, наведвальнікі са слабым зрокам або людзі пажылога ўзросту. Асабліва гэта датычыцца сайтаў грамадскіх арганізацый і органаў выканаўчай улады, інтэрнет-крамаў з разнастыйным медыцынскім абсталяваннем. Каб сайт быў даступны людзям з абмежаванымі магчымасцямі, неабходна:

— распрацаваць навігацыю з улікам таго, каб кіраваць рэсурсам можна было і без мышы, пры дапамозе адной толькі клавіятуры;
— прадугледзець на старонках сайта магчымасць хуткага пераключэння памераў тэксту;
— мінімізаваць выкарыстанне тэхналогіі javascript, таму што яе распазнаюць далёка не ўсе адаптацыйныя тэхналогіі.

Канешне, аўдыт юзабіліці не абмяжоўваецца толькі пералічанымі аспектамі. Аднак менавіта яны шмат у чым вызначаюць зручнасць карыстання тым ці іншым сайтам.

Хто праводзіць аўдыт юзабіліці?
І апошняе: хто менавіта займаецца пытаннямі паляпшэння юзабіліці вэб-рэсурсаў? Як правіла, гэта адзінкавыя спецыялісты, якія працуюць у вядомых вэб-студыях або буйных інтэрнет-маркетынгавых кампаніях. У мінулым яны маглі працаваць вэб-дызайнерамі, SEO-спецыялістамі або псіхолагамі. Таксама ў СНД пачынаюць з’яўляцца цэлыя кампаніі,якія спецыялізуюцца на юзабіліці-тэсціраванні сайтаў.

Словам, клапаціцеся пра ваш сат і людзей, якія на яго прыходзяць. Памятайце, што ўсе грошы, укладзеныя ў ваш сайт, рана ці позна абавязкова акупяцца!


x