Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

Праектаванне навігацыйнай сістэмы сайта

Таццяна Зуёнак
Правільнае праектаванне навігацыйнай сістэмы сайта з’яўляецца найважнейшым фактарам павышэння юзабіліці. У артыкуле прыведзена класіфікацыя элементаў навігацыі, пададзены рэкамендацыі па афармленні і выкарыстанні URL-адрасоў і тэкставых спасылак.

Інфармацыйны асяродак WWW базуецца на тэхналогіі гіпертэксту, у аснове якой ляжыць канцэпцыя звязвання дакументаў пры дапамозе спасылак. Менавіта спасылкі аб’ядналі  інтэрнэт у адзіную прастору, даючы карыстальнікам магчымасць свабодна перамяшчацца, не задумваючыся пра структуру і прасторавую размежавальнасць гэтай найскладанейшай сістэмы.

Правільнае выкарыстанне гіперспасылак з’яўляецца істотным фактарам павышэння юзабіліці сайта. Вядомы спецыяліст па юзабіліці Якаб Нільсен (www.useit.com) сцвярджае, што навігацыя сайта павінна ў любы момант даць наведвальніку адказы на 3 пытанні.

1.    Дзе я знаходжуся?
2.    Дзе я ўжо быў?
3.    Куды я магу пайсці?

Пры аналізе шляхоў траплення наведвальнікаў на сайт выяўляецца, што асноўная крыніца трафіка – гэта пошукавыя сістэмы. Таму становіцца зразумелым, наколькі важна даць чалавеку магчымасць не толькі перайсці на любую ўнутраную старонку сайта, рэлевантную запыту да пошукавай сістэмы, але і даць магчымасць адразу ж зразумець, у якім падраздзеле якога раздзела і на якой старонцы ён знаходзіцца.

Пры праектаванні старонак неабходна абавязковым чынам улічваць сітуацыю, калі карыстальнік трапляе адразу на ўнутраную старонку сайта. Таму на любой старонцы сайта павінны прысутнічаць наступныя элементы:
 
  • Лагатып кампаніі, які з’яўляецца спасылкай на стартавую старонку, а таксама сціслае апісанне  сферы дзейнасці;
  • Цэнтральная навігацыя з адлюстраваннем структуры асноўных інфармацыйных блокаў сайта (раздзелаў і падраздзелаў);
  • Поле пошуку па сайце.
Калі неабходна выключыць пераход на сайт з пэўнай старонкі, варта паставіць забарону на яе індэксаванне пошукавымі сістэмамі. Г.зн. змясціць у элеменце наступны тэкст: Пошукавыя серверы павінны выключыць такую старонку з базы дадзеных.

Класіфікацыя элементаў навігацыі.

Усе сродкі навігацыі дзеляцца паводле адносінаў да сайта на знешнія і ўнутраныя. Знешнія сродкі рэалізаваны ў выглядзе кнопак браўзера, якія кіруюць пераходамі па сайце. Унутраную  навігацыю можна падзяліць на асноўную і дапаможную. Цэнтральны элемент асноўнай навігацыі – гэта панель або меню пераходаў.
 
Асноўная навігацыя звычайна прадстаўлена структурнымі спасылкамі, што вядуць на раздзелы сайта. Да дапаможнай навігацыі адносяць спасылкі выгляду «на ўзровень вышэй», «на стартавую» і г.д.

Пажадана, каб структурныя спасылкі адрозніваліся ад дапаможных і перакрыжаваных, размешчаных у тэксце. На большай частцы сайтаў яны выглядаюць аднолькава. Таму часта бывае незразумела, вядзе спасылка на цэлы раздзел або толькі на адну старонку. З праблемай вызначэння зместу такіх спасылак часта сутыкаюцца карыстальнікі download-менеджараў, калі неабходна ўказваць, да якога ўзроўню складанасці трэба пампаваць – цэлы сайт або асобныя яго раздзелы.

HomeShop.by > Бытавая тэхніка > Сокавыціскалкі > Moulinex

Такая навігацыя абавязкова павінна прысутнічаць на сайтах са шматузроўневай структурай. Усе элементы радку, акрамя апошняга, павінны быць спасылкамі на адпаведныя старонкі.

Для размяшчэння звёнаў навігацыі не рэкамендуецца выкарыстоўваць сімвалы «:» і «|», так як яны не інфармуюць пра ўкладзенасць і сузалежнасць старонак. Аптымальным варыянтам будзе выбар ў якасці размежавальніка «/» або «>».

Навігацыйная сістэма павінна дакладна ўказваць, куды можна перайсці з дадзенай старонкі і якую інфармацыю пры гэтым атрымаць.

Некарэктна выкарыстоўваць спасылкі з тэкстам «Уперад», «Наступная глава» і г.д. Асабліва недарэчная спасылка «Назад» на старонцы, на якую карыстальнік трапляе з пошукавай  сістэмы, так як яе можна расцаніць як вяртанне да акна вынікаў пошуку. Лепш выкарыстоўваць інфармацыйныя спасылкі наступнага выгляду: «Наступная глава: 5. Асновы візуальнага праектавання».

Карысна запаўняць для спасылак атрыбут «title», які пры навядзенні ўказальніка мышы выводзіць падказку з апісаннем спасылкі.

Зрэдку ў асобны тып вылучаюць спасылкі глабальнай навігацыі, якія вядуць на старонкі кшталту  About us, Contact us і г.д. Глабальныя спасылкі павінны быць даступны з любой старонкі сайта. Прычым часта яны могуць быць  размешчаны як ўнізе, так і ўверсе старонкі.

Існуе тэматычная навігацыя, якая прадстаўлена спасылкамі, спіс якіх генеруецца і выдаецца ў залежнасці ад таго, якая інфармацыя была загружана карыстальнікам на дадзенай старонцы. Напрыклад, калі гэта артыкул, то напрыканцы можна прадаставіць спасылкі на артыкулы падобнай тэматыкі, размешчаныя ў парадку ўбывання рэлевантнасці адносна пэўнай тэмы. Для электроннай крамы гэта могуць быць спасылкі на спіс найбольш папулярных тавараў у пэўнай катэгорыі, спасылкі на аксесуары або тавары-спадарожнікі, спасылкі на тавары той жа катэгорыі, але іншых вытворцаў і г.д.

URL-адрас як элемент навігацыі
 
URL-адрас сайта можа быць зручны для карыстальнікаў, калі назвы каталогаў і файлаў з’яўляюцца інфармацыйнымі. Напрыклад: www.macromedia.com/software/dreamweaver/tutorial/links.html

Відавочна, што па дадзеным адрасе знаходзіцца старонка навучальнага дапаможніка па візуальным HTML-рэдакторы Dreamweaver ад фірмы Macromedia, які прысвечаны працы са спасылкамі.

Акрамя дадатковай крыніцы інфармацыі па структуры сайта, URL можа выкарыстоўвацца для хуткага пераходу да патрэбнай старонкі шляхам скарачэння адраса. Напрыклад, выдаліўшы частку адраса да раздзела software, можна патрапіць на старонку, якая прадстаўляе праграмнае забеспячэнне кампаніі Macromedia.

Калі ў URL-адрасе выкарыстоўваецца пранумераваныя старонкі або падкаталогі, напрыклад,  «page_1», то змяніўшы лічбу, можна хутка перайсці на патрэбную старонку. Такім чынам, выкарыстанне простага і лагічнага струтураванага URL-адраса – гэта яшчэ адзін са спосабаў палегчыць навігацыю па сайце.

Многія старонкі ўтрымліваюць знешнія спасылкі, па якіх адбываецца пераход на іншыя сайты. Такім чынам, рэалізуецца базавая філасофія Сусветнага павуціння, якая заключаецца ва ўзаемазвязанасці рэсурсаў аднаго з адным. Звычайна знешнія і ўнутраныя спасылкі не адрозніваюцца па афармленні. Рэкамендуецца вылучаць спасылкі, якія выводзяць на іншы рэсурс, напрыклад, размясціўшы побач са спасылкай якую-небудзь графічную значку.
 
Асноўнае спрэчнае пытанне адносна знешніх спасылак заключаецца ў тым, у якім акне адлюстроўваць іх змест. Шмат хто лічыць адкрыццё знешняй спасылкі ў новым акне дрэнным тонам, думаючы, што калі рэсурс варты ўвагі, то карыстальнік на яго ўсё адно вернецца. Я прытрымліваюся іншага меркавання і думаю, што працэс навігацыі па сайце, як і працэс асэнсавання і засваення адлюстраванай на ім інфармацыі, не павінен перерывацца пераходам на іншыя рэсурсы. А гэта і ёсць самы бяскрыўдны спосаб утрымаць наведвальніка на сайце, дзейнічаючы згодна з правілам: новаму сайту – новае акно.
 
Пры наводцы на знешнюю спасылку ў радку статуса павінны выводзіцца адрас адпаведнага рэсурса, дзякуючы чаму карыстальнік можа атрымаць пэўную карысную інфармацыю. Калі спасылка вядзе на файл, напрыклад, для пампавання, неабходна абавязкова ўказваць яго памер.
 
Тэкставая спасылка як элемент навігацыі

Спасылкі не павінны супадаць па афармленні з асноўным тэкстам. Калі ў тэксце выкарыстоўваюцца падкрэсліванні і спасылкі з такім жа афармленнем, то выявіць каманду гіпертэкставага пераходу можна толькі старанна павадзіўшы па тэксце указальнікам мышы. Т.ч., нават калі на сайце не выкарыстоўваецца падкрэсліванне спасылак, вылучаць такім чынам тэкст, каб прыцягнуць да яго ўвагу, не рэкамендуецца, так як многія карыстальнікі прывыклі успрымаць падкрэсліванне на  web-старонках згодна з іх першапачатковым прызначэннем.
 
Навігацыйныя элементы сайта павінны быць лёгка пазнавальнымі. Вочы карыстальніка павінны адназначна вылучаць іх сярод іншых элементаў старонкі. Якаб Нільсан (www.useit.com) да гэтага часу настойліва рэкамендуе выкарыстоўваць для афармлення спасылак класічны, але ўжо проста маральна састарэлы стандарт з блакітным колерам і падкрэсліваннем. Гэтае пытанне вельмі спрэчнае, і неадназначнай рэкамендацыі тут быць не можа. Аднак у наша стагоддзе практычна неабмежаваных здольнасцей па наладцы знешняга выгляду элементаў старонкі пры дапамозе CSS цяжка пагадзіцца з мэтрам, а можна проста сказаць, што гэта не модна.
 
Акрамя гэтага, фізіёлагі сцвярджаюць, што ўспрыняцце блакітнага колеру вокам чалавека абмежавана малой колькасцю рэцэптараў. Па іх меркаванні, ступень чытальнасці блакітнага колеру, які ўспрымаецца з экрана манітора, дастаткова нізкая ў параўнанні з іншымі колерамі.

Выбар колеру для наведаны спасылак не такі актуальны, як для актыўных спасылак. Тут галоўнае, каб карыстальнік адназначна ідэнтыфікаваў ужо наведаныя рэсурсы. Для «адпрацаваных» спасылак можна выкарыстоўваць менш насычаны колер, чым для актыўных або колер больш блізкі да колеру асноўнага тэксту або нават фону старонкі.

Такім чынам, праектаванне навігацыі з’яўляецца адным з найважнейшых момантаў пры распрацоўцы сайта, які павінен задавальняць патрабаванням юзабіліці. Калі навігацыя сайта не лагічна як па структуры, так і па афармленні, то асноўным спосабам арыентацыі на сайце будзе метад тыку, які абсалютна недарэчны ў такой дынамічнай сферы, як інтэрнэт. Пры гэтым будзе парушацца асноўная ўмова працы з сайтам – аператыўнае атрыманне інфармацыі пры мінімуме затрат часу і рэсурсаў.

x