Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

Аптымальнае размяшчэнне ключавых словаў

Таццяна Зуёнак
У папярэднім артыкуле «Выбар ключавых слоў для сайта» мы ўпэўніліся ў важнасці падбору ключавых слоў і зрабілі вывад пра тое, што калі першапачаткова будуць выбраны няправільныя ключавыя словы або словы, па якіх аналагічныя рэсурсы ніхто не шукае, то ўсе наступныя намаганні па аптымізацыі могуць аказацца марнымі. Мэтавая аўдыторыя не патрапіць на сайт, а эфект ад высокага размяшчэння рэсурсу ў пошукавай сістэме будзе нулявым.

Сёння мы разгледзім метады аптымальнага пазіцыянавання ключавых слоў на старонках. Мэта правільнага размяшчэння слоў заключаецца ў выбары спосабу іх уключэння на старонку, які павялічвае яе рэлевантнасць па запыту карыстальніка.

Рэлевантнасць – гэта ацэнка старонкі, якая разлічваецца кожнай машынай пошуку згодна са спецыяльным алгарытмам. Рэлевантнасць вызначае, наколькі інфармацыя ў HTML-дакуменце адпавядае запыту карыстальніка, які ажыццяўляе пошук. Папросту кажучы, рэлевантнасць – гэта ацэнка пашукавіком, наколькі ключавыя фразы адпавядаюць тэме старонкі. Агульнае правіла такое: чым большая рэлевантнасць ключавога слова, тым вышэйшая пазіцыя старонкі ў выніках, выдадзеных машынай пошуку. Зараз паміж пашукавікамі вядзецца дастаткова жорсткая канкурэнцыя, таму, каб выдаваць адказы, найбольш рэлевантныя запытам карыстальнікаў, яны пастаянна ўдасканальваюць і ўскладняюць алгарытмы пошуку. Акрамя таго, пазіцыя старонкі ў выніках пошуку залежыць ад частаты выкарыстаня ключавых слоў.

Разгледзім месцы, размяшчэнне ключавых слоў у якіх прывядзе да павышэння эфектыўнасці аптымізацыі старонкі пад пошукавыя машыны:
1. тэг Title загалоўка старонкі;
2. тэг Description апісання старонкі;
3. тэг Keywords ключавых слоў;
4. Тэгі загалоўкаў (Н1, …);
5. тэксты спасылак;
6. Змест старонкі;
7. тэг Alt альтэрнатыўнага тэксту;
8. Каментары і г.д.

Калі ключавыя словы напісаны на англійскай мове, то таксама эфектыўным будзе размяшчэнне іх у адрасах URL, назвах малюнкаў і імёнаў даменаў.

Разгледзім стратэгічна важныя аб’екты аптымізацыі больш падрабязна. Найбольш «паважаным» пошукавымі сістэмамі ў HTML-кодзе старонкі з’яўляецца тэг Title, на пачатку якога абавязкова павінна быць ключавая фраза. Аптымізацыя зместу старонкі без правільнага падбору яе загалоўка часта становіцца мала эфектыўнай. Пошукавыя сістэмы ў выніку пошуку па запыту выкарыстоўваюць тэг загалоўка старонкі для афармлення спасылкі на сайт. Словы ў загалоўку маюць вялікае значэнне ў павукоў пошукавых машын, а таксама ў сістэмах індэксацыі ў каталогах, што можа сур’ёзна павысіць рэйтынг старонкі. Такім чынам, правільна зроблены загаловак – палова поспеху. Ключавыя словы ўпісваюць у загаловак згодна з наступным прынцыпам. У дадатак да ключавога слова або фразы ўстаўляюць і іншыя словы з улікам, што на адно ключавое слова або фразу з 2 слоў даўжыня загалоўка павінна быць 3 – 5 слоў.

Тэг Description уяўляе сабой кароткае апісанне зместу старонкі, якое атрымлівае карыстальнік у выніках, якія выдае пошукавая сістэма на яго запыт. Менавіта па гэтай інфармацыі карыстальнік часцей за ўсё прымае канчатковае рашэнне, пераходзіць па спасылцы ці не. Тыя пашукавікі, якія пры разліку рэлевантнасці ўлічваюць тэг Description, надаюць асаблівую ўвагу наяўнасці ў ім ключавых слоў.

Такім чынам, тэкст тэга Description павінен быць асэнсаваным, кароткім і дакладна характарызаваць тэматыку старонкі. У тэг варта змяшчаць максімальную колькасць ключавых слоў, прычым імкнуцца скласці з іх сказы, якія б выглядалі як звязны тэкст.

Некаторыя пошукавыя сістэмы, якія не падтрымліваюць тэг Description, выводзяць ў якасці апісання старонкі кароткую анатацыю ў выглядзе 150 – 200 першых сімвалаў. Такім чынам, неабходна дасканала прадумваць тэкст, размешчаны ўверсе старонкі з пункту погляду наяўнасці ў ім ключавых слоў.

У тэг Keywords упісваюць ключавыя словы, якія прысутнічаюць у тэксце старонкі і маюць непасрэдныя адносіны да тэмы сайта. Для кожнай старонкі неабходна скласці свой уласны набор ключавых слоў, найбольш характэрны для апісваемага тэксту. У тэг не варта ўключаць службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі і г.д.), паўтараць словы 2 і больш разоў, запісваць словы ў множным ліку. Чарговасць слоў складаецца па ступені важнасці ў парадку ўбывання. Словы дастаткова аддзяліць адно ад другога прабеламі, коскі тут не патрэбныя. Словы з малой літары не трэба дубліраваць словамі з вялікай, за выключэннем абрэвіятур, асабовых імёнаў, назваў кампаній, гандлёвых марак і г.д. Звычайна паслядоўнасць ключавых слоў уключае не больш за 250 сімвалаў. Збыткоўныя сімвалы проста не ўлічваюцца сістэмамі.
 
На рэлевантнасць ключавога слова значна ўплывае частата яго выкарыстання ў тэгах, прымяняемых для вылучэння загалоўка і падзагалоўка тэксту. Аптымальным варыянтам у дадзеным выпадку будзе размяшчэнне ключавой фразы, фарматаванай як h1 або h2, на самым пачатку старонкі. Тут рэкамендуецца выкарыстоўваць толькі ключавое слова або ключавую фразу без дадавання іншых слоў.

Многія машыны зараз паступова пераўтвараюцца ў тэматычныя пашукавікі. Яны праглядаюць сайты цалкам, уключаючы змест старонкі, а таксама ўлічваюць уваходныя і сыходзячыя спасылкі. Г.зн., калі павук даследуе сайт, ён шукае спасылкі і, прапаўзаючы па іх, аналізуе і тэкст, і таксама тэматыку старонкі, на якую ажыццяўляе пераход. Калі ў тэксце спасылак выкарыстоўваюцца ключавыя фразы, то пошукавая сістэма лічыць, што спасылкі дапасуюцца да зместу старонкі, і рэлевантнасць такога дакумента павышаецца.

Наступным месцам пільнай увагі пры пазіцыянаванні ключавых слоў з’яўляецца непасрэдна тэкст старонкі. Пачынаць старонку варта з асноўнага тэксту, які змяшчае максімум ключавых слоў. Пажадана пазбягаць выкарыстання графікі на самым пачатку старонкі, т.я. яна практычна не нясе на сябе аніякай назрузкі з пункту погляду павышэння рэлевантнасці.

Выкарыстанне ў кодзе старонкі тэгаў Alt, якія змяшчаюць ключавыя словы, прымяняецца для павышэння рэйтынгу старонкі ў лісце адказаў у некаторых пошукавых сістэмах. Тэг Alt выкарыстоўваецца для адлюстравання браўзерам альтэрнатыўнага тэксту, прызначанага для малюнкаў на выпадак працы карыстальніка ў рэжыме з адключанай графікай.

Наяўнасць ключавых слоў у тэксце каментараў, у выплываючых падказках (тэг Acronym), а таксама вылучэнні іх паўтлустым шрыфтам можа, хоць і нязначна, павысіць рэйтынг старонкі.
Пры аналізе размяшчэння ключавых слоў у тэксце сайта звычайна выкарыстоўваюць такія паняцці як: вага ключавога слова, шчыльнасць і становішча на старонцы.

Вага ключавога слова – выражаныя ў працэнтах адносіны частаты выкарыстання слова да агульнай колькасці слоў на старонцы, якая індэксуецца. У агульным выпадку, павелічэнне вагі ключавога слова на старонцы вядзе да павышэння яе рэлевантнасці. Але існуе мяжа, перавышэнне якой расцэньваецца як спам і вядзе да выключэння старонкі з індэкса. Ідэальным лічыцца шчыльнасць ключавых слоў у межах 3 – 5%, але невялікія адхіленні значнай ролі не адыгрываюць. Не ўсе пошукавыя машыны ўспрымаюць значэнне вагі як крытычна важнае. Напрыклад, усімі любімы Google не надта прыдзірлівы да шчыльнасці ключавых слоў пры ўмове, што ключавая фраза дастаткова часта ўзгадваецца на старонцы. Пажадана імкнуцца да роўнасці вагі ключавога слова сваёй старонкі да значэнняў, характэрных для найбольш рэйтынгавых сайтаў, якія выкарыстоваюць такую ж ключавую фразу.

Шчыльнасць ключавога слова – гэта паказчык, які ўлічвае не толькі, колькі разоў сустракаецца ключавое слова на старонцы, але і як часта яно выкарыстоўваецца ў пэўным аб’ёме тэксту. «Перабор» па шчыльнасці можа быць разгледжаны пошукавай сістэмай як парушэнне правіл аптымізацыі, і старонка можа быць выключана з індэксу.

Становішча ключавога слова на старонцы ўлічвае, як блізка да пачатку старонкі знаходзіцца зададзенае слова. Як правіла, чым бліжэй да пачатку сустракаецца слова запыту, тым вышэйшая рэлевантнасць старонкі па дадзеным слове. Звычайна размяшчаюць ключавыя словы на самым пачатку старонкі, згадваюць іх яшчэ раз у першых абзацах, а таксама раўнамерна рассейваюць астатнія словы па ўсёй старонцы.

Калі пад рукой няма праграм, якія могуць прааналізаваць частату ключавых слоў, то для гэтага можна выкарыстоўваць магчымасці MS Word. Пры дапамозе буфера абмену трэба змясціць бачны тэкст старонкі ў дакумент і, выкарыстоўваючы опцыю Сэрвіс/Статыстыка, даведацца пра агульную колькасць слоў на старонцы. Далей неабходна скарыстаць каманду пошуку з заменай (Праўка/Замяніць), змясціўшы ключавую фразу ў абодва радкі – і пошуку, і замены. Пры гэтым будзе паведамлены агульны лік выкананых замен фразы. Зараз варта ўзяць колькасць замен і падзяліць на агульны лік слоў, вызначыўшы такім чынам вагу ключавой фразы. Кожная машына пошуку аддае перавагу разнастайным параметрам вагі ключавых фрах. Аднак лічыцца, што аптымальная вага ключавой фразы, разлічанай па адлюстраваным тэксце, павінна знаходзіцца ў межах 3 – 5%.

Т.ч. пры правядзенні аптымізацыі старонкі неабходна асаблівую ўвагу аддаваць не толькі на падбор правільных ключавых слоў, але і эфектыўнаму пазіцыянаванню іх на старонках сайта. Пры гэтым пажадана выкарыстоўваць патэнцыйныя магчымасці ўсіх элементаў, разгледжаных у гэтым артыкуле, кожны з якіх уносіць свій уклад у павышэнне рэлевантнасці старонкі.

x