Група кампаній Webcom Media: Мінск, вул. Скрыганава, 6а, 4 паверх.

Аптымізацыя сайта пад пошукавыя сістэмы як фактар паспяховасці бізнесу

Таццяна Зуёнак
Раскрутка сайта ў інтэрнэце (можна чытаць як прасоўванне імя кампаніі, яе прадукцыі) – гэта мастацтва выкарыстання алгарытмаў працы пошукавых сістэм для атрымання прыбытку. Добра раскручаны рэсурс сёння стаў неад’емнай дэталлю паспяховай фірмы.

Кампаніі, якія толькі пачынаюць аналізаваць эфектыўнасць сайта як інструмента бізнесу, зрэдку не могуць зразумець, чаму якасны сайт, выкананы на прафесійным узроўні, «не працуе», г.зн. не прыносіць прыбытку. Пытанне гэтае даводзіцца чуць дастаткова часта, таму хацелася б сцісла выкласці сутнасць праблемы і яе вырашэння.
Аптымізацыя сайта пад пошукавыя сістэмы – адзін з найбольш малавыдаткавых і адначасова эфектыўных спосабаў прасоўвання рэсурса ў інтэрнэце. Аднак большасць кампаній практычна не займаецца ёю, губляючы пры гэтым мэтавых наведвальнікаў, якія маглі б стаць патэнцыйнымі кліентамі або пакупнікамі. На дадзены момант усім уладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў, асабліва камерцыйнага характару, неабходна прыняць аптымізацыю сайта як абавязковы крок на шляху да поспеху.

Прайшоў час, калі прадпрыемствы і фірмы лічылі добрым тонам мець сваё прадстаўніцтва ў інтэрнэце. Зараз недастаткова мець сайт, трэба мець эфектыўны сайт. Бізнес прыняў магчымасці інтэрнэту як малавыдаткавага інструмента па атрыманні дадатковага прыбытку. Дык чаму вы павінны губляць гэтую магчымасць і чакаць, калі рэсурс канкурэнта выйдзе на першыя пазіцыі?

Трапіўшы ў Сетку, трэба ні на хвіліну не забывацца на адну простую ісціну: «Канкурэнт знаходзіцца на адлегласці двух пстрычак мышы». Такім чынам, аксіёму сённяшняга дня можна сфармуляваць так: якасная аптымізацыя сайта патрэбна, і хопіць пра гэта спрачацца – трэба дзейнічаць, і як мага хутчэй. Будзьце ўпэўнены, што ваш канкурэнт ужо чытаў/чытае/заўтра прачытае гэты артыкул і распачне дзеянні па аптымізацыі свайго сайта ў бліжэйшы час.
 
Ітак, чаму аптымізацыя пад пошукавыя сістэмы неабходна:
1. Больш за 80% наведвальнікаў сайта прыходзяць з пошукавых сістэм.
2. 9 з 10 тых, хто прыйшоў на сайт з пошукавых сістэм, – мэтавыя наведвальнікі.
3. Выдаткі на комплексную аптымізацыю можна супаставіць з выдаткамі на іншыя віды прасоўвання. Аднак якасная аптымізацыя сайта значна выйграе ў адносінах выдаткі/вынікі/працягласць эфекту.

Калі чалавеку патрэбна пэўная інфармацыя, то лепшага памочніка за радок пошуку не знайсці. Карыстальнік уводзіць слова або словазлучэнне, якія адлюстроўваюць сутнасць пытання, а ў адказ атрымлівае велізарную колькасць спасылак па гэтай тэме. Напрыклад, калі карыстальнік даў запыт на пошук прадаўцоў якой-небудзь прадукцыі і атрымаў спіс з 2000 спасылак, у якім адрас вашага рэсурсу знаходзіцца недзе на тысячнай пазіцыі, то верагоднасць пераходу на яго вельмі нізкая. Большасць карыстальнікаў не заходзяць далей за 2 – 3 старонку вынікаў пошуку, таму размяшчэнне сайта на першых пазіцыях або ў першай дзесятцы па ключавых запытах – абавязковая ўмова паспяховасці рэсурса. Такім чынам, найбольш эфектыўны і найменш затратны шлях для онлайнавага прасоўвання вашага сайта ляжыць праз асноўныя машыны пошуку.

Для правядзення якаснай аптымізацыі сайта трэба разумець прынцыпы работы пошукавых сістэм і каталогаў, што дазволіць выпрацаваць стратэгію аптымальнага карыстання іх магчымасцямі. Асноўнае адрозненне пошукавых сістэм ад каталогаў заключаецца ў тым, што пры індэксацыі старонак яны выкарыстоўваюць спайдэраў. Спайдэры (ад англ. Слова «spider» - павук) – гэта складаныя шматфункцыянальныя праграмы, якія перыядычна робяць «вылазкі» ў Сетку. Яны знаходзяць новыя або змененыя старонкі і індэксуюць іх, г.зн. заносяць у базу дадзеных, якая пасля выкарыстоўваецца для фарміравання вынікаў пошуку на запыт карыстальніка. Спайдэр знаходзіць на сайце спасылкі, якімі старонкі звязаны паміж сабой, і «прапаўзаючы« па іх (г.зн. пераходзячы), фіксуе адпаведныя старонкі ў базе дадзеных. Пры звароце карыстальніка да пошукавай сістэмы з адпаведным запытаннем з базы дадзеных абіраюцца адрасы рэлевантных старонак.

У каталогах рэлевантнасць сайта ацэньваюць жывыя людзі (мадэратары), якія размяркоўваюць рэсурсы па тэматычных раздзелах, а таксама не дапушчаюць выкарыстання забароненых метадаў аптымізацыі. Пры запыце карыстальніка пошукавая машына каталога разлічвае рэлевантнасць, таксама як і машына пошукавай сістэмы, але ўжо з улікам ацэнак, дадзеных сайту мадэратарам.

Шмат якія кампаніі мараць бачыць свой сайт на першых пазіцыях у найбольш папулярных пашукавіках. Пяцёрка рэсурсаў, за высокі рэйтынг у якіх варта пазмагацца, такая:
Yandex – 46.0%
Rambler – 25.7%
Google – 16.5%
Search.Mail.ru – 4.6%
Aport – 3.5%

Працэнтныя паказчыкі адлюстроўваюць статыстыку пераходаў з адпаведных рэсурсаў. З іх першыя 2 з’яўляюцца абсалютнымі лідарамі. Уладальнікаў сайтаў у беларускай частцы інтэрнету, якія плануюць правядзенне аптымізацыі, не павінен бянтэжыць той факт, што ў гэтым рэйтынгу прадстаўлены толькі пошукавыя сістэмы Рунета. Справа ў тым, што беларускія пошукавыя рэсурсы не валодаюць пакуль тымі здольнасцямі, якія б задаволілі карыстальнікаў з пункту погляду рэлевантнасці выдадзенай інфармацыі або яе аб’ёму. Але гэта зусім не азначае, што сайт нельга рэгістраваць у пашукавіках Байнету. Наадварот, гэта патрэбна рабіць абавязкова. Як паказвае практыка, вывад рэсурсу на першыя пазіцыі асноўных каталогаў Рунета, прыводзіць да паляпшэння рэйтынгу сайта і ў менш значных, т.я. алгарытм усіх пошукавых сістэм прыкладна ідэнтычны.

Аптымальным варыянтам з’яўляецца рэгістрацыя ў пошукавых сістэмах і каталогах ужо аптымізаванага сайта. Аднак большасць уладальнікаў рэсурсаў пачынаюць усведамляць важнасць аптымізацыі толькі тады, калі поўнасцю расчаруюцца ў эфектыўнасці сайта як інструмента павелічэння прыбытку. Такім чынам, калі Вы проста зарэгістравалі сайт без яго аптымізацыі, то лічыце, што вы проста выканалі фармальнасць і пра рэзкае павялічэнне мэтавай аўдыторыі не можа быць і гаворкі.

На рэйтынг, выстаўлены пошукавай сістэмай вашаму сайту, уплывае мноства фактараў. Большасць з іх паддаюцца ацэнцы і кіраванню з боку распрацоўшчыка або прамоўтэра рэсурса пры правядзенні аптымізацыі, якая ўтрымлівае:
 
  • даследаванне і падбор ключавых слоў/фраз, характэрных для тэматыкі сайта;
  • карэкцыя зместу старонак;
  • аптымізацыя мета-тэгаў;
  • паляпшэнне структуры старонкі і сайта ўцэлым.
 
Далей ідзе ручная рэгістрацыя ў асноўных пошукавых сістэмах і каталогах, а таксама платная рэгістрацыя на некаторых рэсурсах.

На ацэнку сайта пошукавай сістэмай уплываюць дзесяткі разнастайных фактараў, пачынаючы з дамена і заканчваючы якасцю каналаў сувязі. Пералічым асноўныя з іх, што ўплываюць на рэлевантнасць HTML-дакументаў:
  • наяўнасць ключавых слоў у тэгах, alt і г.д.
  • файл robots.txt (або яго адсутнасць).
  • якасць і аб’ём тэксту на старонках.
  • адпаведнасць тэматыцы старонкі заяўленым ключавым словам.
  • арганізацыя ўнутраных спасылак.
  • колькасць і якасць спасланых сайтаў.
  • наяўнасць ключавых слоў у знешніх спасылках сайта і інш.

Да вельмі важных фактараў, якія, аднак,  не паддаюцца кіраванню аптымізатара, адносяцца:
 
  • узровень канкурэнцыі па абранай тэматыцы.
  • якасць рэсурсаў па абранай тэматыцы.
  • запатрабаванасць абранай тэматыкі.

Дастаткова часта тыя, хто толькі што распачаў працэс аптымізацыі сваіх рэсурсаў, выконваюць адаптацыю пад пошукавыя сістэмы толькі саміх старонак. Так, калісьці гэтага было дастаткова. Аднак пошукавыя сістэмы няспынна карэктуюць алгарытмы разліку рэлевантнасці, але не для таго, каб ускладаніць працу аптымізатараў (у іх усё адно атрымаецца разабрацца з новымі правіламі), а каб павысіць якасць пошуку інфармацыі. Апошнім часам пашукавікі ўсё больш увагі надаюць знешнім фактарам, напрыклад, якасці спасылак на старонку з аўтарытэтных сайтаў па дадзенай тэматыцы. Таксама ўлічваецца аб’ём інфармацыі, размешчанай на сайце, структура старонак і сайта ў цэлым. Павелічэнне канкурэнтаздольнасці праэкта дасягае ў выніку вылучэння і ўзмацнення галоўнай тэмы і павышэння яе рэлевантнасці.

Аднак варта памятаць, што аптымізацыя рэсурса – гэта не самамэта, а сродак дасягнення мэты. Аптымізаваўшы сайт, вы павялічыце ўзровень наведвання сайта, што прывядзе да росту аб’ёму продажу, пазнавальнасці брэнда кампаніі. Ды  і проста іміджавае ўздзеянне будзе дзейнічаць на вашу карысць. Не трэба забываць, што сайт павінен развівацца гарманічна, г.зн, высокім пазіцыям у выніку пошуку павінен адпавядаць якасны дызайн, змястоўны тэматычны кантэнт, высокі ўзровень юзабіліці сайта.

Аптымізацыя – гэта працэс, эфектыўнасць якога нельга ацаніць адразу. Першыя вынікі з’яўляюцца прыкладна праз месяц – гэта сярэдні час, які патрабуецца пошукавай сістэме для поўнай індэксацыі сайта і ўнясення яго ў базу дадзеных.
Не забывайце, што аптымізацыя для пашукавікоў – гэта толькі драбінка ў прасоўванні вашага сайта. У дадатак да яе трэба выкарыстоўваць і іншыя метады прасоўвання: банэрную рэкламу, кантэксную рэкламу, публікацыі на сайце тэматычных артыкулаў, арганізацыю конкурсаў, партнёрскія праграмы, прадастаўленне карысных сэрвісаў і інш.

x